Балявалі... па-шляхецку

У Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў на выхадных танцавалі мазурку, гулялі ў фанты і праводзілі спірытычныя сеансы

У Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў на выхадных танцавалі мазурку, гулялі ў фанты і праводзілі спірытычныя сеансы

Каля паўтысячы гасцей у шыкоўных бальных сукенках і арыстакратычных смокінгах завіталі ў ноч на 11 лістапада ў сёлетнюю культурную сталіцу Беларусі Нясвіж, каб прыняць удзел у першым з часоў Радзівілаў дабрачынным палацавым балі. Жарты ад князя Пане Каханку, тэатральныя пастаноўкі ад Уршулі Радзівіл, майстар-класы ад прафесійных танцораў...

Баль сапраўды стаў яркай падзеяй года. І, як паведаміў міністр культуры Беларусі Павел Латушка, адкрыў новую старонку ў гісторыі культуры краіны. “Адраджэнне традыцый, у тым ліку дзякуючы правядзенню шляхецкіх баляў, вельмі важнае для разумення глыбіні нашай гісторыі, глыбіні нашых каранёў”, — сказаў на цырымоніі адкрыцця міністр, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што падобныя праекты будуць працягвацца ў нашай краіне.

Пяць яркіх момантаў першага пасля шматгадовага перапынку нясвіжскага палацавага балю

  • Конныя рыцары, паходні, чырвоныя дарожкі і шампанскае — з шыкам і густам сустракалі гасцей палацавага балю ў Нясвіжскай рэзідэнцыі Радзівілаў, арганізаванага ў многім з мэтай збору сродкаў на аднаўленне помніка гісторыка-культурнай спадчыны XVI стагоддзя — Навагрудскага замка.
  • Сярод запрошаных гасцей балю ў Нясвіжы было нямала вядомых людзей, у тым ліку народны артыст Расіі Дзмітрый Харацьян, сусветна вядомая балерына і заслужаная артыстка Расіі Настасся Валачкова, расійскі тэлевядучы і акцёр Марат Башараў — ён быў вядучым балю — і многія іншыя.
  • Сапраўднае гістарычнае падарожжа можна было здзейсніць у ноч на 11 лістапада, прайшоўшыся па залах Нясвіжскага палаца. У адной Караль Станіслаў Радзівіл, вядомы фантазёр і жартаўнік, забаўляў гасцей неверагоднымі гісторыямі і байкамі. У суседняй Уршуля Радзівіл раскрывала сакрэты сваёй чарговай тэатральнай пастаноўкі. І то тут, то там з’яўляўся, здзіўляючы сваім нечаканым візітам, прывід Чорнай Панны Нясвіжа — Барбары Радзівіл.
  • Нямала для гасцей балю падрыхтавана і гістарычных інтэрактываў. Можна было, да прыкладу, згуляць у фанты, за выкуп якіх гасцям даводзілася спяваць, танцаваць або цалаваць таго, хто першым зойдзе ў залу. Альбо прыняць удзел у папулярным у XIX стагоддзі спірытычным сеансе і даведацца пра суджанага, дабрабыт і поспехі на працы.
  • І, вядома ж, які баль без музыкі і танцаў! Усю ноч у палацы гучалі вядомыя вальсы, рамансы, этнічная музыка. І давалі майстар-класы тым, хто хацеў навучыцца танцаваць вальс, мазурку, паланэз або французскую кадрыль, прафесійныя танцоры. Ва ўсіх залах, калідорах і кутках дворыка палаца адчувалася: сёння ў Нясвіжы свята!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter