Балам вышэй

У гэтым годзе на бюджэт у БДУIР прыйшоў больш якасны студэнт

У гэтым годзе на бюджэт у БДУIР прыйшоў больш якасны студэнт

Уступная кампанія працягваецца. Ідзе падача дакументаў на дзённую, завочную і вячэрнюю формы на ўмовах аплаты. Прадоўжыцца яна па 4 жніўня. Але ёсць і шчасліўчыкі, для якіх усе хваляванні скончыліся і хто можа па праву лічыць сябе студэнтам бюджэтнай формы навучання.

Можна сказаць, што ВНУ ў гэтым годзе атрымаюць больш якаснага студэнта. Гэта адзначаюць і ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Тут, па словах рэктара БДУІР доктара тэхнічных навук, прафесара Міхаіла Батуры, у параўнанні з 2012 годам у сярэднім конкурс вырас з 1,4 да 1,5 чалавека на месца, а на асобныя спецыяльнасці дасягнуў 4 чалавек. Так што асцярогі наконт таго, што ўвядзенне з гэтага года ніжняга значэння тэставага бала, неабходнага для ўдзелу ў конкурсе ва ўстановы вышэйшай адукацыі, скароціць колькасць абітурыентаў, не пацвердзіліся. Больш за тое, гэты парог, на думку суразмоўцы, наадварот, прымусіў абітурыентаў сабрацца з сіламі, мабілізавацца.

«Самае галоўнае, што якасны склад абітурыентаў гэтага года іншы, і значна вышэй, чым у мінулым, — падкрэслівае Міхаіл Батура. — Калі тады да нас ва ўніверсітэт паступалі хлопцы і дзяўчаты (горад) з баламі 219 і вышэй, то сёлета на бюджэт прыйшлі з баламі 263 і вышэй, для сельскіх абітурыентаў гэтая лічба вырасла з 210 да 241 бала. Гэта значыць, да нас прыйшоў вельмі добры першакурснік. Мы гэтаму рады».

На думку рэктара БДУІР, прывабным для абітурыента-2013 стала ўвядзенне ў ВНУ сістэмы навучання «4 +2». «Усе разумеюць, што гэтая сістэма правільная, аптымальная, эфектыўная і сучасная, — адзначае Міхаіл Батура. — Але яна запатрабуе і пэўных намаганняў з боку маладога чалавека. Мы даём усё: электронныя падручнікі, метадычныя комплексы і дысцыпліны, добрую лабараторную базу, якая ў гэтым годзе вельмі сур’ёзна абноўлена. Але, улічваючы, што тэрміны навучання скарочаны на год, ад студэнта спатрэбіцца таксама больш сур’ёзная праца. Думаю, разумеючы гэта, слабы абітурыент да нас не пайшоў».

Адным з немалаважных крытэрыяў выбару БДУІР, акрамя наяўнасці цікавых і сучасных спецыяльнасцей, не першы год становіцца яшчэ і наяўнасць аўтаматызаванай сістэмы залічэння. У гэтым годзе спіс спецыяльнасцей, якія можна было пазначыць у парадку прыярытэту, вырас да сямі. «Калі да нас прыйшоў абітурыент, які набраў пад 300 балаў, ён дакладна ведае: памылкі не будзе. Ён абавязкова будзе залічаны на адну з 7 спецыяльнасцей і стане студэнтам БДУІР», — кажа Міхаіл Батура.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter