Отключат ли отопление в домах из-за теплой погоды?

Батарэi на паўзе

Восень — залатая пара, якую апявалі, напэўна, усе класікі сусветнай літаратуры, нас пакуль песціць: радуе сонейкам і цяплом. Карэспандэнт «Р» высветліла, якое надвор’е нас чакае ў бліжэйшыя дні і ці плануюць адключаць ацяпленне з-за высокай тэмпературы за акном.

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА

У рэдакцыю «Р» паступіла нямала званкоў — многія наракаюць, што ў іх кватэрах занадта цёпла. А што на гэта адкажуць камунальнікі? У прэс-службе Міністэрства ЖКГ патлумачылі, што гэтым пытаннем займаюцца на месцах — у гарвыканкамах і аблвыканкамах.

— У Мінску адключаць ацяпленне з-за добрага надвор’я не будуць, але жылыя дамы перавядуць на рэжым прапальвання, — распавялі ў Мінгарвыканкаме. — У радыятары пададуць гарачую ваду меншай тэмпературы і пад нізкім ціскам. Гэта дазволіць эканоміць цяпло, а ў выпадку пахаладання — хутка перавесці сістэму ў працоўны рэжым.

У КВУП «Гомельская гарадская ЖКГ» і УКВП «Віцебская гарадская ЖКГ» паведамілі, што ўказанняў адключаць ацяпленне не было. А ў Гродзенскім, Брэсцкім і Магілёўскім гарвыканкамах распавялі, што жылыя дамы ўжо пераводзяць на рэжым прапальвання.

Святлана Рыбакова, сіноптык Белгідрамета, пракаменціравала, што нас чакае на выхадных і ў першай палове наступнага тыдня.

Фота Таццяны СТАЛЯРОВАЙ

— Надвор’е ў гэты час будзе вызначаць антыцыклон. Дажджоў не прадбачыцца, але ўначы і раніцай у гэты перыяд месцамі па краіне чакаецца туман. Асноўная тэмпература паветра ноччу +3... 9 °C, дзесьці можа знізіцца да 0... +2 °C. А днём сёння і да серады захаваецца тэмпература +14... 20 °C. Наогул, гэты год унікальны — мы радаваліся спякотнаму лету і яшчэ ў верасні лавілі ягоныя водгукі. Потым надвор’е крыху сапсавалася, ішлі дажджы, але з 9 кастрычніка зноў сонца.

Дарэчы, верасень стаў самым цёплым у Беларусі за апошнія 74 гады. Сярэдняя месячная тэмпература паветра склала 13... 16,5 градуса цяпла, што на 2—

3,5 градуса вышэй за кліматычную норму. Тэмпературны максімум +30,2 °C зарэгістраваны 4 верасня на метэастанцыях «Кастрычнік» (Гомельская вобласць) і «Пінск». Дажджы ў верасні былі пераважна кароткачасовымі і часцей за ўсё адзначаліся ў трэцяй дэкадзе месяца. У цэлым за месяц на большай частцы тэрыторыі краіны выпала месячная норма ападкаў — 44—78 мм.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter