Балід у агароджы

На Пружаншчыне выпадкова натрапілі на нябеснае цела, якое не маглі знайсці амаль паўтара стагоддзя

На Пружаншчыне выпадкова натрапілі на нябеснае цела, якое не маглі знайсці амаль паўтара стагоддзя

Пару гадоў таму на прасторах сусветнага павуціння прачытала цікавую інфармацыю: быццам бы непадалёк ад мястэчка Ружаны шмат гадоў таму ўпаў метэарыт, які ў выніку атрымаў аднайменную назву. Акрамя некалькі скупых радкоў больш канкрэтнай інфармацыі пра яго мне знайсці не ўдалося. Ды што можна яшчэ высветліць недасведчанаму ў гэтай галіне журналісту, калі нават у навуковым асяроддзі метэарыт “Ружаны” лічыўся адным з самых загадкавых у свеце?

Сабраць амаль усе вядомыя на сённяшні дзень звесткі, а затым іх сістэматызаваць і абагульніць аказалася пад сілу адміністратару інтэрнэт-партала “Усё пра Ружаны” Аляксандру Каралёву. Бясспрэчным быў адзін вывад: метэарыт “Ружаны” занесены ў даведнікі, але, спарадзіўшы плойму загадак і чутак, атрымаў пазнаку “probably not a genuine meteorite”, што адносіць яго да псеўдаметэарытаў, сумнеўных. Пошукі гэтага касмічнага госця не мелі поспеху. І толькі нядаўна нечакана святло на гэтае таямнічае адкрыццё было праліта.

Загадка для нашчадкаў

У 1956 годзе ў акадэмічным выданні Acta Geophisica Polonica з’явіўся артыкул Е. Пакрыўніцкага “Пра метэарыт “Ружаны” і з’явы, якія суправаджалі яго ў атмасферы” — напэўна, найбольш поўны збор сведчанняў пра метэарыт і найверагоднейшае апісанне з’явы. Калі аўтар сабраў надрукаваныя ў прэсе сведчанні відавочцаў і паведамленні карэспандэнтаў, у яго не засталося нават кроплі сумнення: 7 снежня 1894 года прыкладна ў 19.30 жыхары Польшчы і Беларусі бачылі палёт баліда. Але ні пацвердзіць, ні аспрэчыць сам факт падзення і знаходжання метэарыта Пакрыўніцкі не ўзяўся: балід так і не быў знойдзены.

Вызначыць дакладны шлях, які зрабіла касмічнае цела, складана: у такіх выпадках навукоўцам даводзіцца абапірацца не на вымярэнні, а на дастаткова суб’ектыўныя назіранні і статыстыку. Мяркуецца, балід з’явіўся дзесьці паміж Варшавай і Ломжай, на вышыні каля 250 кіламетраў, і, прайшоўшы шлях у 320 кіламетраў, узарваўся паўночней Ружанаў. Яшчэ і час не надта ўдалы выбраў для свайго “выступлення” метэарыт: над большай часткай тэрыторыі, дзе можна было яго бачыць, стаяў моцны туман. Таму большасць патэнцыяльных назіральнікаў змаглі ўбачыць усяго толькі яркае святло альбо прарывістую светлавую дарожку. Зразумела, каардынаты падзення гэтага баліда засталіся дакладна невядомымі.

Так метэарыт “Ружаны” стаў сапраўднай загадкай для многіх пакаленняў навукоўцаў і проста цікаўных, якія задаваліся пытаннем: дзе ж мог упасці гэты метэарыт?

А магчыма, гэта легенда?

Сведкам неверагоднай падзеі — падзення буйнога метэарыта непадалёк ад вёскі Азярніца, што на суседняй Слонімшчыне, — стаў 25-гадовы мужчына. Гэтая карціна засталася ў яго памяці на ўсё жыццё, і толькі праз 40 гадоў пашчасціла, як яму здавалася, знайсці некалькі кавалкаў таго метэарыта.

Крыху перадгісторыі. Іосіф Іосіфавіч Стаброўскі, пра якога ідзе гаворка, — ураджэнец гэтых мясцін, скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце, звязаў свой лёс з ваеннай справай. А ў 1921 годзе, у 50-гадовым узросце, вырашыў вярнуцца на Слонімшчыну і цалкам аддацца археалогіі. У 1929 годзе Стаброўскі нават заснаваў у Слоніме краязнаўчы музей, які, дарэчы, дзейнічае і сёння.

У 1935 годзе паблізу вёскі Азярніца Іосіф Іосіфавіч знайшоў штосьці вельмі падобнае да некалькі фрагментаў каменнага метэарыта. Сваю знаходку ён перавёз у Слонім, дзе зарэгістраваў у матэрыялах краязнаўчага музея пад назвай “метэарыт “Ружаны”. Спецыялісты, якія даследавалі гэты экспанат, пацвердзілі, што ён мае самае непасрэднае дачыненне да хандрытаў. У музеі знаходка захоўвалася каля 20 гадоў. Аднак пасля вайны, каб яшчэ раз пераканацца ў тым, што знойдзеныя “камяні” сапраўды з’яўляюцца метэарытамі, Стаброўскі напісаў ліст у Камітэт па метэарытах АН СССР. Беларускі навуковец С.І. Рынг, які быў у складзе групы геолагаў, пазней зазначыў у сваёй кнізе: “Наведаўшы ў 1955 годзе Слонімскі музей... мы пераканаліся, што ўзор, які захоўваецца ў музеі пад назвай “метэарыт “Ружаны”, уяўляе сабой валун асадачнай пароды. Наша заключэнне пацвердзілі затым шляхам мікраскапічнага аналізу”. У выніку праз некаторы час большасць аўтарытэтных метэарытных каталогаў альбо цалкам выключылі ружанскі метэарыт, альбо дадалі да яго пазнаку “сумнеўны” ці “псеўдаметэарыт”.
Такой вось няўдачай абярнуліся пошукі метэарыта.

І ўсё ж ён існуе!

Калі сама верагоднасць падзення метэарыта ў канцы ХІХ стагоддзя на Ружаншчыне існавала, то надзея на тое, што яго рэшткі знойдуцца сёння, у ХХІ стагоддзі, звялася да нуля. Але хто мог падумаць, што метэарыт знаходзіцца зусім побач?

У дырэктара музея “Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў” Руслана Кнігі няма сумненняў, што знойдзена менавіта нябеснае цела. Між іншым яго прыкладны кошт на сённяшні дзень ацэньваецца ў суму каля 300 тысяч долараў. Засталося толькі атрымаць пацверджанне на паперы: даследчыкі з Акадэміі навук ужо афармляюць афіцыйнае заключэнне.

— Метэарыт “Ружаны” стаў сапраўднай загадкай, — гаворыць Руслан Сяргеевіч, — адгадка якой, як аказалася, вось ужо каля 60—70 гадоў была зусім блізка. Справа ў тым, што ў пасляваенны час вялося будаўніцтва каменнай агароджы для Свята-Петра-Паўлаўскай царквы ў Ружанах. Каменне, сярод якога быў і валун-метэарыт, прывезлі з паўночнай часткі наваколля пасёлка. Так балід аказаўся надзейна схаваны на многія гады.

Нядаўна настаяцель храма айцец Аляксандр Сень узяўся за рамонт царкоўнай агароджы. Жалезакаменны валун адразу ж прыцягнуў яго ўвагу: у 26-кілаграмовым чорным аб’екце памерам з два футбольныя мячы супрацоўнікі музея адразу ж прызналі хандрыт.

— Гэта без сумненняў метэарыт: ён адрозніваецца ад каменняў — вельмі шчыльнай масы, чорны, утрымлівае шмат жалеза і іншых сплаваў, са слядамі гарэння, якія засталіся, калі ён праходзіў праз слаі атмасферы, — запэўнівае Руслан Кніга. — А даследаванні спецыялістаў толькі пацвердзілі мае меркаванні.

Унікальны артэфакт святар перадаў мясцоваму музею. Сёння любы жадаючы ў экспазіцыі “Гісторыя мястэчка Ружаны” можа дакрануцца да метэарыта і адчуць яго аўру.

Між іншым у даўнейшыя часы метэарыты надзяляліся асаблівымі якасцямі: з іх кавалачкаў рабілі амулеты, абярэгі, якія вылечвалі ад хвароб. Наколькі гэта праўда, у прынцыпе, не важна. Цікава іншае: знаходка, якая не давала спакою вось ужо столькі гадоў, была выяўлена толькі цяпер, калі ёй ёсць дзе заняць дастойнае месца. А магчыма, гэта не супадзенне?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter