З 26 па 28 чэрвеня у Нясвіжы пройдзе фестываль “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў”

Балет пад адкрытым небам

Праз тыдзень Нясвіж напоўніцца гукамі бессмяротных твораў Стравінскага, Рымскага-Корсакава, Пергалезі і Чымарозы
Праз тыдзень Нясвіж напоўніцца гукамі бессмяротных твораў Стравінскага, Рымскага-Корсакава, Пергалезі і Чымарозы.



І гэта далёка не ўсе аўтары, якія будуць прадстаўлены на фестывалі “Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў” з 26 па 28 чэрвеня. Менавіта ў гэтым велічным беларускім палацы ў XVIII стагоддзі зарадзіўся айчынны прафесійны тэатр. Нібы аддаючы павагу гісторыі, калектыў Вялікага тэатра Беларусі ўжо шосты год запар прыязджае ў Нясвіж, каб прадставіць найцікавейшыя оперныя і балетныя спектаклі, разнастайныя канцэртныя праграмы і творчыя вечары артыстаў.

У першы дзень фестывалю ў касцёле Божага Цела адбудзецца канцэрт харавой музыкі, у якім прагучаць творы Эдварда Гірдо і Антоніа Радзівіла, а ва ўнутраным дворыку замка прадставяць спектаклі “Жар-птушка” Ігара Стравінскага і “Шэхеразада” Мікалая Рымскага-Корсакава са спадчыны легендарных “Рускіх сезонаў” Сяргея Дзягілева. 27 чэрвеня праграму “Кахання нягучныя словы” ў Тэатральнай зале нясвіжскага палаца прэзентуюць салістка оперы Таццяна Траццяк і квінтэт “Серанада”. Увечары таго ж дня на вялікую сцэну ва ўнутраным двары замка выйдуць героі “Паяцы” — самай вядомай оперы Руджэра Леанкавала. Цікава, што дырыжыраваць музычнай драмай Леанкавала ў Нясвіжы будзе запрошаны маэстра — народны артыст Азербайджана Ялчын Адыгезалаў.

Насычаным атрымаецца і завяршальны дзень нясвіжскага open-air. Днём гледачы змогуць добра пасмяяцца на прэм’ерных пастаноўках тэатра “Служанка-спадарыня” і “Капельмайстар” віртуозаў італьянскай камічнай оперы XVIII стагоддзя Джавані Пергалезі і Даменіка Чымарозы. А ўвечары — трохі пасумаваць і адпачыць душой у час грандыёзнага канцэрта “Вялікай Перамозе прысвячаем”. У праграме прагучаць лепшыя і любімыя песні ваенных і пасляваенных гадоў аб веры і надзеі, гераізме і ахвярнасці, мужнасці і патрыятызме. Іх выканаюць зоркі Вялікага тэатра — народныя артысты Васілій Кавальчук, Уладзімір Пятроў, Сяргей Франкоўскі, заслужаныя артысты Алег Мельнікаў, Анастасія Масквіна, Ніна Шарубіна і іншыя.

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter