Багдановiчу i дзецям – Богам дадзеная

Так кажуць у вёсцы Маісеевічы Ваўкавыскага раёна пра Алену Іванаўну Багдановіч. Пры тым пад такой характарыстыкай ахвотна падпішуцца і простыя сяляне, і вясковая інтэлігенцыя

Так кажуць у вёсцы Маісеевічы Ваўкавыскага раёна пра Алену Іванаўну Багдановіч. Пры тым пад такой характарыстыкай ахвотна падпішуцца і простыя сяляне, і вясковая інтэлігенцыя. Бо Алена, займаючы пасаду намесніка дырэктара Маісеевіцкай сярэдняй школы-сада, маці дваіх дзяцей, жывучы ў кватэры з выгодамі, не цураецца трымаць хатнюю жывёлу і даглядаць агарод.

Свой выбар – жыць проста – яна зрабіла трынаццаць гадоў таму. У той час, калі дала згоду стаць жонкай простаму хлопцу, механізатару Аляксандру Багдановічу. Ён разам з сябрам ездзіў на дыскатэкі з Маісее-вічаў у яе Пескі. І калі той нагледзеў сабе нявесту, Саша вырашыў не ўпускаць яе сяброўку, якая заканчвала Баранавічскае педвучылішча. Пра тое, што яна дачка дырэктара аднаго з заводаў у Мастоўскім раёне, нават не здагадваўся. А калі хлопец і дзяўчына зразумелі, што Богам дадзены адзін аднаму, нягледзячы на нязгоду бацькоў нявесты, усё роўна пажаніліся. 

Толькі вось заяву на шлюб прыйшлося падаваць тройчы. Першы раз у прызначаны загсам дзень Алене паставілі дзяржэкзамены. У другі – перашкодзіла нейкая дробязь. Трэцяй прычынай сталася аўтама-більная аварыя. 

Як складваюцца адносіны ў гэтай пары? 

Лідэрства ў сям’і, безумоўна, належыць Алене. І муж нічога супраць гэтага не мае. 

Не перашкаджае Аляксандр Багдановіч і кар’ернаму росту жонкі. Таму так лёгка скончыла Алена падчас знаходжання ў дэкрэтным водпуску педагагічны універсітэт – за тры гады, на скарочаным курсе. А потым згадзілася ўскласці на сябе абавязкі намесніка дырэктара школы. 

Дарэчы, менавіта школьны парламент узяў на сябе шмат  абавязкаў па арганізацыі вольнага часу школьнікаў. Ноу-хау ў гэтым напрамку з’яўляюцца музычныя паўзы, якія са згоды Алены Іванаўны тут не такая ўжо і рэдкасць. Музычны цэнтр стаіць на калідоры школы ўвесь час. І ўключаюць яго самі школьнікі па суботах на кожным перапынку. 

Дарэчы, традыцыйнымі ў гэтай вясковай школе сталі святкаванне “Апошняй школьнай вясны” і розныя паездкі. Апошнія — настолькі звыклая з’ява, што Алена Іванаўна, можа, і не ўзгадала б пра іх, каб я не звярнула ўвагу на тэлефон экскурсійнага бюро пад шклом на яе стале. Толькі ў гэтым вучэбным годзе маісеевіцкія школьнікі пабывалі на экскурсіях у Жыровіцкім манастыры,  Слонімскім краязнаўчым музеі, Мінскім цырку, рэзідэнцыі Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы, Нясвіжы, Міры. 

Нягледзячы на тое, што значную долю свайго часу прыходзіцца аддаваць розным справаздачам, Алена Іванаўна лічыць, што галоўнае ў яе жыцці – гэта выхаванне дзяцей. Такога правіла яна прытрымліваецца не толькі на рабоце, але і дома, у адносінах да дачок Марынкі і Ірынкі – кветачак Багдановічаў. 

Ваўкавыскі раён 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter