В Молодечненской музыкальной альма-матер - двойной праздник

Багацце нотнага стану

Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К. Агінскага адзначае адразу два юбілеі. Спаўняецца 60 гадоў з часу адкрыцця навучальнай установы і 50 — створанаму ў яго сценах сімфанічнаму аркестру.

Многіх таленавітых вакалістаў выхаваў заслужаны дзеяч культуры Георгій ЮРЭВІЧ — педагог, намеснік дырэктара каледжа і яго колішні выпускнік.

Дыплом са знакам якасці


За час існавання каледжа ў ім падрыхтавана каля 6 тысяч маладых спецыялістаў. Яго выпускнікі з поспехам працуюць сёння ў многіх канцэртных арганізацыях, музычных тэатрах, аркестрах і навучальных установах нашай рэспублікі, а таксама шэрагу замежных краін — Расіі, Германіі, Італіі, Францыі, Канадзе, ЗША, Мексіцы… Амаль два дзясяткі выпускнікоў носяць ганаровыя званні народных, заслужаных артыстаў, заслужаных дзеячаў культуры, кандыдатаў мастацтвазнаўства, прафесар — таксама ёсць. Дыплом выпускніка Маладзечанскага музычнага каледжа здаўна сінонім знака якасці. Пра гэта кажуць без перабольшання.

У юбілей без падарункаў ніяк. Адзін з іх — і вельмі шыкоўны — зрабіў каледжу Мінскі аблвыканкам: для навучальнай установы набылi вялікі канцэртны раяль Steinway. Падчас урачыстасцей інструмент прэзентуюць на сцэне. У ліку першых  сыграюць на ім былыя выпускнікі каледжа — лаўрэаты міжнародных конкурсаў.

Дарэчы, на матэрыяльную базу навучальнай установе скардзіцца не выпадае. Дырэктар каледжа Рыгор Сарока кажа пра яе – багацейшая:

— 400 музычных ін-струментаў, прычым 80 працэнтаў — сусветнага ўзроўню. Інтэрнат, які размяшчае ўсіх жадаючых, майстэрня для мастакоў,  транспарт — грузавы і мікрааўтобус. Навучальны корпус мае 66 аўдыторый, адрамантаваных па еўрастандарце.

Але вернемся да творчасці. Дырэктар Рыгор Сарока – вядомы музыкант, дарэчы, таксама былы выпускнік каледжа і ўжо амаль 40 гадоў нязменны мастацкі кіраўнік і дырыжор сімфанічнага аркестра — таго самага, якому 50 і які даўно славіцца высокім выканальніцкім майстэрствам і вялікім творчым патэнцыялам. Сёння ў рэпертуары калектыву — шэдэўры сусветнай класікі, творы беларускіх кампазітараў мінулых гадоў і сучасных аўтараў.

Рыгор САРОКА — заслужаны дзеяч культуры, дырэктар каледжа, галоўны дырыжор сімфанічнага аркестра.

Каледж, які спявае


У апошні час значныя творчыя дасягненні аркестра звязаны з маштабнымі опернымі праектамі і створаным на базе каледжа Маладзечанскім маладзёжным народным музычным тэатрам. Ажыццёўлены пастаноўкі такіх вядомых опер, як «Іаланта» і «Яўген Анегін» Чайкоўскага, «Травіята» Вердзі, «Кармэн» Бізэ. Унікальнаму калектыву няма аналагаў у краіне, а можа, і на постсавецкай прасторы, па сутнасці, гэта гарадскі оперны тэатр. Прычым з выдатнымі маладымі салістамі.

Вакальную школу каледжа высока цэняць прафесіяналы.

Алена Куракіна, прарэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі:

— Штогод да нас у акадэмію паступаюць ад 10 да 18 выпускнікоў  маладзечанскага каледжа. Гэта шмат для нашай камернай ВНУ, дзе набіраюцца невялікія курсы студэнтаў. Але справа не ў колькасці, а ў якасці абітурыентаў. Выхаванцы маладзечанскага каледжа, якія вучацца ў нас, — у ліку самых таленавітых студэнтаў. Ён рыхтуе ўнікальных вакалістаў, гэта каледж, які спявае.

Дарэчы, па ініцыятыве Рыгора Сарокі кампазітар Алег Залётнеў спецыяльна напісаў оперу «Міхал Клеафас Агінскі. Невядомы партрэт». Яе прэм’ера адбылася  ў 2013-м, а да двух цяперашніх юбілеяў спектакль паставілі яшчэ раз і з новымі ўдзельнікамі — салістамі Вялікага тэатра оперы і балета, былымі выпускнікамі каледжа ў галоўных ролях.

Знакамітыя музыканты і спевакі з ліку ранешых студэнтаў, лаўрэаты міжнародных конкурсаў, салісты вядучых оперных тэатраў выйдуць на сцэну Палаца культуры горада Маладзечна ў святочным канцэрце, прысвечаным юбілею аркестра і альма-матар. Дзень святкавання дзвюх круглых дат прызначаны на 26 кастрычніка.

ДУМКІ ЎСЛЫХ

Алег Елісеенкаў, музыкант, спявак, кампазітар:


— Як пра дзяцей артыстаў цырка кажуць – нарадзіліся на манежы, пра мяне, напэўна, можна сказаць, што, як асоба, я нараджаўся ў класах і калідорах тады яшчэ Маладзечанскага музвучылішча. Памятаю многіх выкладчыкаў з тых, хто стаяў ля яго вытокаў, сярод іх быў і мой тата  Мікалай Георгіевіч Елісеенкаў. Студэнтам 5-га курса кансерваторыі ён ужо працаваў педагогам, ездзіў з Мінска ў Маладзечна выкладаць у толькі што адкрытае вучылішча. Успамінаючы з ранейшымі выпускнікамі гады сваёй вучобы, кожны раз гаворым пра якасць выкладання тых першых педагогаў. Ведаючы стаўленне да музыкі, да прафесіі майго бацькі, магу сказаць: тая каманда першых выкладчыкаў усё ацэньвала па гамбургскім рахунку. У іх не было адчування сваёй правінцыяльнасці. Для іх існаваў сусветны ўзровень музыкі, і толькі адносна яго яны ацэньвалі сябе, сваю працу, студэнтаў — з вельмі патрабавальным прафесійным падыходам. Гэты падмурак шмат у чым вызначыў развіццё навучальнай установы. І яшчэ. Яны былі не проста выкладчыкамі, але і практыкуючымі музыкантамі, кіравалі прафесійнымі калектывамі. Такі вучэбна-творчы працэс адбываецца і цяпер. Каледж сёння не толькі навучальная ўстанова, але і канцэртная арганізацыя ў пэўным сэнсе, дзе студэнты з першых гадоў працуюць у творчых калектывах, атрымліваюць поўнае ўяўленне аб абранай прафесіі. Рух, які пайшоў ад першага выкладчыцкага складу, працягваецца, а значыць, захоўваюцца і развіваюцца лепшыя традыцыі.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter