Рэцэпт поспеху ад сям’і Раманюкоў

Баранкі з любоўю

Вёска Баранкі, што на Брэстчыне, недалёка ад Камянца, магла ўжо знікнуць з карты краіны — лічылася неперспектыўнай. А сёння тут ніводнай асірацелай хаткі! Добры імпульс надалі Сяргей і Наталля Раманюкі. Яны стварылі на бацькоўскім падвор’і аграэкасядзібу “Тры калодзежы”. Акрамя прыёмаў гасцей, займаюцца дабрачыннасцю і вучаць жыхароў з розных краін любіць беларускую вёску.

Не думала ніколі, што Баранкі — малая радзіма Сяргея — будуць для мяне і маіх гарадскіх дзяцей роднай зямлёй, — смяецца карэнная гараджанка Наталля, якая стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2015” у намінацыі “За ўклад у развіццё сяла”.

Гэта Сяргей каранямі з Баранак. А Наталля нарадзілася ў Таджыкістане. Адвучылася ў Мінску, атрымала чырвоны дыплом, працаваць прыехала ў Брэст на электрамеханічны завод. У цяжкія 1990-я інжынер-механік кінула працу і пайшла ў чаўнакі. Вазілі з мужам адзенне з Турцыі, потым адкрылі ў Брэсце прэстыжны магазін, дзе можна было апрануцца ад куцюр.

— Сябры смяяліся з нас, калі мы вырашылі адраджаць Баранкі, — прызнаецца Наталля. — Мы ж маглі жыць у Парыжы, у любым еўрапейскім горадзе, бо у нас былі грошы. Дзеці — сын Дзмітрый і дачка Аляксандра таксама нас не разумелі. Не хацелі нават размаўляць на гэтую тэму.

— Дык чаму ж Баранкі перамаглі ў “конкурсе” для месца жыхарства?

— Зразумелі мы, што ў модным бізнесе не было сэнсу далей развівацца. Усё — “паталок”. Трэба было шукаць, дзе і як зарабляць. Аднойчы ехала за рулём, а па радыё расказвалі пра агратурызм. Я жанчына адважная, люблю новае, будаваць люблю, і узнікла ў мяне думка пра вёску. Сяргей часта наведваўся ў Баранкі. Бацькі яго таксама ў Брэсце жывуць, а ў вёску ездзілі агарод садзіць. Чаму б не прыкупіць зямлі і не пачаць новы бізнес? Так аднойчы мы прыехалі ў Баранкі і глянулі на сваю вясковую гаспадарку з іншай пазіцыі. У 2009 годзе пачалі хату рамантаваць, а ў 2011-м прынялі першых гасцей. Калі сябры да нас прыехалі — тыя, што смяяліся, дык ахнулі. І сын, вярнуўшыся са службы ў войску, змяніў сваю пазіцыю, сказаў: толькі Баранкі.

Наталля паказвае свае ўладанні. Былы хлеў стаў цікавай арт-прасторай. Вышкі — спальным пакоем. Цяпліца — рэстаранам. Тут праходзяць майстар-класы і прэзентацыі.

Раманюкі сабралі фотаздымкі сваіх продкаў і размясцілі на сценах. Продкі Наталлі — з багатых, бабуля ў свой час была раскулачана. Продкі Сяргея з сялян. У доміку, які пабудавалі над склепам, — старыя бабуліны шафы, куфар і два ложкі. Можна было б падумаць, што частаваць тут будуць па-вясковаму: дранікамі з мясам ці смажанай бульбай з грыбамі. Наталля смяецца. Кажа, што даўно Беларусь не такая, навошта зноў абуваць яе ў лапці? Для турыста, на думку жанчыны, кожная дробязь мае сэнс:

— Калі бачу пакамечаны абрус, у мяне ўсё ў сярэдзіне бунтуе. Нашы сядзібы — гэта твар краіны, і ўсё павінна быць бездакорна: ад прыбораў на сталах да кветак у вазах. Калі нашу кухню нельга назваць высокай у поўным сэнсе, то мы сервіруем стол як у высокай кухні. Неяк у нас гасцяваў француз, і калі ад’язджаў, прызнаўся, што не ведаў раней пра Беларусь і што яна такая прыгожая. Калі б мы пасадзілі яго за стол у сядзібе, якая нагадвае хлеў, і падалі боршч са скібкай хлеба, выдаючы гэта за беларускую кухню, сумняваюся, што ён параіў бы ехаць да нас сваім сябрам.

— Чым вы корміце турыстаў і хто стаіць за плітой?

Наталля прызнаецца, што гатуе сама:

— Бывае, што госці ад мяне не адыходзяць, глядзяць, як я гатую. Можам прымаць вегетарыянцаў. Накормім іх сытна і смачна. Летам паеду ў Францыю, буду вучыцца гатаваць па-новаму.

Наталля кажа, што сённяшняе жыццё ёй падабаецца больш, чым ранейшае:

— І муж шчаслівы. У Брэсце трэба было хадзіць у трэнажорную залу, каб быць у форме. А тут дровы пасек — і няма лішніх кілаграмаў. А калі без смеху, дык аграэкатурызм — той занятак, ад якога атрымліваеш задавальненне. Мы зараз займаемся гэтым трыма пакаленнямі — бацькі Сяргея, брат яго, мы і нашы дзеці. Да нас паважна адносіцца дзяржава, да нас прыслухоўваюцца і з намі лічацца. Прыязджаюць гасцяваць самыя розныя людзі, таму ніякага дэфіцыту ў зносінах я не адчуваю. І ганаруся тым, што магу паказаць замежнікам беларускую вёску ў лепшым яе праяўленні, з прыгожай прыродай — лесам, рэчкай Лясной, пушчай, са смачнай беларускай ядой, цікавай культурай, якую ў нас умеюць захоўваць, і пры гэтым забяспечу гасцям камфорт.

Раманюкі — актыўныя ўдзельнікі розных навучальных праграм, якія існуюць у аграэкатурызме. І не ўпускаюць ніводнай магчымасці навучыцца нечаму новаму.

Наталля паказала, якім прыгожым і стыльным дадаткам да дызайну інтэр’еру могуць быць старыя прадметы, калі ўкласці ў іх часцінку душы. У аграсядзібе ёсць і шафы, і вазы са сваімі гісторыямі. У кожным пакоі, ды і ў кожнай пабудове на падворку, якая мае спецыяльнае прызначэнне, — творы юных мастакоў, што гасцявалі тут.

— Мы праводзім майстар-класы па кулінарыі для дзетак з мясцовых школ — гэта гуманітарны праект, майстар-класы па рэстаўрацыі старой мэблі. Акрамя дзяцей, запрашаем людзей сталага ўзросту з асаблівасцямі развіцця. Навошта? Проста я лічу, што дзесяціну кожны з нас павінен аддаваць абавязкова. І калі ў цябе ёсць магчымасць рабіць чыёсьці жыццё святлейшым, — зрабі гэта, — кажа Наталля.

Зараз Раманюкі зачынілі сваю сядзібу на рэканструкцыю, дабудоўваюцца. А потым — новыя планы: зрабіць спартыўныя пляцоўкі, даступныя для ўсіх, кемперную стаянку для падарожнікаў. І домікі з саламянымі дахамі. Зямля для гэтага ёсць. А грошы, кажуць, яны заробяць.

Valentinak3@mail.ru

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter