Акунанне ў возера ў Антарктыдзе, маржы са стажам і ледзяная вада – як у Мінску рыхтуюцца да Вадохрышча

Басанож па снезе

Праваслаўныя хрысціяне сёння адзначаюць Вадохрышча. Па ўсёй краіне будзе арганізавана купанне на 53 выратавальных станцыях, 34 выратавальных пастах. Карэспандэнт «Р» даведалася, каму нельга ні ў якім выпадку заходзіць у сцюдзёную ваду, а таксама пазнаёмілася з тымі, хто не толькі кожнае Вадохрышча акунаецца ў ледзяную палонку, але і «маржуе» ў любое надвор’е.

Старшыня федэрацыі Уладзімір ШУЛЬГАН: «Знаходжанне ў ледзяной вадзе можа быць не больш за дзве хвіліны для падрыхтаванага чалавека. Для непадрыхтаванага — пара секунд»
Фота Віталя ПІВАВАРЧЫКА

Выратавальная станцыя «Камсамольскае возера». За шчокі мяне кусае мароз. А членаў РГА «Беларуская федэрацыя загартоўвання і спартыўнага зімовага плавання» — за ўсе часткі цела. Бо яны толькі ў адных плаўках і тапках — ідуць ад распранальні да палонкі акунацца. Сярод іх больш прадстаўнікоў моцнага полу. Але ёсць і дамы.

Старшыня федэрацыі Уладзімір Шульган здымае з таліі ручнік, ідзе да прыступак лесвіцы, якая вядзе ў палонку глыбінёй два метры. За ім хвастом — сабака Глаша. Яе тут называюць «сяброўка па пляжы». Акунацца яна не будзе, але збіраецца сачыць за гаспадаром.

— Я чатыры разы акунаюся за адзін прыезд на возера. Глядзіце, — ён заходзіць у ваду і апускаецца з галавой. Вынырвае: — О-о-ох! Добра! Цяпер вось выйду да вас, а потым зноў. Тады эфект лепшы. Разагрэў арганізма знутры пойдзе. Цяпер у мяне цела белае, а зайду яшчэ раз і выйду — будзе чырвоным. А калі ўпершыню акунуўся? Мне было два месяцы: нарадзіўся 20 лістапада, а хрысцілі ў Вадохрышча. 

У чарзе ў палонку яшчэ пара чалавек. Падыходзяць і маржы, якія толькі прыбылі. Чуваць: «Што, грахі змыліся адразу?» Іншы адказвае: «А тут гледзячы наколькі грэшны!» 60-гадовы Уладзімір Шульган тым часам выходзіць, абціраецца, таварышы працягваюць яму чай з тэрмаса: «Калі вы яшчэ ні разу не апускаліся так у ваду, то ўпершыню не варта з галавой. Тры секунды пабылі і — баста».

Пакуль ідзём да маленькай-маленькай распранальні, Уладзімір кажа: 

— Заўсёды важна апранацца пасля акунання ў прасторную вопратку, якая не скоўвае рухі. І пажадана чаравікі без шнуркоў мець.

Пакуль мужчыны пераапранаюцца, іду да ратавальнікаў. У іх тут ёсць запісы, дзе адзначаюцца ўсе тыя, хто прыйшоў памарозіцца. Указваюць імя, узрост, ці ёсць медыцынская даведка. 70, 52, 50, 49, 22, 44, 54 гады... Вось узрост людзей, якія рыхтаваліся да Вадохрышча. Цікава, а ратавальнікі самі ныраюць? Так. Якія адчуванні? Смяюцца, кажуць, змешаныя: «Быццам апёк халоднай вадой».

Але ў тых, хто займаецца «маржаваннем» пастаянна, такіх адчуванняў няма.


32-гадовы Аляксей Чарнігін, які акунаецца па 3—4 разы на тыдзень, нават у абедзенны перапынак на працы, апісвае пачуцці: «Гэта як кубак кавы раніцай выпіць: адразу бадзёрасць, актыўнасць!»

Гэта сапраўды могуць пацвердзіць і ўдзельнікі адкрытага чэмпіянату Беларусі па спартыўным зімовым плаванні і III этапа Кубка свету па зімовым плаванні, які аж да 21 студзеня праходзіць у Мінску за Палацам спорту. Дарэчы, удзельнічае ў чэмпіянаце і 78-гадовы Валянцін Талкачоў. Яго любоў да «маржавання» прывяла да медалёў на Кубку свету ў Елгаве.

— Загартоўванне — цудоўная рэч. Прыходзіш сюды, адчуваеш яднанне з усімі. Мы тут усе адзін за аднаго. Няма, як у іншых відах спорту, штурханняў, жорсткіх спаборніцтваў. Усе разумеюць, што паводзіць сябе трэба акуратна — тут экстрэмальнае асяроддзе, ледзяная вада. Да халоднай вады падыходзім з халоднай галавой, — выціраецца ручніком 53-гадовы Аляксандр Русецкі. — Кожны прыходзіць сюды за чымсьці сваім. Вада здымае стрэс, падымае настрой. У цэлым атрымліваеш такія адчуванні, што хочаш паўтарыць іх.

Яшчэ адзін морж — 70-гадовы Сяргей Лаўрасенка — выходзіць з вады, а вакол яго воблака пары: «Ох і добра ж! Падтрымаю таварыша: загартоўванне — выдатная рэч! Я вось ужо шэсць гадоў так плаваю. Пакуль не стаў лёд, мы тут плавалі па 100—150 метраў. Ведаеце, які добры настрой пасля? Проста дзівосны!»

Так-так, а гэта хто ў плаўках? Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра палярных даследаванняў Ігар Пільшчыкаў! А дзе жонка, дачка, якая ў свае 13 гадоў ужо збірае медалі на Кубках свету па зімовым плаванні? Дома, рыхтуюцца да Вадохрышча.

— Дарэчы, нашы палярнікі таксама ў Вадохрышча акунуцца ў палонку, — Ігар Пільшчыкаў бярэ смартфон і паказвае фота мінулага года: на ім у Антарктыдзе наша экспедыцыя акунулася ў праснаводнае возера.

Ці хварэюць маржы? Кажуць, ад вірусаў і скразнякоў ніхто не застрахаваны. Але ў цэлым рэдка прастуджваюцца. Фігуры і сапраўды ва ўсіх падцягнутыя, а скура свежая і маладжавая. Можа, і мне пачаць загартоўвацца?..

alinakasel@gmail.com
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter