Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья» можна лічыць брэндавым культурным праектам краіны

Барыс СВЯТЛОЎ: «У Ляскавічах мы ўбачым нашу гісторыю»

Чаму III Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья» можна лічыць брэндавым культурным праектам краіны...
Чаму III Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Зов Полесья» можна лічыць брэндавым культурным праектам краіны, разважаў па прапанове «СГ»  міністр  культуры Барыс СВЯТЛОЎ.


— Барыс Уладзіміравіч, наколькі моцна, на ваш погляд, змяніўся ў канцэпцыі, удзельніках і новых праектах «Зов Полесья» за ўвесь час яго правядзення?


— Канцэпцыя фэсту прынцыпова не змянілася. Гэта, па-першае, фестываль этнакультурных традыцый. Яго мэта — захаваць традыцыйную мастацкую культуру і фальклор палескага рэгіёна, народныя промыслы. Па-другое, «Зов Полесья» дэманструе дасягненні прафесійных і аматарскіх калектываў. Тое, што ў гэтым годзе фэст праходзіць у статусе міжнароднага, накладвае, зразумела, пэўныя абавязацельствы. На фестываль завітаюць госці з 5 краін: Расіі, Украіны, Беларусі, Польшчы і нават Кітая.


У праграме, акрамя традыцыйных праектаў кшталту тэматычных падворкаў, ёсць такія, што ладзяцца ўпершыню. І яны вельмі цікавыя. Гэта, да прыкладу, свята ручніка, конкурсы «Палеская Прыгажуня-2014» і на лепшую маладую сям’ю «Уладар Палесся». А асобы, якія ўнеслі найвялікшы ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Прыпяцкага Палесся, мяркую, будуць удастоены звання «Ганаровы паляшук» з уручэннем памятнага знака.


— Ці расце цікавасць да «Зова Полесья» ў жыхароў Беларусі і гасцей Сінявокай?


— Так. Пашыраецца геаграфія яго ўдзельнікаў. Калі ў 2010 годзе ў свяце бралі ўдзел амаль 700 чалавек, у 2012-м — каля 900, то сёлета — больш за 1000 артыстаў і народных умельцаў. Чаму? Гэта вялікая цікавасць да нашых вытокаў, каранёў. Мы хочам ведаць сваю гісторыю: як жылі нашы продкі, якія песні спявалі і якімі рамёствамі займаліся, як уладкоўвалі свой побыт, якія рабілі абрады… І гэта нармальна. А ў Ляскавічах мы ўбачым узоры фальклору кожнага з палескіх мікрарэгіёнаў.


— Што асабліва адрознівае фэст «Зов Полесья» ад іншых брэндавых беларускіх фэстаў, якія абапіраюцца на народную культуру?


— «Зов Полесья» менавіта адзіны такі, што ўвабраў у сябе ўсе жанры і кірункі, дзе прыярытэт адданы самабытнасці ў розных відах творчасці. Ляскавіцкі фестываль да таго ж стварае спрыяльныя ўмовы для развіцця культурнага і экалагічнага турызму. Гэта вельмі важна.


Таццяна УСКОВА, «СГ»



З Вулькі па нітцы – добраму чалавеку сарочка



Пiнскi раён



У 82 населеных пунктах  раёна пражываюць 73,2 тысячы чалавек, на вёсцы — больш за 35 тысяч чалавек. Дзейнічаюць 29 клубных устаноў, 37 бібліятэк, у якіх запісана 27 тысяч чытачоў, Краязнаўчы музей, 4 дзіцячыя музычныя школы мастацтваў і 2 дзіцячыя школы мастацтваў, дзе займаюцца 910 вучняў, 6 кінаўстановак. 22 творчыя калектывы маюць званні народных ці ўзорных. У аддаленыя населеныя пункты рэгулярна выязджаюць бібліёбусы, аўтаклубы, кінаперадвіжкі.


Ужо два гады запар у вёсцы Дварэц праходзіць раённы фестываль «Лунінецкія клубніцы». Тут плануюць зрабіць клубніцы сапраўдным мясцовым брэндам. Да свята прымеркаваны цэлы шэраг конкурсаў: вершаў, апавяданняў, баек, песень і анекдотаў «Мой клубнічны край», смотр-конкурс на лепшае афармленне кутка «Цуда-ягада», конкурс майстроў народнай творчасці, а таксама дзіцячага малюнка «Мая клубнічная краіна».


– Нацiскай нагой на рычаг, прапускай човен паміж нітак, прытрым- лівай пальцамі, каб моцна не зацягнуць. А зараз прыбівай нітку да палатна. Вось так, і яшчэ раз, — у Цэнтры культуры і народнай творчасці вёскі Вулька-1 праводзіць майстар-клас па ткацтве Марыя ФІЛІПЧЫК. 


Да пенсіі Марыя Якаўлеўна працавала ў калгасе на ферме. А пасля выхаду на заслужаны адпачынак з задавальненнем адгукнулася на запрашэнне ў клуб: разам з калегай па ткацтве настроілі станок і ўзяліся за справу. Майстрыха пра рамяство гатова гаварыць часамі:


— Навучылася ткаць ад маці. Яна ўстане рана, гадзіны ў чатыры, печ паліць ды есці варыць, а я таксама прачынаюся — і за станок. А маці непакоіцца, што я няправільна натку. Станкі тады стаялі амаль у кожнай хаце. Збіраліся па некалькі дзяўчын, размаўлялі, песні спявалі — весела было. Я часта ўспамінаю тыя часы. Мы, калі былі маладыя, маглі доўгі ручнік, на некалькі метраў, выткаць за дзень і вечар. Вядома, гэта праца цяжкая, але цікавая. І вынік прыгожы. 


Побач Любоў Мельянец прадзе ніткі на самым сапраўдным калаўроце: 


— Гэта тонкая нітка, далікатная, з яе будзем ткаць ручнікі, прасціны, сарочкі. На такой бялізне, ведаеце, як спіцца? Раней і не хварэлі таму, што натуральную вопратку насілі. А калі купляем больш грубы лён, дык мы з тых нітак тчэм палавікі, ходнікі, покрывы на канапы...


За плячамі Любові Іванаўны амаль 80 гадоў жыцця, ваеннае дзяцінства, 32 гады працы даяркай. Як і Марыя Філіпчык, навучылася прасці і ткаць з маленства. А зараз з задавальненнем дае майстар-класы як малым, так і дарослым. Дзеці з цікавасцю адгукаюцца на незнаёмую для іх справу, кажа майстрыха: перапытваюць, радуюцца, калі атрымліваецца, імкнуцца зрабіць прыгожа і правільна. 


Дарэчы, усё, што ёсць тканага ў будынку цэнтра, выраблена рукамі яго работніц. А рэчаў трэба шмат: народныя касцюмы, ручнікі для разнастайных абрадаў: вяселля, радзін, хрэсьбін... Таксама ў Вульцы-1 адзначаюць і свае, мясцовыя, адметныя святы: ручніка, сямейных дынастый і іх майстэрства. Бо без адраджэння і захавання традыцыйнай культуры мінулага, далучэння да яе ўсіх без выключэння пакаленняў не можа быць і будучыні, упэўнена дырэктар цэнтра Вольга Мелюх.


Запрашайце «Вытокі». Пусціцеся ў скокі



Фальклорны гурт «ВЫТОКІ» Дзятлаві- цкага цэнтральнага сельскага Дома культуры прыдумаў праграму з абрадавых і пазаабрадавых песень: «Дай, Божа, цёпла лета», «Маладзіца жыта жала», «Ой, у лесе, у лесе, ды на круглым полі»... З ёй і прыедзе на свята ў Ляскавічы. 


Амаль кожны ў калектыве талент- універсал: спявае, танцуе, грае на народных музычных інструментах. А галоўнае, разам са сваім мастацкім кіраў- ніком Мікалаем Яскевічам літаральна па кру- пінках збіраюць абрады, традыцыі, песні і надаюць ім новае жыццё. 


Удзельніца гурту Алена Яскевіч распавядае:


— У нашых продкаў былі шыкоўныя вясельныя абрады! І, вядома, мы не маглі прайсці міма, лічым, што абавязаны данесці гэтыя здабыткі да сённяшняга пакалення. Усё пачыналася прыкладна за месяц да вяселля з заручын, пасля была падрыхтоўка пасагу, вышыванне ручнікоў. Само ж вяселле ладзілася на працягу трох дзён. Яго пачыналі ў пятніцу: плялі вянкі, выпякалі вясельны каравай, шылі вэлюм... А ў суботу ўжо збіраліся госці і святкавалі два дні. 


Дарэчы, на мінулым фестывалі «Зов Полесья» народны фальклорны гурт «Вытокі» атрымаў дыплом за лепшы вакал і ўзнагароду — тэлевізар. У гэтым годзе, упэўніваюць артысты, яны будуць імкнуцца да новых поспехаў. Але галоўнае для іх, зразумела, не перамагчы, а паказаць сваё майстэрства і крануць сваімі песнямі душы слухачоў.


Да князёў Радзівілаў на… перапёлку



Князь і княгіня — дырэктар Лахвінскага сельскага Дома культуры Ігар МІГАЛЕВІЧ і дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці вёскі Вулька-1 Вольга МЕЛЮХ — у багатых убраннях сустракаюць гасцей пасля палявання, гучыць нязвыклая для сучаснага вуха музыка, сталы ломяцца ад пачастункаў. Гаспадары запрашаюць сваіх сяброў за стол. 


Усё гэта — рэпетыцыя «жывой карціны» з жыцця князёў XVII стагоддзя, якую прадставіць Лунінецкі раён на сваім падворку «Паляўнічыя трафеі». Як расказала дырэктар раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Таццяна Лівінец, тэма балю ў князя выбрана не знянацку. У гістарычнай літаратуры ёсць звесткі, что на тэрыторыі сучасных вёсак Любань і Лахва ў XVII стагоддзі любілі паляваць Радзівілы. А якое ж паляванне без балю?


Да рэканструкцыі падышлі сур’ёзна: азнаёміліся з літаратурай, падрыхтавалі касцюмы па модзе таго часу, падабралі адпаведную музыку.

Падрыхтавала Юлія БАЛЬШАКОВА, «СГ».


Фота Сяргея ЛАЗЮКА, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter