Басейн «Малютка» і вяслярная база

ПАЛЕСКІ рэгіён здаўна славіцца вялікімі сялянскімі сем’ямі. Асабліва багаты на іх столінскія Альшаны, Вялікае Маляшава, Рубель, Кароцічы, Сямігосцічы. Дзяржава іх падтрымлівае, толькі ў Столінскім раёне за апошнія некалькі гадоў пабудаваны тры вясковыя сярэднія школы з поўным камплектам спартыўных збудаванняў. А на пачатку гэтага навучальнага года ў райцэнтры адкрыты новы фізкультурна-спартыўны комплекс «Аквамарын», які за кароткі час узвялі будаўнікі Столінскай ПМК-24. Аснашчаны ён самым сучасным спартыўным абсталяваннем.

У Столінскім раёне новы фізкультурна-спартыўны комплекс «Аквамарын» прыцягнуў як магнітам сялян

ПАЛЕСКІ рэгіён здаўна славіцца вялікімі сялянскімі сем’ямі. Асабліва багаты на іх столінскія Альшаны, Вялікае Маляшава, Рубель, Кароцічы, Сямігосцічы. Дзяржава іх падтрымлівае, толькі ў Столінскім раёне за апошнія некалькі гадоў пабудаваны тры вясковыя сярэднія школы з поўным камплектам спартыўных збудаванняў. А на пачатку гэтага навучальнага года ў райцэнтры адкрыты новы фізкультурна-спартыўны комплекс «Аквамарын», які за кароткі час узвялі будаўнікі Столінскай ПМК-24. Аснашчаны ён самым сучасным спартыўным абсталяваннем.

Так, у плавальным басейне, які мае даўжыню 25 метраў і глыбіню два метры з шасцю дарожкамі, усталявана электроннае табло з гадзіннікам, а таксама ўказваецца тэмпературны рэжым вады і паветра. У час заплыву высвечваюцца вынікі спартсменаў па кожнай воднай дарожцы. Басейн «Малютка» прызначаны для заняткаў па навучанню плаванню малодшых дзяцей. У прасторнай спартыўнай зале можна займацца баскетболам, валейболам і міні-футболам, усталяваны розныя сучасныя спартыўныя прыстасаванні: велатрэнажоры, бегавая дарожка, штангі, розныя іншыя прылады, якія даюць магчымасць мацаваць мускулатуру.

— Нашы юныя фізкультурнікі даўно марылі аб належнай спартыўнай базе, — адзначае дырэктар Столінскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Анатоль Семянчук. — Заняткі з навучэнцамі мы праводзілі на спартыўных пляцоўках школ, каледжа, ліцэя. Гэта ўсё ўскладняла работу, а школьнікаў, якія жадаюць сур’ёзна займацца спортам, шмат. У нас склалася моцная школа па веславанні на байдарках і каноэ. І вось сёлета такі падарунак ад дзяржавы — новы, па-сучаснаму абсталяваны фізкультурна-спартыўны комплекс, дзе не толькі нашым навучэнцам можна займацца самымі рознымі відамі спорту, але і наладзіць работу па аздараўленні насельніцтва. Заняткі з юнымі спартсменамі праводзяць больш двух дзясяткаў трэнераў. Спадзяёмся, што хутка наш калектыў папоўняць спецыялісты па водных відах спорту.

— Анатоль Іванавіч, адкрыццё такога цудоўнага комплексу ажывіла спартыўную работу?

— Не толькі сярод выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, але і ў цэлым у раёне значна ўзняўся інтарэс да фізкультурна-спартыўных заняткаў. На базе адкрытага комплексу ўжо створаны і дзейнічаюць групы здароўя для людзей розных узростаў. Басейны, трэнажорныя і більярдныя залы, тэнісны корт, саўна здаюцца ў арэнду. Толькі за першы месяц дзейнасці прыбытак ад платных паслуг перасягнуў паказчыкі, якія планаваліся.

Вакол фізкультурна-спартыўнага комплексу пракладзены спецыяльныя дарожкі для аматараў ролікаў. А зімой плануем таксама выдаваць напракат канькі і лыжы. Добра, што праз дарогу размешчаны ўнікальны куточак жывой прыроды — Манькавіцкі парк. У гэтым парку з’явяцца спецыяльныя лыжныя трасы. А на рэчцы Копанец з ранняй вясны да позняй восені трэніруюцца нашы байдарачнікі. Сёлета раённыя прафсаюзы перадалі нам вяслярную базу. Закупілі восем новых лодак, абмундзіраванне для спартсменаў-лодачнікаў. Гэты від спорту ў нас таксама папулярны. Новы спартыўна-фізкультурны комплекс наведваюць не толькі жыхары райцэнтра, але і вельмі шмат прыязджае вяскоўцаў.

— А вясковыя школьнікі маюць магчымасць займацца тут спартыўна-фізкультурнай работай?

— У нас зараз распрацоўваюцца планы правядзення заняткаў па водных відах спорту з навучэнцамі школ райцэнтра і бліжэйшых вёсак. Дзяцей будуць прывозіць сюды на аўтобусах. Большасць трэнераў комплексу маюць спецыяльную вышэйшую адукацыю.

 Больш за 20 гадоў займаецца падрыхтоўкай юных спартсменаў намеснік дырэктара Столінскай ДЮСШ Васіль Мамайка.

— У такіх цудоўных умовах, як зараз, мне яшчэ ніколі не даводзілася працаваць, — падкрэслівае Васіль Канстанцінавіч. — Адкрыццё новага фізкультурна-спартыўнага комплексу дадало нам клопату. Гэта можна параўнаць з набыццём новага аўтамабіля, які трэба пад сябе наладзіць. І мы стараемся як мага хутчэй адрэгуляваць усе дэталі дзейнасці новай для нас структуры.

— Напэўна, вырасла і колькасць выхаванцаў у вашай ДЮСШ?

— Толькі ў верасні мы набралі шэсць груп дзяцей для навучання плаванню, а колькасць жадаючых не змяншаецца. Так што будзем ушчыльняць заняткі.

Не толькі дзеці, але і дарослыя рознага ўзросту пасля адкрыцця комплексу знайшлі для сябе тут занятак. Сярод іх і былы выкладчык фізкультуры Столінскага аграрна-эканамічнага каледжа, заслужаны работнік фізічнай культуры Беларусі васьмідзесяцігадовы Яўген Малчановіч.

— У наш нялёгкі час дзяржава знайшла магчымасць выдзеліць немалыя сродкі на будаўніцтва гэтага аб’екта, — з удзячнасцю адзначыў Яўген Міхайлавіч. — Гэта і ёсць відавочны клопат пра нас, жыхароў палескай глыбінкі. І вельмі важна, што нашы дзеці, унукі, усе мы атрымалі магчымасць круглы год тут умацоўваць сваё здароўе, займацца самымі рознымі відамі спорту. Хто ведае, можа новыя імёны алімпійскіх прызёраў вырастуць тут. 

Уладзімір СУБАТ, «БН»

 НА ЗДЫМКАХ: новы спартыўна-фізкультурны комплекс «Аквамарын» у Століне;  у плавальным басейне заўжды мнагалюдна.

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter