Навукоўцы распрацавалі лінейку БАДаў і спартыўнага харчавання на аснове амінакіслот

БАД у тры хады

Больш не трэба пераплачваць за імпартную прадукцыю або купляць за мяжой ката ў мяшку — нашы навукоўцы распрацавалі цэлую лінейку высакаякасных біялагічна актыўных дабавак і спартыўнага харчавання. Яны ўмацоўваюць імунітэт, выводзяць таксіны, здымаюць стрэс і стомленасць — пра гэтыя і іншыя перавагі навінак даведалася карэспандэнт «Р».

БАДы і спартыўнае харчаванне выпускаюцца ў капсулах і ў выглядзе парашка

 БАДы сталі папулярнымі ў нас у 2003 годзе, тады іх рэклама запаланіла тэлебачанне, друкаваныя выданні, стракацела на ўсіх прыдарожных слупах. Маўляў, купляйце і будзеце здаровыя. Адны лічылі біялагічна актыўныя дабаўкі панацэяй, іншыя — поўным ашуканствам. І шмат у чым мелі рацыю: несумленныя вытворцы нярэдка грэбавалі даверам кліентаў і падкладвалі ў скрынкі пілюлі-«пустышкі». Шкоды не было, але і карысці таксама ніякай.

—За якасць БАДаў адказваюць толькі сумленныя вытворцы. Але такіх, на жаль, не шмат, і спажыўцам нярэдка трапляюцца падробкі. Прапаноў на рынку процьма, упакоўкі яркія і прыгожыя, простаму абывацелю лёгка разгубіцца і памыліцца з выбарам, — распавядаюць у Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук.

Загадчыца аддзела лекавых рэчываў Зоя Куваева праводзіць мяне на фармацэўтычную вытворчасць, дзе строга выконваюцца ўсе нормы і правілы сінтэзу субстанцый для БАДаў. Падчас невялікага экскурсу вучоны тлумачыць, што да чаго:

— Мы старанна правяраем любы «ўваходны» прадукт. Сыравіна, што не адпавядае нашым патрабаванням, вяртаецца вытворцу. З гэтым строга. Да таго ж абавязкова кантралюем якасць канчатковага прадукта — кожная партыя атрымлівае сертыфікат.

Ужо створана і паступае ў аптэчную сетку 14 най­менняў БАДаў пад гандлёвай маркай «НІКА». Навукоўцы на гэтым не спыняюцца — на падыходзе яшчэ некалькі актуальных навінак.

Даказана, што БАДы могуць папаў­няць арганізм усім неабходным і прадухіляць развіццё многіх захворванняў. Асаб­лівая ўвага пры распрацоўцы БАДаў надаецца амінакіслотам. Яны ўдзельнічаюць ва ўсіх пра­цэсах жыццядзейнасці чалавека. Амінакіслоты, з якіх складаецца бялок, — будаўнічы матэрыял нашага арганізма.

— Усяго існуе 20 унікальных амінакіслот, якія злучаюцца адна з адной у рознай пасля­доўнасці і ўтвараюць бялковыя малекулы ўсіх органаў і тканак. 12 з іх сінтэзуюцца ў арганізме — гэта замяняльныя амінакіслоты, 8 амінакіслот — незаменныя, якія павінны паступаць у арганізм у выгля­дзе прадуктаў харчавання або дабавак, — расказвае прафесар і праводзіць мяне па ўсіх памяшканнях вытворчасці.

Спецыяліст тлумачыць: часцяком амінакіслот у арганізме недастаткова, адсюль і розныя хваробы. Прабелы трэба запаўняць. Да прыкладу, недахоп таўрыну ўплывае на зрок, парушае працу сардэчна-сасудзістай сістэмы, моз­га. Гліцын неабходны для нармальнага функцыянавання цэнтральнай нервовай сістэмы, паляпшае памяць.

На фармацэўтычнай вытворчасці строга выконваюцца ўсе нормы і правілы сінтэзу субстанцый

Павысіць працаздоль­насць, зняць стомленасць, праду­хіліць заўчаснае старэнне дапа­магае селен. БАД на аснове амі­накіслаты селенаме­тыянін валодае антыаксідантнымі ўласці­васцямі, выводзіць цяжкія металы, спрыяе зніжэнню рызыкі анкалагічных захворванняў. Ёсць БАД, які з’яўляецца крыніцай бурштынавай кіслаты, — ужываецца пры павышаных фізічных і псіхаэмацыянальных нагрузках. А вось дабаўка «НІКА МСМ» спрыяе ўмацаванню суставаў, звязак, выводзіць таксіны, нармалізуе страваванне, паляпшае валасы, пазногці, стан скуры.

Яшчэ больш амінакіслот неабходна тым, хто расходуе вельмі шмат энергіі, — спартсменам. Іх рацыён моцна адрозніваецца ад нашага, таму створана цэлая лінейка спецыяльнай «падкормкі» ў выглядзе спартыўнага харчавання, пры распрацоўцы якога ўлічваліся пажаданні спартыўных урачоў. Гэта садзейнічае нарошчванню мышачнай масы, паляпшэнню канцэн­трацыі ўвагі, павелічэнню фізічнай трываласці і шмат чаму іншаму.

—Спартыўнае харчаванне можна спакойна спалучаць з БАДамі. Возьмем, да прыкладу, L-карніцін, — Зоя Куваева адкрывае скрынку са знаёмай для мяне назвай. Рэчыва спрыяе энергетычнаму абмену, спальванню тлушчу, паляпшае працу сардэчна-сасудзістай сіс­тэмы, аднаўляе арганізм пасля фізнагрузак. Да таго ж вядома сваёй дарагоўляй — слоічак з сотняй капсул якаснага L-карніціна каштуе ад 50 рублёў і вышэй. Папулярны прадукт можна знайсці ў любым магазіне спартыўнага харчавання.

— Гэта проста касмічная цана, — дзівіцца субяседніца. — Наш прадукт як мінімум у два разы танней. І якасць на строгім кантролі.

Параўноўваем цэны яшчэ на адзін БАД, які карыстаецца попытам у асноўным у жанчын у клімактэрычным узросце. Крыніцу бэта-аланіну раней многія закуплялі за мяжой або бралі ў перакупшчыкаў з рук. Цана — мінімум 20 долараў за ўпакоўку. Беларускі прэпарат абыдзецца ўсяго ў 6 рублёў 30 капеек за 30 капсул. Розніца істотная.

БАДы і спартыўнае харчаванне выпускаюцца ў капсулах і ў выглядзе парашку — каму як зручна ўжываць. Спажывец можа не сумнявацца, што ўнутры скрынкі ляжыць тое, што заяўлена: упакоўкі маюць так званы кантроль першага распячатвання. Сучасная абарона гарантуе сапраўднасць тавараў і не дае ашуканцам нажывацца на даверлівых кліентах.

ypopko@bk.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter