Баліць вуха? Лячыце нос!

Калі пачынае балець вуха, адразу шукайце кроплі ад насмарку, раяць спецыялісты

Калі пачынае балець вуха, адразу шукайце кроплі ад насмарку, раяць спецыялісты

Дома не ўседзець...

У разгар сезона прастудных захворванняў да ўрача-оталарынголага не патрапіць — пад дзвярамi кабінета заўсёды шмат народу. Але калі з хворым горлам ці насмаркам мы яшчэ можам неяк справіцца самастойна і махнуць на чаргу рукой, то востры боль у вуху прымусіць дачакацца прыёму, каб пазбавіцца ад пакут.

Запаленне сярэдняга вуха, а дакладней, атыт — праблема, з якой кожны з нас сутыкаўся хаця б аднойчы. Пра такіх хворых кажуць: застудзіў вуха. А якi пры гэтым боль адчувае чалавек, мы ведаем добра: ён настолькі моцны, што толькi лезці на сцяну.

Аднак атыт атыту розніца, тлумачыць урач-сурдолаг, загадчыца отарыналарынгалагiчнага аддзялення для дарослых кансультатыўнай паліклінікі РНПЦ отарыналарынгалогіі Ніна Касцюк. Пры эксудатыўным, напрыклад (а ўзнікае гэтая хвароба на фоне прастуды, насмарку або боляў у горле), у чалавека закладае вуха. Паколькі гэта не вельмi моцна турбуе хворага, то ён і не спяшаецца на прыём да спецыяліста, чакаючы паляпшэння, і нярэдка ўпускае каштоўны для эфектыўнай дапамогі час, падкрэслівае спецыяліст.

Калі без скальпеля не абысціся?

Бывае таксама востры катаральны і востры гнойны атыт. Самы неспрыяльны — гнойны, ён выклікае моцны боль. Праблема ў тым, што гной назапашваецца ў сярэднім вуху за барабаннай перапонкай і пачынае ціснуць на сценкі барабаннай поласцi, прымушаючы чалавека пакутаваць. У такой сітуацыі вуха можа “павесці” сябе па-рознаму: часам гной без знешняга ўмяшання прарывае барабанную перапонку і выцякае, што, натуральна, палягчае стан хворага. А калі ў чалавека тоўстая барабанная перапонка, то ўрач робіць яе надрэз (парацэнтэз), каб ачысцiць вуха ад гною. Аднак гэта не азначае, што цяпер пацыенту ўсё жыццё давядзецца жыць з перфарацыяй (дзірачкай) у перапонцы. Варта пачаць лячэнне, і яна бясследна знікне.

А што будзе, калі гной пакінуць за барабаннай перапонкай? Тады змесціва сярэдняга вуха можа прарвацца ў завушную вобласць — у дзяцей першых месяцаў жыцця гэта прыводзіць да ўзнікнення антрыту, а ў больш старэйшых і дарослых — мастаiдзiту. У такой сітуацыі без аперацыі не абысціся.

 Важна!

Трэба памятаць: калі пасля трохдзённага лячэння ваш стан не змяніўся або нос закладае яшчэ больш, а сакрэт застойваецца, значыць, час iсцi да ўрача!

Ва ўсім вінаватая прастуда

Хоць прычыны з’яўлення атыту самыя розныя, адной з галоўных спецыялісты называюць прастудныя захворванні, якія не лячылі або лячылі дрэнна. Калі гэты працэс зацягваецца, парушаецца вентыляцыя насавых хадоў і вуха,  тады і ўзнікае атыт. Атыт выклікаюць розныя інфекцыі бактэрыяльнай, віруснай, грыбковай прыроды.

— Папраўка пасля перанесенага атыту мае тры сцэнарыі. Першы — пасля своечасовага лячэння хвароба бясследна знікне, — кажа Ніна Касцюк. — Другі — атыт можа прайсці, але слых пагоршыцца з-за парушэння рухомасці барабаннай перапонкі, утварэння рубцоў. І трэці — хвароба прыме хранічную форму.

Значыць, выйсце адно — правільна і своечасова лячыцца, у першую чаргу пазбаўляючыся ад насмарку, каб нос дыхаў свабодна. У гэтым стануць памочнікамі сасудазвужальныя і супрацьзапаленчыя кроплі.

 Чаго не варта рабіць пры атыце?

  • Капаць тлушч зайца ў вуха, называе першае табу ўрач-сурдолаг. Калі закапаць вуха разагрэтым тлушчам, ён застыне, як парафін, вам яго прыйдзецца даставаць спецыяльнымі кручкамі, што для пацыента вельмі непрыемна і балюча.
  • Не варта таксама закладаць у хворыя вушы фiтасвечкi, падобныя на парафін, бо яны ствараюць тыя ж праблемы.
  • Не трэба запіхваць у вушы лісце герані, як раяць калянавуковыя выданнi. Гэта таксама небяспечна.
  • Кашка з цыбулi ці часнаку з пропалісам — яшчэ адзiн народны сродак не для вушэй, яна можа выклікаць апёкі.

Галоўнае правіла

 — Пры насмарку варта правільна вызваляць нос ад слізі, — заўважае Ніна Касцюк. — Колькі разоў даводзілася назіраць, як мамы, прыставіўшы насоўку да носа дзіцяці, казалі яму: “Дзьмі з усяе моцы!” Але менавіта так гнойныя выдзяленні можна “перапампаваць” у слыхавыя трубы. І тады развіваецца атыт. Нос неабходна чысціць, па чарзе прыкрываючы ноздры.

Для чаго патрэбныя ватныя палачкі?

Прафесiйны ўрач-сурдолаг заўважае таксама, што нямала пацыентаў звяртаецца з вонкавымі атытамі, якія ўзнікаюць з-за таго, што народ любіць калупаць вушы тым, што ёсць пад рукой: ручкай, расчоскай, шпількамі, запалкамі і ватнымі палачкамі, што нярэдка прыводзіць да траўміравання барабаннай перапонкі.
А ці праўда, што нават здаровыя вушы трэба чысціць рэдка? — задаю пытанне суразмоўцы.

— Калі вуха здаровае, з цэлай барабаннай перапонкай, то і ў асаблівым клопаце яно не мае патрэбы, — тлумачыць спецыяліст. — Памылі вушы, скруцілі канец ручніка конусам і прамакнулi іх. І ўсё! У вуха лепш не лазіць, інакш ёсць небяспека прапіхнуць да барабаннай перапонкi серу і тым самым паспрыяць стварэнню сернай пробкі. Многія любяць чысціць вушы з дапамогай ватных палачак. Траўміруюць барабанную перапонку, да таго ж нярэдка ў слыхавым праходзе за-стаецца вата з гэтых палачак.

Але калі вуха хворае, а мыць яго нельга, тады трэба купіць стэрыльную вату ў аптэцы і накруцiць яе на запалку, а затым працерці слыхавы праход, раіць спецыяліст.

Вуха баліць толькі з-за атыту? — задаю чарговае пытанне сваёй суразмоўцы.

— Не, і па іншых прычынах таксама. Напрыклад, боль правакуе артроз сустава нiжняй скiвiцы. Калі ў дарослых і пажылых людзей зубы cцёртыя або пратэзаваныя, то нярэдка парушаецца прыкус. Варта чалавеку з’есці цвёрдую ежу, як тут жа з’яўляюцца болі ў вуху або калявушной вобласці, таму іх і звязваюць з атытам. А на самай справе даймае боль, выкліканы зменамі сустава нiжняй скiвiцы, — у такіх выпадках варта звяртацца па дапамогу да стаматолага альбо пракансультавацца ў неўролага.

 Матчын рэцэпт

Памятаеце, як у дзяцінстве вашы хворыя вушы лячыла мама? Правільна, рабіла кампрэс, які вызваляў ад болю. Гарэлачны кампрэс сапраўды эфектыўны на старце хваробы, калі вуха забалела, стала паколваць, а тэмпературы яшчэ няма, удакладняе спецыяліст. І адразу трэба закапаць у нос сасудазвужальныя кроплі, нават калі ён не закла-дзены. Можна таксама закласці ў вуха ватку з борным спіртам або са спіртавой настойкай пропалісу. Такое лячэнне, несумненна, прынясе палёгку. Але калі на працягу двух дзён сітуацыя не зменiцца, а магчыма, яшчэ і з’явіцца боль, ніякія кампрэсы ўжо не дапамогуць. Яны толькі ўзмоцняць вашы пакуты.

Ды і з кроплямі для вушэй таксама трэба праяўляць асцярожнасць, папярэджвае ўрач-сурдолаг. Калі ў барабаннай перапонцы ёсць перфарацыя, то закапванне спіртавымi кроплямі выкліча боль, тое ж самае будзе, калі ў вуху “пасяліўся” герпес, менавіта таму лячэнне павінен прызначаць доктар.

Як звычайна лечаць атыт? Хвораму прапісваюць таблеткі і кроплі. Усё залежыць ад таго, як будзе працякаць хвароба. Калі ў лёгкай форме, тады дастаткова бу-дзе закапаць супрацьзапаленчыя кроплі ў хворае вуха і нос. Але калі ў хворага чалавека агульная інтаксікацыя, тэмпература і моцны боль, яму прызначаюць антыбіётыкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter