Балон у палон

Гэту гісторыю расказала мне ветэран Вялікай Айчыннай вайны Соф’я ВАГАНАВА.

БЫЛЬ

«У тую восень эскадрылля, у якую ўваходзіў і наш знішчальны полк, атрымала новыя самалёты. Машыны мелі два сінхронныя кулямёты БК, рэдуктарную 76-міліметровую гармату, упершыню з’явілася кіслародная маска для пілота. Самалёты яшчэ не рассакрэцілі, а таму іх ахоўваў узмоцнены нарад. Усё было старанна замаскіравана. І вось прыйшла чарга ісці ў нарад мне. А ноч стаяла такая цёмная, што і пражэктарам не праб’еш. Ліў дождж уперамешку з мокрым снегам, грозна шумеў лес, па жалезных плоскасцях патокамі сцякала вада.

Я дзяжурыла якраз ля каманднай зямлянкі. Пільна ўглядалася ў густую цемрадзь і наракала на дождж, які і не думаў супакойвацца. І раптам удалечыні вырасла постаць чалавека. «Можа, здалося? — падумалася мне. — Каго гэта чорт нясе ў такую непагадзь?» Я нават прысела, каб лепш разгледзець тую постаць. Так, гэта чалавек.

— Стой! — дрыжачым голасам ці то крыкнула, ці то прашаптала я. Ні гуку ў адказ. А постаць нахабна рухаецца проста на мяне.

— Стой! Хто ідзе? Буду страляць, — ужо мацней выгукнула я. І бабахнула ў паветра.

У момант прыбеглі начальнік каравула і ўся змена:

— У чым справа? Што за шум?

— Там чалавек стаіць! — дакладваю я.

Уважліва прыгледзеліся разам.

— Ага, быццам чалавек. І высокі, — кажа начальнік каравула. — Яго трэба ўзяць жывым!

Усе разам папаўзлі мы па гразі, стараючыся не шумець. Падпаўзлі блізка. Трымаючы ў адной руцэ пісталет, начальнік каравула на адну хвілінку ўключыў ліхтарык. Тое, што мы ўбачылі, не здзівіла, а да рогату пацешыла ўсіх: на пагорачку ціха і самотна стаяў кіслародны балон!

...На наступны дзень адзначалі Кастрычніцкае свята. І ўсе жарты, усе ўсмешлівыя «віншаванні» сябровак тычыліся толькі мяне і майго «гераічнага» ўчынку. І праўда, да мяне яшчэ нідзе і ніхто не браў у палон кіслародны балон».

Міхась МІРАНОВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter