Сяргей Багласаў заўсёды ў справах: архітэктурныя праекты, карэкціроўка, потым іх ажыццяўленне

Басанож па гiсторыi

Сяргей Багласаў заўсёды ў справах: архітэктурныя праекты, карэкціроўка, потым іх ажыццяўленне. І так ужо больш за трыццаць гадоў. Зараз жа, калі ён атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта за значны асабісты ўклад у рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурнага комплексу плошчы Свабоды з прылеглай забудовай у горадзе Мінску, займець такога экскурсавода па гістарычным цэнтры мараць многія. Вось і я, карыстаючыся службовым становішчам, папрасіла Сяргея Георгіевіча скласці яму кампанію на  гадзіну-другую.

«Вы калі-небудзь былі, напрыклад, у Празе ці Кракаве?» — пытаецца ў мяне архітэктар. «Так, — адказваю, — у апошнім два дні з ранку да вечара аглядала мясцовыя славутасці». — «Вось я да гэтага і падводжу. У Мінску турысты за дзве гадзіны паспяваюць агледзець Верхні горад, Траецкае прадмесце, яшчэ крыху пасядзяць у кавярні — і з’язджаюць. Любы горад, каб ён эмацыянальна застаўся ў памяці, павінен мець сваю «масу», у Мінска яе пакуль няма».

Нечакана такое чуць ад чалавека, які ўсё жыццё працуе над аднаўленнем гістарычнай часткі беларускай сталіцы, атрымаў за гэта ўзнагароду, але такі Багласаў чалавек: крывымі сцежкамі не ходзіць, выказваецца прама і без акалічнасцей.

— Звычайна экскурсіі пачынаюцца з ратушы. У сённяшніх умовах гэта правільна. Верхні горад пачаў складвацца з XVI стагоддзя, тады і з’явілася ратуша, яна была драўлянай і дзе дакладна стаяла, невядома. Пазней яна перабудоўвалася. У нас не было задачы ўвекавечыць пэўны перыяд гісторыі. Верхні горад — комплекс, які складваўся стагоддзямі.

Але, на думку Сяргея Георгіевіча, калі больш дакладна ісці за  гісторыяй, знаё-мiцца з горадам турысты павін-ны з брамы, таго месца, адкуль і пачынаўся Мінск. Пакуль жа там спартыўны комплекс  «Працоўныя рэзервы». З’яўленне Мінскага замчышча з яго ўязной брамай і ёсць сённяшні галаўны боль архітэктара. Праект яго музеефікацыі распрацаваны, прайшоў усе ўзгадненні. Расказваць аб ім дэталёва няма сэнсу, бо, як паказвае жыццё, ад з’яўлення ідэі да яе рэалізацыі звычайна праходзіць шмат часу, і ў выніку яна значна карэкцiруецца. 

Дарэчы, каля таго ж спарткомплексу археолагі адшукалі рэшткі храма XII стагоддзя. Гэта ўнікальны экспанат, які будзе цікавым не толькі спецыялістам, але і абывацелям. На жаль, вялікі гістарычны пласт быў зруйнаваны ў час будаўніцтва метро. Але, упэўнены Багласаў, і гэта можна кампенсаваць арганізацыяй інтэрактыўнай экспазіцыі, якая будзе эмацыянальна ўздзейнічаць на турыстаў. Што яшчэ павінна іх затрымаць у замчышчы — гэта рамесныя рады, дзе яны змогуць не толькі паглядзець, але і паўдзельнічаць у працэсе, напрыклад, вырабу лукаў.

— Без замчышча горад не мае і паловы сваёй гісторыі, — упэўнены Багласаў. Дарэчы, яшчэ адной цікавай ідэяй можна лічыць будаўніцтва пешаходнага маста над вулі-цай Багдановіча, які звяжа плошчу Свабоды з Мінскім замчышчам. Там жа з’явіцца і скульптура заснавальніка беларускай сталіцы волата Менеска.

Але вернемся ад віртуальных пакуль праектаў да рэальных. Збочваем на вуліцу Кірыла і Мяфодзія. З аднаго боку адноўлены Вялікі гасціны двор, з другога — скульптурная кампазіцыя «Шалі» — адзін з сімвалаў магдэбургскага права. Побач з ім пустое месца.

— На гэтай плошчы было два гасціныя двары. Вялікі ўдалося ўратаваць: у канцы 1970-х, калі зносілі Нямігу, хацелі разбурыць і Верхні горад. Але дзякуючы пратэсту грама-дзян, падтрымцы творчай інтэлігенцыі, сярод якой быў і Уладзімір Караткевіч, ён застаўся. У выніку Вялікі гасціны двор адноўлены, Малы яшчэ чакае свайго часу. Пры будаўніцтве метрапалітэна ён быў моцна пашкоджаны, але распрацаваны праект яго аднаўлення.

Адначасова абмяркоўваем з Сяргеем Георгіевічам і «перанаселенасць» гістарычнага цэнтра машынамі. Архітэктару гэта таксама вельмі не падабаецца. Але ён не страчвае на-дзею, што некалі, як і было запланавана, Верхні горад будзе цалкам пешаходнай зонай, а пад Кастрычніцкай плошчай з’явіцца паркінг.

Гэта справа будучыні, пакуль жа глядзім на тое, што ёсць. Комплекс «Манастыр-скі», можна сказаць, гонар праекцiроўшчыкаў. Прычым не толькі таму, што запаўняльнасць гасцініцы складае 75 працэнтаў. Галоўнае, удалося стварыць сапраўдны куток гісторыі з рознымі музеямі.

— Сяргей Георгіевіч, архітэктараў, якія займаюцца гістарычнай тэматыкай, часта абвінавачваюць у фальсіфікацыі, стрэлы ляцяць і ў ваш адрас. Што адкажаце? Гэтае пытанне немагчыма было не задаць, гледзячы на розны колер будынкаў аднаго комплексу.

— Гэта гістарычная каштоўнасць, якая ахоўваецца дзяржавай, таму ўсё было зроблена па навуковых методыках і пад пільным наглядам. Праводзіліся шматлікія даследаванні, і магу з упэўненасцю сказаць, што перад вамі класічная рэстаўрацыя фасадаў. Што ж датычыцца крытыкі, то думак сапраўды шмат. Да гэтага часу даводзіцца чуць ад некаторых: навошта наогул было ўсё гэта аднаўляць? Можна ж было на гэтым месцы што-небудзь сучаснае пабудаваць. Ёсць іншыя радыкальныя думкі: трэба зрабіць усё, як было раней. У тэорыі такія ідэі добрыя, на практыцы іх ажыццявіць немагчыма. Мы жывём  не ў XIX стагоддзі, усё змянілася, пачынаючы ад успрымання асобных момантаў гісторыі і заканчваючы транспартнай насычанасцю сталіцы. Не можа быць двухмільённы горад такім, якім быў, калі ў ім жыло 200 тысяч чалавек. Мы заўсёды балансуем на мяжы гісторыі і сучаснасці...

— Але большасць мастакоў, рэжысёраў, акцёраў, гледзячы на вынікі сваёй справы, часта хочуць што-небудзь паправіць…

— Мой боль — Траецкае прадмесце, — прызнаецца Багласаў. – Калі рэалізоўвалі той праект, яно не было помнікам архітэктуры, гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Праводзілася рэканструкцыя забудовы з рэстаўрацыяй фасадаў — так гэта называлася афіцыйна. Сапраўды, фасады адрэстаўраваны па навуковай методыцы, але трэба прызнаць, што ў той час гэта ўсё ж была больш рэканструкцыя. Дахі ўзнялі, каб пакласці чарапіцу, што зусім не адпавядае гістарычнай рэчаіснасці. 

Мы вандруем па гістарычным цэнтры крыху больш за гадзіну. Як бачыце, паспелі не толькі пагля-дзець тое, што ёсць, але і абмеркаваць тое, што будзе.

— Канешне, можна было б зазірнуць у Ракаўскае прадмесце, — гаворыць на развітанне мой экскурсавод. — Але яно зусім не падобнае на гістарычны куток. Турыстам там няма на што глядзець. Пакуль. Але ёсць праект дэталёвага плана горада, які прадугледжвае вынас хлебазавода, іншыя мерапрыемствы. Калі прадмесце стане часткай гістарычнага цэнтра Мінска, невядома. Але відавочна, што толькі разам плошча Свабоды, Замчышча, Траецкае і Ракаўскае прадмесці  дапамогуць набраць нашаму гораду тую самую «масу», з якой мы з вамі і пачыналі размову.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter