Беларусь стала ўдзельніцай Балонскага працэсу

Балонскі працэс пайшоў...

Беларусь стала ўдзельніцай Балонскага працэсу. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні міністраў адукацыі краін агульнаеўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі ў Ерэване.



Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў бачыць у гэтым чарговае пацвярджэнне, што нацыянальная мадэль канкурэнтаздольная і зможа інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору. Але што далей? Як доўгачаканая падзея адаб’ецца на якасці нашых дыпломаў ВНУ? Усё-такі, калі ўжо начыстую, гэтая працэдура — не панацэя ад праблем, а толькі магчымасць абменьвацца досведам.

Прарэктар БДУ Аляксей Данільчанка тлумачыць: наша вышэйшая адукацыя зможа стаць больш мабільнай, якаснай і канкурэнтаздольнай на сусветным рынку. Падаецца, сёння ўжо ніхто не сумняваецца, што ўніверсітэты проста абавязаныя ісці ў нагу з часам і ўзаемадзейнічаць з рынкам працы. Галоўны выклік для нашай сістэмы вышэйшай адукацыі — пераход да масавага атрымання дыпломаў. Зрэшты, адзначае рэктар Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы Віктар Гайсёнак, гэта для многіх краін галаўны боль. У свеце за другую палову XX стагоддзя колькасць студэнтаў вырасла ў разы — з 13 да 82 мільёнаў! І з кожным днём лічба ўсё больш значная. З аднаго боку — тэндэнцыя пазітыўная, бо веды адкрываюць перад чалавекам новыя перспектывы. Але з другога... Масавая вышэйшая адукацыя спарадзіла масу сур’ёзных праблем — ад яе фінансавання і падмены якасці колькасцю да працаўладкавання выпускнікоў.

Так, у Беларусі сёння каля 400 тысяч студэнтаў, або 400 на кожную тысячу насельніцтва. Гэта, між іншым, чацвёртае месца ў свеце пасля паўднёвых карэйцаў, амерыканцаў і расіян і ў 8 разоў больш у параўнанні з 1960 годам. Да таго ж кожны трэці студэнт — бюджэтнік. Цікава і іншае: на першай прыступцы ў нас 382 спецыяльнасці, на другой — 331. І кожны элемент гэтай грувасткай структуры патрабуе мноства навучальнай дакументацыі. Ці апраўдана? Да таго ж больш за ўсё студэнтаў у нас вывучаюць камунікацыі, права і эканоміку. Увогуле, скрозь гуманітарыі, а ў прыватных вну — і зусім на 90 працэнтаў. Таму, лічаць міжнародныя эксперты, тут проста неабходны граматны менеджмент, які дазволіць правільна расставіць прыярытэты і зрабіць стаўку на матэматыкаў, фізікаў ды іншых прыродазнаўчанавуковых спецыялістаў.

Задумацца сапраўды ёсць над чым. Скажам, Сусветны банк высветліў: каля 70 працэнтаў кампаній у нашай краіне адкрыта заяўляюць, што галоўны стрымліваючы фактар для іх развіцця — навыкі работнікаў. Тут справа і ў тым, што сувязь паміж ВНУ і рынкам працы часта нагадвае гульню ў сапсаваны тэлефон, і ў слабым фінансаванні (на ўсю сістэму адукацыі ідзе толькі 5 працэнтаў ВУП, у тым ліку на вышэйшую — 0,65 працэнта). У выніку зарплата прафесарска-выкладчыцкага складу ледзь дацягвае да сярэдняй па краіне, а ў ідэале павінна быць хоць бы ўдвая вышэйшай. Яшчэ адна важная задача — развіць фінансавую самастойнасць ВНУ.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter