Батальёны прасiлi агню

Франтавы лінейны сувязіст Сяргей Рабец у прамым сэнсе праз свае рукі прапускаў кіраванне боем
ГАРОТНАЕ дзяцінства, абпаленую вайной маладосць, руплівыя пасляваенныя гады і шчаслівую старасць падараваў лёс былому ваеннаму лінейнаму сувязісту, а ў мірны час вядомаму на Брэстчыне педагогу, настаўніку беларускай мовы і літаратуры, а потым і загадчыку Іванаўскага раённага аддзела адукацыі Сяргею Васільевічу РАБЦУ. Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі над нямецка-фашысцкай Германіяй яму споўніцца дзевяноста гадоў. Баявыя заслугі франтавіка адзначаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медалём “За адвагу”. Пашчасціла яму на трывалы і доўгі сямейны саюз з жонкай Лідзіяй Навумаўнай, якой за шматгадовую старанную працу прысвоена ганаровае званне “Заслужаны ўрач Беларусі”. 



ЗА ПОШУКАМ свайго шчасця адправіўся стагоддзе таму параходам у далёкую Амерыку сялянскі хлапчына Васіль Рабец. Амаль праз месяц ўбачылі пасажыры парахода амерыканскі бераг. Маладых еўрапейскіх парабкаў тут жа на прыстані разабралі гаспадары-капіталісты. 

Васіль з сябрамі ўладкаваўся на завод, на якім выраблялі дэталі да паравозаў. Асвоіў станок па вытачцы чыгуначных колаў і стаў няблага зарабляць. Грошы адкладваў, каб здзейсніць запаветную мару — набыцць зямлю на Белавежжы, дзе чакалі яго вяртання родныя. З газет даведаўся, што на радзіме ўспыхнула вайна. У пісьмах дамоў цікавіўся развіццём ваенных падзей у родных мясцінах, дзе засталіся два браты і састарэлыя бацькі. Кожнае пісьмо ад родных поўнілася самымі разнастайнымі паведамленнямі. Першая сусветная імперыялістычная вайна закончылася рэвалюцыйнымі хваляваннямі ў Петраградзе. Амерыканскія ўлады маладых расійскіх эмігрантаў адправілі параходам у ахоплены кастрычніцкімі падзеямі Петраград, дзе іх узброілі супраць маладой савецкай улады. Днямі ўзброеныя гуртаванні эмігрантаў стаялі на прамёрзлых подступах да расійскай сталіцы. Прастудныя хваробы касілі моладзь. На тыф захварэў і Васіль Рабец і трапіў у ваенны шпіталь.

Як толькі пачаў крыху выздараўліваць, употайкі пешшу падаўся ў роднае Белавежжа. На суседнім хутары за гады яго вандравання па свеце расцвітала дзяўчына з прыгожай касою. Працавітая, старанная хутаранка Паўлінка запаланіла сэрца Васіля. Пасваталіся і ў мясаед павянчаліся ў пружанскім храме святога Аляксандра Неўскага. Набылі невялікую хаціну ў вёсцы Якавічы, што побач з Пружанамі. Маладая сям’я павялічвалася, нараджаліся дзеці. На жыццё гаспадар зарабляў цяслярніцтвам. 

— У нашым доме заўжды пахла свежай смалістай стружкай, — узгадвае сваё дзяцінства Сяргей Васільевіч. — Мы яшчэ спалі, а бацька ўжо ўвіхаўся каля свайго станка. І мяне вучыў габляваць дошкі, правільна вымяраць дэталі будучага зэдліка ці рамкі. Дзякуючы бацькавым рукам жылі мы нябедна. 

— Дзяцінства ваша прайшло ў вёсцы. А школа там была?

— Я пачынаў сваю адукацыю ў Якавіцкай пачатковай школе. У час летніх канікулаў бацькі купілі невялікую хатку ў Пружанах, туды і перабраліся. А ўвосень я пайшоў у другі клас пружанскай школы, дзе была вельмі строгая настаўніца. Яна вучыла дзяцей яшчэ ў царскія часы, размаўляла на польскай мове, якую я дрэнна разумеў. 

— Які прадмет у польскай школе быў самы цікавы?

— Захапіўся польскай мовай і літаратурай. Яны для мяне былі абсалютна невядомымі. Дома мы размаўлялі па-свойму. А тут усё новае, невядомае. З вялікім захапленнем чытаў у арыгінале творы Адама Міцкевіча, асабліва яго паэму “Пан Тадэвуш”, урыўкі з якой на польскай мове дагэтуль памятаю. 

Закончыў шэсць класаў польскай школы перад самай вайной. За бацькам пасля яго вяртання з Амерыкі і ўдзел у петраградскіх падзеях польскія ўлады прыставілі сышчыка. Штодзённа шнарыў ён па вуліцы Балотнай, круціўся каля нашай хаты, а бацька нямоглы ўжо не ўставаў з ложка. Усе гаспадарчыя клопаты ў дванаццаць гадоў ляглі на мяне. 

Радасці было не ўняць, калі асеннім сонечным днём у Пружаны прыйшлі чырвонаармейцы і аб’явілі, што на нашай тэрыторыі ўжо савецкая ўлада. Бацька гэтага дня не дачакаўся… Сярод насельніцтва панавала ажыўленне. Вайсковыя калоны ва вуліцах пешшу крочылі далей на захад. На полі мы капалі бульбу. Кінулі працу і пабеглі сустракаць ваенных. А пазней пачаліся заняткі ў школе на рускай мове. Нас пасля шостага класа вярнулі ў пяты. Руская мова спачатку давалася цяжкавата, але стараўся і хутка засвоіў яе. Два гады павучыліся ў рускамоўнай школе. На чарговых летніх канікулах мы з сябрамі ўладкаваліся на будоўлю двухпавярховага драўлянага дома ў Пружанах. Тынкавалі мохам вянцы зруба. 

Пранёсся слых, што ў нядзелю пачнуцца ваенныя манёўры. Навокал у лясах стаялі вайсковыя фарміраванні. Пачаліся гэтыя манёўры ўвечары перад нядзеляй. Раніцай прачнуўся ад паху дыму. На вуліцы пачуў ад людзей, што пачалася вайна. Страшэнная вестка бянтэжыла ўсіх. Пабег на сваю будоўлю забраць інструмент. Склад стаяў ужо разбомблены. На ваенным аэрадроме за горадам засталіся некалькі разабраных для рамонту самалётаў. Байцы 33 знішчальнага авіяпалка ў першы дзень вайны збілі пяць нямецкіх бомбардзіроўшчыкаў. У навакольных пушчах пачалі збірацца народныя мсціўцы, і неўзабаве арганізаваўся падпольны антыфашысцкі камітэт. Пазней у нашых мясцінах дзейнічаў падпольны Пружанскі райкам партыі.

— А як ваша мясцовая моладзь у гады нямецка-фашысцкай акупацыі змагалася з ворагам? 

— Праз некалькі дзён пасля аб’яўлення вайны па вуліцах Пружан грухаталі нямецкія танкі. Калоны рухаліся ў напрамку Слоніма. Пачаліся гады варожай акупацыі. Моладзь сталі адпраўляць на працу ў Германію. Некаторыя падаліся ў партызанскія атрады. Шаснаццацігадовым мне ўдалося ўладкавацца на працу ў цяслярны цэх прыватнага гаспадара Маркевіча. Ён употайкі дапамагаў партызанам харчамі і вопраткай. 

Працавалі ў Маркевіча да лета 1944 года, пакуль байцы Чырвонай Арміі не вызвалілі нашы мясціны ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. Адразу аднавіў дзейнасць Пружанскі райваенкамат. Мяне прызвалі на службу ў армію. У Брэсце прызначылі ў артылерысты і адправілі на вучэбныя курсы ў Бабруйск, дзе два месяцы вучылі страляць з мінамётаў. У нашу вучэбку прыехаў капітан з Мінска, каб адабраць службоўцаў у сувязісты. Разам з капітанам адправіліся ў знішчаны да шчэнту Мінск. Месяц вучыўцся на лінейнага сувязіста, пасля чаго трымалі шлях на вызваленую тэрыторыю Польшчы, у невялікае мястэчка Астралэнка, што каля Беластока. Адтуль пераехалі ў Замброва і Сувалкі, дзе сярод густога лесу зладзілі зямлянкі. На пачатку зімы 1944 года нас перакінулі на лінію фронту ва Усходнюю Прусію.

Увесь студзень перасоўваліся на захад. За суткі пераадольвалі да сямідзесяці кіламетраў. Жорсткія баі грымелі на подступах да Кёнігсберга. У час такіх баталій пад няспынным кулямётным агнём падтрымлівалі лінейную сувязь. Збоку за папругай трымаў востры нож, якім агольваў дрот і імгненна скручваў правады, каб не перарывалася сувязь. Ляцеў з катушкай за плячыма ў другі бок, і так пакуль не заціхаў бой. 

На полі бою адказваў за правадную сувязь камандзіраў палка і батальёна. Побач тры радысты засякалі, адкуль ляцелі снарады. Ноч, цемра, толькі кулі свішчуць і выбухі снарадаў. У свежых варонках укрываўся ад куль. Бывалі моманты, што дроту не хапала для злучэння, тады і шапку зрываў з галавы, каб адзначыць адзін канец провада, а сам поўз па снезе і рукой шукаў другі канец. 

— Кожнае імгненне магло стаць апошнім…

— Пра гэта нават і не думалася. Страх адступаў перад адказнасцю. Аднойчы моцна секанула па нагах . Мне падалося, што іх няма... Ледзьве дапоўз з поля бою да штаба батальёна. Па тэлефоннай сувязі імгненна перадалі пра маё раненне асколкамі міны ў правую нагу. 

Аперацыю рабілі без наркозу. З ваеннага палявога шпіталя мяне перавезлі ў прускі гарадок Аленштэль, дзе толькі праз два месяцы з нагі змаглі дастаць апошні асколак. У шпіталі быў спецыяльны пакой для афіцэраў. Я ўжо мог хадзіць і нават дзяжурыў. Змяркалася, і крыху прылёг у афіцэрскім пакоі. Скрозь дрымоту пачуў страляніну. Ускочыў і хутчэй на двор, дзе ўбачыў, што страляюць уверх і крычаць: “Перамога!” Радасці не было канца. На адным са шпітальных ложкаў ляжаў цяжка паранены афіцэр, і як пачуў гэтую страляніну, дастаў пісталет і, думаючы, што ўварваліся ворагі, крычаў, што жывым не здасца. Так у шпіталі віталі перамогу. 

ПАСЛЯ заканчэння вайны вярнуўся Сяргей Рабец ў родныя мясціны, закончыў Пружанскае педагагічнае вучылішча. Настаўнічаў у пачатковай школе аддаленай вёскі Нівераў Мох, што каля Ружанскай пушчы. Адтуль пераехаў у пружанскую вёску Шыні, дзе пазнаёміўся з выпускніцай Мінскага медыцынскага інстытута Лідзіяй Карлач, якая наведвала бацькоў на суседнім хутары Канаршчына. Вяселля не ладзілі, а зарэгістравалі ў сельсавеце шлюб. Маладой сям’і давялося крыху павандраваць па вёсках Брэстчыны, пакуль не спыніліся ў раённым цэнтры Іванава, дзе пабудавалі дом. Сяргей Васільевіч завочна закончыў Брэсцкі настаўніцкі інстытут і філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Працаваў завучам у сярэдняй школе райцэнтра, загадчыкам раённага аддзела адукацыі, а Лідзія Навумаўна лячыла пацыентаў у Іванаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Выхавалі дачку Людмілу і сына Васіля. Дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, і ўжо падрастаюць унукі — Ягорка і Волечка.

Уладзiмiр СУБАТ

Іванаўскі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter