Журналист Шиманский поделился архивными свидетельствами зверств гитлеровцев в Воложинском районе

Балючыя и трапныя радкі праўды

(Заканчэнне. Пачатак у № 25...)

Зямля гарэла пад нагамі фашысцкіх вырадкаў, народная кара наганяла іх усюды...

Карныя аперацыі ў Беларусі мелі выключна жорсткі характар. У тысячы нашых вёсак эсэсаўскія галаварэзы прынеслі смерць і разбурэнні. Неяк мне трапіла на вочы вытрымка з артыкула ў італьянскім часопісе «История иллюстрата». Вось яна: «Вся история фашистской Германии отмечена чудовищными преступлениями, но, пожалуй, самые мрачные страницы в летопись злодеяний Третьего рейха вписаны головорезами из СС». Самае страшнае, што колькасць эсэсаўскіх дывізій хутка павялічвалася. Напрыканцы 1941 года агульны склад корпуса СС — 220 тысяч, а ў канцы 1944-га — ужо 910 тысяч. Уся гэтая маса душагубаў была зведзена ў 10 танкавых дывізій, 3 кавалерыйскія, 2 ваенна-паліцэйскія, 6 альпійскіх, 2 мотамеханізаваныя і 8 пехотных. Унушальная сіла, што тут скажаш.

1968 год. Адзiны дарослы сведка хатынскай трагедыi Iосиф КАМIНСКI расказвае нашчадкам аб жудасным дне 1943 года, калi была спалена яго родная вёска.

Фашысты бязлітасна распраўляліся з вяскоўцамі

Напачатку вайны карная аперацыя «Прыпяцкія балоты», праведзеная ў ліпені — жніўні 1941-га на тэрыторыі Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Удзельнічала 1-я кавалерыйская брыгада СС. Камандзір 2-га палка гэтай брыгады даносіў: «Мы загоняли женщин и детей в болота, но это не дало соответствующего эффекта. Так как болота оказались недостаточно глубокими, чтобы можно было в них утонуть». Толькі па даных яе камандавання, на 13 жніўня таго ж года было растраляна і зверскі замучана 13 788 савецкіх грамадзян. Па сотнях нашых паселішчаў смяротным валам прайшла 1-я матарызаваная брыгада СС, якая пачала свой крывавы шлях у жніўні 1942-га ў Лепельскім, Лагойскім, Смалевічскім раёнах.

Войскі гітлераўцаў актыўна ўдзельнічалі ў карных аперацыях. Такім чынам, супраць мірнага і безабароннага насельніцтва дзейнічалі аб'яднаныя сілы. Вышэйшым кіраўніком СС і паліцыі на цэнтральным накірунку савецка-германскага фронту з'яўляўся Бах-Залеўскі. 27 кастрычніка 1942 года ён і камандуючы ахоўнымі войскамі, начальнік тылавога раёна групы армій «Цэнтр» генерал фон Шэнкендорф падпісалі спецыяльную дамову аб правядзенні сумесных аперацый супраць партызан і грамадзянскага насельніцтва Беларусі. Ставілася задача найбольш эфектыўнага выкарыстання ў гэтых мэтах сіл вермахта і фашысцкіх карных органаў.

Уся гэтая варожая зграя абрушылася на нашых людзей без аніякай міласці, бо старанна выконвала адны і тыя ж дзікія загады: як мага больш знішчыць савецкіх людзей, разрушаць і руйнаваць. Так нацысты праводзілі ў нас палітыку генацыда і выпаленай зямлі.

Чым гэта, напрыклад, абярнулася для маёй малой радзімы, Бярозаўскага раёна? У страшную вясну 1944-га па ўсёй яго тэрыторыі праходзілі карныя аперацыі. Справа ў тым, што па маршрутах Драгічын — Пескі — Бяроза, Пінск — Целяханы — Івацэвічы, Косава — Ружаны — Ваўкавыск рухаліся нямецкія часці, перакінутыя гітлераўскім камандаваннем з Украіны на Брэстчыну. А названыя дарогі кантралявалі партызаны.

Фашысты не маглі дапусціць, каб сарвалася такая перагрупіроўка іх войск. Таму сканцэнтравалі тут вялікія сілы: адборныя часці СС, 10 артылерыйскіх і мінамётных батарэй, танкі, авіяцыю. І ў поўным складзе мадзьярскую дывізію. Гітлераўцы ведалі, што мясцовае насельніцтва ўсяляк дапамагае партызанам, многія хлопцы і мужчыны знаходзяцца ў партызанскіх атрадах. Таму распраўляліся з вяскоўцамі бязлітасна. Людзі хаваліся ў лясах, балотах. Мае родныя Пешкі знаходзіліся ў партызанскай зоне, некалькі нашых хлопцаў таксама змагаліся з ворагам у тыле.

«Герман» у Валожынскім раёне

«Людзі, ратуйцеся! Немцы ідуць!» — раздавалася страшнае па ўсяму бярозаўскаму краю. Раптоўныя налёты на вёскі, пажары, здзекі, смерці. Я гэта перажыў асабіста разам з дарослымі многа разоў. А 25 красавіка 1944 года, якраз на Радаўніцу, пры другой карнай аперацыі дашчэнту спалілі значную частку маіх аднавяскоўцаў і саму вёску. Наша сям'я выратавалася цудам: толькі выехалі з Пешак, а карнікі разанулі па нас з кулямётаў. Кабылка Каштанка паспела сцягнуць воз у лагчыну, дзе кулі нас не дасталі.

Лічу неабходным больш расказаць пра зверствы гітлераўцаў у Валожынскім раёне. У свой час у Камітэце дзяржаўнай бяспекі я падрабязна азнакоміўся з матэрыяламі па буйнай карнай аперацыі «Герман», праведзенай у ліпені — жніўні 1943 года ў зоне Налібокска-Івянецкай пушчы. І тут зверствавалі эсэсаўцы палача Дырлевангера, асабліва ў вёсках Доры, Дубаўцы, Мішаны, Даўгулёўшчына, Лапічы, Сярэдняе Сяло.

Паказанні некаторых сведкаў.

Г. Радзюк 1905 года нараджэння з вёскі Доры:

— 22 ліпеня у другой палове дня ў нашу вёску прыбылі карнікі. Яны былі ў нямецкай ваеннай форме, на галаўных уборах — чэрапы, узброены вінтоўкамі і аўтаматамі. На другі дзень адразу пачалі зганяць людзей. Мяне, дваіх маіх дзетак, бежанку, якая жыла ў нас, зацягнулі ў царкву. Потым падлеткаў і маладых жанчын выводзілі адтуль. У мітусні я змагла выбрацца. Схавалася ў кустах і бачыла, як немцы кідалі у будынак гранаты, стралялі з аўтаматаў, як другую групу людзей пагналі ў адну з хат. Там іх пастралялі, жыллё спалілі.

Антон Токар 1907 года народжання з вёскі Дубаўцы:

— Як толькі карнікі прыйшлі ў нашу вёску, адразу пачалі расстрэльваць людзей у хатах. А некаторых жыхароў, у тым ліку і мяне, сабралі на ўскрайку вёскі. Бачыў, як карнік кінуў у агонь жыхарку Шэўчык і траіх яе дзяцей. Потым адабралі з нашага натоўпу прыкладна 50 сталых жанчын і дзяцей, пагналі іх у бок Лапіч. Хутка там пачуліся выбухі, Лапічы загарэліся. Мяне ж праз некаторы час прымусова вывезлі на работы ў Германію.

У царкву штурхнулі гранаты

Прызнанні ж саміх карнікаў, вінаватых у тых зверствах, ну, быццам успаміны пра іх звычайную работу, якую выконвалі даўно і старанна. Вось што казаў адзін з іх па прозвішчу Грабароўскі: «Как только в Дорах загорелась церковь, ко мне на пост пришел командир из роты Барчке по имени Франц. Он приказал следовать за ним, провел к одному из домов и поставил на пост. Немец сказал, что когда всех людей соберут в этом доме, то их здесь расстреляют. Приказал следить, чтобы никто не убежал. Вскоре эсэсовцы согнали сюда жителей и всех убили».

Яшчэ прызнанні аднаго карніка: «Помню, в церкви в Дорах на ночлег расположились солдаты Барчке. Вечером эсэсовцы собирали у жителей молоко, яйца, другие продукты. Утром услышали звон церковного колокола — начинался сбор. Мы вышли на улицу, и здесь нам передали приказ Дирлевангера собирать жителей у церкви. Я и другие солдаты из взвода Мельниченко пошли по домам и выгоняли всех людей на улицу. Этим же занимались солдаты из роты Барчке. Когда к церкви пригнали более ста жителей, там отобрали молодых и отвели в сторону. Остальных, среди которых было много пожилых мужчин, женщин, а также детей, загнали в церковь. Немцы бросили туда несколько гранат, прострочили из пулеметов и автоматов, облили стены какой-то жидкостью и подожгли. Церковь загорелась. Мы пошли поджигать дома».

У той дзень эсэсаўцы знішчылі вёску Сярэдняе Сяло. 60 працаздольных мужчын і жанчын адабралі да ўгона ў фашысцкае рабства. Астатніх, у асноўным жанчын, дзяцей, старых, загналі ў хлеў. Усіх растралялі, а будынак з трупамі спалілі. Тады ж знішчылі 15 чалавек у вёсцы Даўгулёўшчына.

Інструкцыя для карнікаў

Вопыт па расправах з безабаронным насельніцтвам гітлераўцы мелі вялікі. Галоўнае камандаванне ўзброенных сіл фашысцкай Германіі распрацавала спецыяльныя настаўленні аб ужыванні крайне жорсткіх мер да партызан і насельніцтва часова акупіраваных раёнаў СССР. Вось што патрабавала інструкцыя адносна бандытаў і іх пасобнікаў (так акупанты называлі мірных жыхароў, дапамагаўшых партызанам у іх барацьбе з гітлераўцамі) ад 11 лістапада 1942 года: «В обращении с бандитами и их добровольными пособниками проявлять крайнюю жестокость. Сентиментальность в этом решающем вопросе безответсвенна. Сама жестокость мер и страх перед ожидаемым наказанием должны удерживать население от помощи и содействия бандитам. Каждый командир части несет отвественность за то, чтобы пленные бандиты и гражданские лица, которые были захвачены в ходе боевых действий (в том числе и женщины), были расстреляны, а лучше — повешены».

Растлумачым нашым чытачам. Гітлераўцы усяляк стараліся скампраметаваць партызанскі рух. Таму называлі партызан бандытамі, а іх фарміраванні — бандамі. З гэтай нагоды рэйхсфюрэр СС і начальнік нямецкай паліцыі Гімлер 31 ліпеня 1942 года выдаў спецыяльны загад, у якім забараніў выкарыстоўваць слова «партызан». Нюрнбергскі працэс адназначна вызначыў: бандытамі гітлераўцы называлі партызан. Тым самым хацелі замаскіраваць свае крывавыя зладзействы.

Нескароныя беларусы

Нават у думках не маглі сабе ўявіць фашысты, плануючы захопніцкую вайну супраць Савецкага Саюза, што іх чакае ў Беларусі. А тут зямля гарэла пад нагамі вылюдкаў, не ведалі яны спакою ні ў дзень, ні ў начы. Народная кара наганяла іх усюды. У суровы час беларусы даказалі, як горача любяць сваю Радзіму, умеюць даваць адпор чужынцам. Наша светлая памяць пра Хатынь, пра іншыя вёскі з такой жа доляй — рэквіем па загінуўшых, глыбокая ўдзячнасць нескароным людзям. Менавіта таму вечны ў Хатыні Іосіф Камінскі і стаяць помнікі ў многіх нашых паселішчах.

Не ведаю, якія адносіны да Беларусі ў англійскага паэта Міка Габзея, але ж наведванне Хатыні ў савецкі час глыбока ўзрушыла яго. Ён напісаў вершаваныя радкі — балючыя, але выключна праўдзівыя:

Люди страны моей, добрые люди,
Бог вас помилуй от горя, от жути
Той, что в Хатыни…
Но в нашей крови мы
Вечно должны сохранить,
Как святыни,
Жгучее зарево здешних Хатыней,
Помнить должны мы, какою ценою
Этот народ расплатился с войною.

Міхаіл ШЫМАНСКІ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter