Партизанская столица Гродненщины — Бакшты

Бакшты: вёска, дзе гуляюць вяселлі

Першабытныя людзі звычайна сяліліся па берагах рэк, якія служылі шляхамі зносін. Стаянка перыяду мезаліту і неаліту VII—III тысячагоддзя да нашага часу выяўлена на ўзбярэжжы Заходняй Бярэзіны, каля іўеўскай вёскі Бакшты. 

Паселішча ўпершыню пісьмова ўзгадваецца ў хроніках крыжакоў ХІV стагоддзя. У 1387 годзе князь Вялікага Княства Літоўскага Ягайла перадаў яго Віленскаму епіскапству. Праз паўстагоддзя ўладаром маёнтка стаў шляхетны род Кежгайлаў. Штогадова ў мястэчку ладзіліся кірмашы. Насельніцтва ў асноўным займалася земляробствам і жывёлагадоўляй. 

Сярод архіўных дакументаў ХVІІ стагоддзя захавалася скарга сялян на бакштынскага ксяндза Кеўля, які здзекваўся над імі, спраўляў непамерныя падаткі.



Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай мястэчка стала цэнтрам воласці Ашмянскага павета Віленскай губерні. У 1845 годзе ў ім адкрыліся народнае вучылішча і бібліятэка. Дзейнічалі дзве праваслаўныя царквы, сінагога, школа, багадзельня, тры хлебазапасныя крамы, некалькі піцейных дамоў.

У Першую сусветную вайну навакольную мясцовасць пачаргова захоплівалі кайзераўскія войскі і белапалякі. 

Згодна з Рыжскім дагаворам 1921 года, Бакшты адышлі да буржуазнай Польшчы і сталі цэнтрам гміны Валожынскага павета Навагрудскага ваяводства. Тут была арганізавана падпольная ячэйка кампартыі Заходняй Беларусі.

Пасля ўз’яднання заходнебеларускіх абласцей з БССР Бакшты атрымалі статус сельсавета былога Юрацішкаўскага раёна. 

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі і да вызвалення ворагам не давалі спакою народныя мсціўцы. У навакольных лясах базіраваўся Лідскі міжраённы падпольны цэнтр кампартыі Беларусі.

У пасляваенныя гады ў вёсцы дзейнічалі прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, вытворчасці смалы, дахавых і тарных матэрыялаў, установы адукацыі, аховы здароўя, культуры, сацыяльна-бытавыя службы. Былы калгас рэфармаваны ў філіял «Азот Агра» УСП «Новы Двор-Агра» Іўеўскага раёна.



Сучасная хуткасная аўтатраса злучыла сталіцу з Гродна. Пралегла яна побач з іўеўскай вёскай Бакшты, куды паклікала мяне чарговая вандроўка. Перад ад’ездам зазірнуў у даведнік і прачытаў, што назва вёскі пайшла ад літоўскага слова «бакшэ» — вежа. На суседніх хутарах засталіся сем’і асіміляваных літоўцаў, якіх на мясцовым дыя­лекце называюць жыгунамі. У старадаўнія часы на ўзбярэжжы Заходняй Бярэзіны, куды падступаюць бакштынскія падворкі, стаялі княжацкія вежы. 

Крыху больш гадзіны язды ў маршрутцы — і трапляеш у незвычную цішыню і няспешнасць. Уздоўж таго самага берага Заходняй Бярэзіны шэрагам паўсталі пераважна драўляныя з вялікімі вокнамі дамы ўперамежку з сучаснымі катэджамі. Асфальтаваная дарога ад аўтатрасы пераходзіць у шырокую вуліцу Партызанскую. На старым цвінтары, што насупраць сельвыканкама, з-за бурштынна-жоўтай лістоты маладых дрэў праглядаюцца мураваныя дзоты. Непадалёку ад паселішча да 1939 года праходзіла дзяржаўная мяжа.

Бухгалтар лясніцтва Таццяна БЫЧКОЎСКАЯ.

Дзевяностагадовая Галіна Чэрнік, да якой завіталі са старшынёю сельвыканкама Аляксандрам Буяком, памятае, як палякі ладзілі гэтыя вайсковыя збудаванні. З бацькамі жыла яна ў суседняй вёсцы Перуч, што на супрацьлеглым беразе. За агародамі па паўнаводнай рацэ плытагоны сплаўлялі лес да Нёмана. Да Бакштаў вяла дарога праз драўляны рачны мост.

З Галінай Кірылаўнай праз кухню прайшлі ў прасторную залу. Каляровы дыван, прымацаваны на сцяне, упрыгожваюць вялікія лічбы — 90. Перахапіўшы мой позірк, гас­падыня паведаміла, што дачка Надзея прывезла іх з Рыгі. Цесна было ў хаце ад гасцей у дзень, калі адзначалі яе дзевяностагадовы юбілей.

Старшыня сельвыканкама Аляксандр БУЯК.

Лёс падараваў такі доўгі век. Шмат давялося перажыць. Нярвова перабіраючы пальцамі, гас­падыня ўспамінамі вярнулася ў абпаленае вайною дзяцінства. Да іх на падворак уварваліся нямецкія салдаты. Фашысты даведаліся, што яе бацька Кірыл Мікалаевіч звязаны з партызанамі. Забралі з хлявоў карову, каня, свіней. Усю сям’ю адвезлі ў Лідскае гета. Адтуль эшалонам з іншымі вязнямі адправілі ў Нямеччыну. 

Праз дзесяцігоддзі не можа забыць Галіна Кірылаўна, як пухлі ад голаду ў фашысцкіх засценках. Грызлі бручку, якую ім разам са скібкай хлеба давалі раз у дзень. Праз нейкі час бацьку забралі ў канцэнтрацыйны лагер, адкуль ён не вярнуўся. Маці з чатырма дзецьмі трапіла ў сям’ю баўэра. Даіла кароў, выконвала іншую працу. Чатырнаццацігадовы брат Мікалай пасвіў коней. Працавалі і малодшыя — брат Валодзя і сястрычка Нюша. Хапала працы і Галіне.

Малалетні вязень гітлераўскага лагера смерці Галіна ЧЭРНІК.

Пасля вызвалення савецкімі воінамі радасна збіраліся дамоў. Жонка баўэра прасіла Лідзію Мікалаеўну пакінуць ім чатырнаццацігадовую Галіну. У іх не было сваіх дзяцей. На салдацкім грузавіку прыехалі да чыгуначнай платформы. Цягнікамі з перасадкамі дабраліся да станцыі Юрацішкі. Адтуль пешшу за паўдня прыйшлі дамоў.

Многія аднавяскоўцы не вярнуліся з вайны. Аўдавелая Лідзія Мікалаеўна са старэйшым сынам Мікалаем упрагаліся ў плуг і ўзорвалі здзічэлую зямлю. Галіна тры гады няньчыла дзяцей на суседнім хутары Хімры. За год атрымлівала пяць пудоў бульбы і два — збожжа. Прыгледзеў прыгажуню Іван Чэрнік з Бакштаў. Ён слыў працавітым майстрам на ўсе рукі. Маладыя пажаніліся. Галіна даглядала калгасных цялят, а Іван засвоіў працу на трактары. Нарадзіліся дзве дачкі. Калі дзяўчаты выраслі, зладзілі ім вяселлі.

Дырэктар дзіцячага сада — сярэдняй школы Жанна БУЛКА са старшакласнікамі.

Чвэрць стагоддзя таму Галіна Кірылаўна аўдавела. Што­дня ўспамінае мужа. Усю мэб­лю ў доме ён сваімі рукамі змайстраваў. З болем узгадала гаспадыня пра страту старэйшай дачкі Валянціны. Праўнук Уладзімір прыязджае з Мінска, абнаўляе дом, якому больш за век. Разам на агародзе ўпраўляюцца. Часта наведваецца старшыня сельвыканкама.

Дзясяты дзясятак размяняла і Яўгенія Баран, якую засталі за ўборкай бульбы. Чуллівыя аднавяскоўцы трактарам узаралі грады. Маладжавая жанчына, якую гаспадыня аклікала Ларысай, дапамагала ўбіраць ура­джай.

Педагог Люцыяна ВАЛКАНОЎСКАЯ з вучнямі Яўгенам ЗАБРОДСКІМ і Янай БЫЧКОЎСКАЙ у школьным краязнаўчым музеі.

Яўгенія Фядотаўна таксама перажыла ваеннае ліхалецце. Бацька за сувязь з народнымі мсціўцамі зведаў фашысцкае рабства. Яўгенія разам з маці ўратаваліся ад ворагаў у партызанскім атрадзе. Пасля вайны скончыла сямігодку і да выхаду на пенсію працавала прадаўцом. Пасля смерці мужа засталася адна. Са сваякоў толькі брат Міхаіл у Маскве. Падтрымліваюць аднавяскоўцы, сельвыканкам. 

У гады Вялікай Айчыннай вайны акружаныя з усіх бакоў густым борам Бакшты сталі цэнтрам партызанскага руху. Тутэйшыя дапамагалі народным мсціўцам харчаваннем, вопраткай. 

Барацьбе з ворагам у гады вайны прысвечана экспазіцыя школьнага краязнаўчага музея. Наведаць яго запрасіла дырэктар ясляў-сада — сярэдняй школы Жанна Булка, якая трэці год узначальвае педкалектыў. Кіруе музеем настаўніца Люцыяна Валканоўская. Экскурсіі праводзяць старшакласнікі Яна Бычкоўская і Яўген Забродскі. Люцыяна Эдуардаўна адзначыла, што ў залах музея право­дзяцца ўрокі гісторыі. Спецыяльны стэнд прысвечаны зямлячцы, дэпутату Вярхоўнага Савета СССР Марыі Чэрнік і яе сыну Мікалаю. Ён узначальваў камсамольскую арганізацыю вёскі. Фашысты расстралялі іх 11 верасня 1941 года.

Наталля ДЗЕМЧАНКА з сынам Дзмітрыем і дачкою Эвелінай на прыёме ў доктара Віталя КАЗАКОВА і медсястры Таццяны РАКСЫ.

Юнымі краязнаўцамі сабраны багаты матэрыял пра баявы шлях партызанскіх брыгад «Няўлоўныя», імя Аляксандра Неўскага, чэкісцкага атрада «Слаўны». Гэты атрад арганізавалі ў першую ваенную восень па загадзе Галоўнага камандавання. Байцы пусцілі пад адхон 44 варожыя эшалоны, якія дастаўлялі боепрыпасы на фронт. 

Сувязь з юнымі краязнаўцамі падтрымліваў камандзір партызанскай брыгады «Няўлоўныя» Анатоль Марозаў. Прыязджаў на сустрэчы з Масквы. Традыцыйна ў сярэдзіне кастрычніка наведваецца ў Бакшты дэлегацыя КДБ для ўскладання вянкоў да брацкай магілы воінаў-чырвонаармейцаў, партызанаў, байцоў і камандзіраў спецатрада НКДБ БССР.

Настаяцель царквы Святога Панцеляймона Віталь УЦЯКАЛКА.

Усталяваны ў вёсцы помнік загінуўшым змагарам Лідскага міжраённага падпольнага цэнтра партызанскіх брыгад. На тэрыторыі сельсавета некалькі брацкіх магіл і мемарыял на месцы масавага знішчэння мірных жыхароў у вёсцы Белы Бераг. Школьнікі шэфствуюць над святынямі. 

Для старшакласнікаў адноў­лена прафпадрыхтоўка. Яны па суботах наведваюць Іўеўскі дзяржагратэхліцэй. Выпускнікі школы пасля атрымання прафесійнай адукацыі вяртаюцца працаваць дамоў. Большасць педагогаў атэстаты аб сярэдняй адукацыі атрымлівалі тут.

Трактарыст Аляксей АЎДЗЕВІЧ.

Людміла Жыжыч пасля заканчэння Беларускага дзяржуніверсітэта культуры кіруе справамі сельвыканкама. З дыпломам інжынера лясной гаспадаркі ўзначаліў лясніцтва Вячаслаў Бычкоўскі. Майстрам на лесаўчастку ААТ «Мастаўдрэў» працуе Уладзімір Каваленка, лесніком — Сяргей Каваленка. 

Яшчэ адзін Сяргей Каваленка стаў фермерам. Сустрэліся з ім на адгрузцы бульбы. Дзясяткі два вяскоўцаў затарвалі яе ў сеткі і загружалі ў аўтафургон. Бульбяны палетак займаў 30 гектараў. Прадукцыю рэалізуе на экспарт. Сяргей Іванавіч вырошчвае і гародніну. Пасля рэарганізацыі бакштынскай гаспадаркі засталіся пустымі вытворчыя памяшканні, але чамусьці фермеру іх не прадаюць. Стаіць парожнім і будынак па рамонце сельгастэхнікі. Сяргей Іванавіч мае намер пашыраць вытворчасць, але зямлі не выдзяляюць. Колькі новых працоўных месцаў магло б дадацца. 

Пераважная большасць вяскоўцаў заняты на лесаўчастку і ў двух лясніцтвах. Захапляюцца пчалярствам Дзмітрый Рагачук, Іван Гарадовіч, Зінаіда Будзько. Ёсць садаводы, агароднікі.

Фермер Сяргей КАВАЛЕНКА.

Дзейнічаюць у вёсцы Дом культуры, пошта, паліклініка, некалькі прыватных магазінаў. 

Падчас вандроўкі ажыў­ленне панавала ў мед­установе. Завіталі туды і мы. Выязны прыём ладзіў урач Юрацішкаўскай участковай бальніцы Віталь Казакоў. Дапамагала яму медсястра Таццяна Ракса. З маленькім сынам і дачкою-школьніцай прыйшла на прыём Наталля Дземчанка. З мужам-украінцам Аляксандрам Мікалаевічам і дзецьмі пераехалі на Гродзеншчыну з далёкага Казахстана. У суседняй вёсцы Забярэзь купілі дом. Пасля казахстанскіх стэпаў нязвычна, што да агарода падступае багаты на прыродную даніну лес. 

Завяршылася вандроўка сустрэчай з настаяцелем пра­васлаўнай царквы Святога Панцеляймона Віталем Уцякалкам. Прыехаў ён з сям’ёю з вялікай палескай вёскі Рубель, багатай на маці-гераінь. Сямёра дзетак падаравала матушка Святлана Мікалаеўна. Прасторны пакой дома нагадваў вялікі кветнік. На пачатку кастрычніка жанілі сына Івана. Жонкай яго стала студэнтка сталічнага медуніверсітэта Настасся Каваленка. Напрыканцы лета на вянцы ў новым храме, што побач з домам святара, стаяў з нявестай Аленай сын Мікалай. 

Вёска, дзе гуляюць вяселлі, безумоўна, мае будучае.

Іўеўскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter