У Гомелі зрабілі першыя аперацыі на найноўшым артраскапічным комплексе

Бачым сустаў наскрозь

У Гомельскай абласной клінічнай бальніцы з'явіўся першы ў краіне найноўшы артраскапічны комплекс з ультравысокай якасцю раздзялення для дыягностыкі розных паталогій суставаў. Ён дазваляе праводзіць дыягностыку і лячэнне і павялічыць колькасць такіх аперацый амаль у два разы. У аперацыйнай пабываў карэспандэнт «Рэспублікі».

Дзеянні можна карэктаваць анлайн.
Фота Марыі АМЕЛІНАЙ
 
Гомельскія хірургі зазіраюць у таямніцы сустава. На аперацыйным стале 18-гадовы кандыдат у майстры спорту па вольнай барацьбе. Пасля траўмы ў яго праблемы з каленам. Адкалоўся кусок меніска. Яго трэба дастаць. Дапамагае хірургам новае абсталяванне. Яно дазваляе атрымліваць якасную візуальную характарыстыку ўнутрысустаўных структур і вызначыць аптымальнае рашэнне пры аператыўным умяшанні. Пры гэтым траўматычнасць працэдуры і рызыка развіцця ўскладненняў мінімізаваныя, а час правядзення аперацыі значна скарачаецца.

Аперацыю праводзіць загадчык траўматолага-артапедычнага аддзялення Гомельскай абласной клінічнай бальніцы, галоўны траўматолаг Гомельскай вобласці Юрый Кос:

— Сістэма абсталявана магутнай святлодыёднай крыніцай з доўгім тэрмінам службы, плюс мноства патрэбных опцый. Ёсць магчымасць анлайн карэктаваць дзеянні. Мы падчас аперацыі змаглі ўбачыць, што меніск цэлы. А вось у храстку выявілі паталогію. Частка храстковай тканкі адпластавалася і перашкаджае нармальнай працы калена. Мы апрацавалі паверхню храстка і вынялі з сустава праблемны кавалачак тканкі. Дзякуючы комплексу ўбачылі тое, што не паказалі УГД і МРТ, удакладнілі дыягназ і зрабілі фактычна іншую аперацыю.

Яшчэ вельмі важна, што скарачаецца час на хірургічнае ўмяшанне: замест адного ў дзень можна праводзіць два. У год праводзіцца да 500 артраскапічных аперацый на каленных і плечавых суставах, але з новай тэхнікай, як адзначылі хірургі, гэтая лічба можа значна вырасці. Скарачаецца і тэрмін рэабілітацыі. Гэта сапраўды новы, якасны крок ад таго абсталявання, на якім да гэтага працавалі 11 гадоў. У зоне рызыкі ў асноўным «моцны пол» ва ўзросце ад 18 да 40 гадоў. Тыя, хто актыўна займаецца спортам. А таксама ўсе людзі пасля 50 гадоў, калі ў суставах чалавека адбываюцца змены.

Комплекс каштуе 484 тысячы рублёў. Закупка праведзена за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Устаноўка новага абсталявання стала адным з этапаў рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

sb_gomel@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter