Багаты край на таленты і справы

Жабінкаўскі раён, утвораны ў 1940 годзе і адноўлены ў сённяшніх межах у 1966-м, адзін з найменшых у нашай краіне і, бадай, самы маленькі ў Брэсцкай вобласці. Яго тэрыторыя ўсяго 0,7 тысячы квадратных кіламетраў, а насельніцтва налічвае толькі 25,1 тысячы чалавек. Тым не менш раён мае багатую гісторыю, якую стваралі і ствараюць людзі, што жывуць тут. Сярод іх — прадстаўнікі розных прафесій і сфер дзейнасці: вучоныя, педагогі, медыкі, работнікі культуры, хлебаробы, ваенныя, святары. Многіх з іх добра ведаюць і шануюць не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі.

Жабінкаўскі раён, утвораны ў 1940 годзе і адноўлены ў сённяшніх межах у 1966-м, адзін з найменшых у нашай краіне і, бадай, самы маленькі ў Брэсцкай вобласці. Яго тэрыторыя ўсяго 0,7 тысячы квадратных кіламетраў, а насельніцтва налічвае толькі 25,1 тысячы чалавек. Тым не менш раён мае багатую гісторыю, якую стваралі і ствараюць людзі, што жывуць тут. Сярод іх — прадстаўнікі розных прафесій і сфер дзейнасці: вучоныя, педагогі, медыкі, работнікі культуры, хлебаробы, ваенныя, святары. Многіх з іх добра ведаюць і шануюць не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі.

“Герой двух кантынентаў”

Жабінкаўская зямля ганарыцца Тадэвушам Касцюшкам. Гэтага праслаўленага чалавека, якога ўжо пры жыцці называлі “героем двух кантынентаў” і “найчысцейшым сынам свабоды”, у Беларусі, Польшчы і Злучаных Штатах Амерыкі шануюць як народнага героя. Імя Тадэвуша Касцюшкі гартавала людзей пад сцягам вольнасці. Падтрымкі і сяброўства генерала шукалі самыя вядомыя людзі XVIII і XIX стагоддзяў. Цікавасць да яго не слабее і цяпер.
 Яго імя звязваецца з невялікім паселішчам — вёскай Малыя Сяхновічы. Калісьці тут стаяла сядзіба вядомага на Брэстчыне шляхецкага роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх. Каля дзесяці гадоў свайго бурлівага жыцця Тадэвуш правёў у гэтым маёнтку.
 Цяпер ад былой сядзібы, у якой жылі 12 пакаленняў знакамітай сям’і, засталіся рэшткі старажытнага Касцюшкаўскага парку, часткова пасаджанага самім генералам. У вёсцы таксама існуюць мемарыяльны пакой Тадэвуша Касцюшкі і помнік-бюст герою.

Каравайшчыца з Баранцоў

Народнымі майстрамі па вышыўцы, ткацтву, пляценню славіцца вёска Баранцы. І галоўнай майстрыхай тут лічыцца Соф’я Рыгораўна Карась. Асаблівая слава ідзе пра яе вясельныя караваі. І сапраўды, калі паглядзець на кампазіцыю, якая ўпрыгожвае яе вясельны каравай, то можна ўбачыць і буслоў, і кветкі, і грыбочкі, і фігуркі маладых і музыкаў. Яе караваі займалі пачэснае месца на вясельных сталах не толькі ў Баранцах, але і ў Жабінцы і Кобрыне, Ваўкавыску і Высокім, Пружанах і Брэсце, нават  вязуць гэткую прыгажосць у Маскву, Разань, Іванава. Сваё майстэрства перадае Соф’я Рыгораўна нявестцы Людміле і ўнучцы Наташы.
Софья Карась даўно збірае стары посуд і іншыя прадметы хатняга ўжытку: гладышы, палавікі, адзенне, ручнікі. З яе калекцыі і па яе ініцыятыве ў Баранцоўскім доме культуры адкрыўся этнаграфічны музей. А яшчэ па выніках 2002 года ў галіне сацыяльнай абароны насельніцтва жанчына была ўдастоена высокага звання “Чалавек года”.

Святое месца пустынню бывае

Спаса-Праабражэнскі мужчынскі манастыр у вёсцы Хмелева вядомы далёка за межамі вобласці і рэспублікі сваімі цудадзейнымі іконамі: Чэнстахоўскай Божай Маці і рэдкай — Мікалая Цудатворца ў белай рызе. Хаця царква была пабудавана ў далёкім 1725 годзе, найбольшую папулярнасць яна набыла ў канцы 90-х мінулага стагоддзя. Звязана гэта з прыходам ігумена Серафіма і будаўніцтвам пустыні. На яго службы едуць вернікі з розных куточкаў свету, асабліва многа па нядзелях, калі чытаецца акафіст Чэнстахоўскай іконе, і кожную другую суботу, калі ігумен праводзіць малебен аб нямоглых.

Беларускі сібірак

Цяпер такое нават цяжка ўявіць: усяго 50 гадоў назад мала хто верыў, што ў Сібіры можа быць нафта!
Ураджэнец Жабінкаўшчыны акадэмік Андрэй Аляксеевіч Трафімук (1911—1999) не толькі быў упэўнены, што “Сібір плавае на нафце”, але здолеў даказаць гэта ўсяму свету. Яго вышынь у геалогіі не дасягаў ніхто. Вучоны адкрыў тры нафтагазаносныя правінцыі Расіі — тры моры “чорнага золата” і блакітнага паліва... Пры жыцці Андрэй Аляксеевіч стаў Героем Сацыялістычнай Працы, заслужаным дзеячам навукі і тэхнікі, ганаровым нафтавіком і работнікам газавай прамысловасці СССР, лаўрэатам дзвюх Дзяржаўных прэмій СССР і Дзяржаўнай прэміі Расіі, кавалерам 6 ордэнаў Леніна, 2 ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Кастрычніцкай Рэвалюцыі, шматлікіх медалёў. Пасля смерці імя акадэміка Трафімука прысвоена аднаму з інстытутаў Сібірскага аддзялення Акадэміі навук, у Інстытуце геалогіі нафты і газу існуюць прэміі А.А.Трафімука, а ў Новасібірскім і Казанскім універсітэтах — імянныя стыпендыі. Акадэмік абвешчаны ганаровым грамадзянінам горада Новасібірска.

Адзін камель на чатыры сасны

Гэты цуд сустрэўся нам ва ўрочышчы Сасновы Бор, зусім побач са школьным летнім лагерам “Арляня”. Тоўсты і даволі высокі камель, а з яго ўскінуліся ў неба чатыры гонкія сасны. Роўныя, адна ў адну. Ледзь прыкметныя раўчукі на камлі, якія абазначылі кожную з іх, сведчаць, што гэта асобныя дрэвы, а не адгалінаванні аднаго дрэва. Хутчэй за ўсё, калісьці чатыры насенныя зярняткі ўпалі і прараслі разам, аб’яднаўшыся каранямі і грунтам. Адны і тыя ж сокі зямлі дазволілі вырасці высокімі і дужымі ўсім чатыром соснам-блізнятам. Дакладней, іх назваць “сіямскімі блізнятамі”, калі перанесці гэты тэрмін з людзей на дрэвы.

Крупчыцкая бітва

Вёска Чыжэўшчына знаходзіцца на паўднёвым усходзе раёна. Мясцiны тут асаблiвыя, яны — сведкi значных падзей у гiсторыi нашай Беларусi.
Амаль 215 гадоў таму 17 верасня 1794 года на гэтай тэрыторыi памiж палкамi генерала Караля Серакоўскага i Аляксандра Суворава адбылася самая значная на беларускiх землях бiтва часоў паўстання, узначаленага Тадэвушам Касцюшкам. У ёй бралi ўдзел каля 16 тысяч ваяроў з абодвух бакоў, агульныя страты склалі звыш 1000 чалавек.
Паўзабытая амаль дзвесце гадоў Крупчыцкая бiтва мела агульнагiстарычнае значэнне. Яна не толькi паўплывала на вынiк усяго паўстання, але i на доўгiя стагоддзi вызначыла лёсы цэлых краін i народаў.
У памяць аб падзеях верасня 1794 года на Вялiкiм Крупчыцкiм полi, у сучаснай вёсцы Чыжэўшчына, узведзена мемарыяльная каплiца. 3 самага пачатку свайго iснавання яна стала часткай турыстычнага маршруту. Яе наведваюць госцi з многіх краін свету.

Здзітаўская царква

Свята-Мікітаўская царква згадваецца ў летапісах 1502 года, і гэта адзіная драўляная царква не толькі на Жабінкаўшчыне, але ў Брэсцкай вобласці такога шаноўнага ўзросту. Размешчаны храм на беразе Мухаўца ў маляўнічай мясціне сярод дрэў. Гэтая царква — тыповы прадстаўнік адназрубавых храмаў Беларусі XVI — XVIII стагоддзяў. Гонар царквы — ікона “Маці Боская з дзіцём на руках”, адзін з лепшых твораў старажытнабеларускага жывапісу.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter