Уникальная мастерица деревянных скульптур из Чашникского района: живая легенда родной земли

Бабуліны казкі

Яе называюць адзінай у Еўропе жанчынай, якая дасканала валодае тэхнікай разьбы па дрэве. Ганну Асіпкову сёння ведаюць у ЗША, Швецыі, Францыі і нават Японіі. Пра яе яшчэ ў часы СССР пісалі «Известия» і «Правда». Цудоўныя работы самабытнага аўтара, сапраўдныя шэдэўры, можна знайсці ў многіх краінах свету. Як, дарэчы, і незвычайныя карціны, створаныя ёю. Але канкрэтныя месцы, дзе яны знаходзяцца, не ведае нават сама Асіпкова. Чаму? Проста Ганна Савельеўна, з любоўю выразаўшы з дрэва многія сотні ўнікальных экспанатаў і намаляваўшы шматлікія палотны, усе іх... падарыла добрым людзям. А ў яе разуменні выключна ўсе людзі ў свеце – абавязкова добрыя.

Унікальны майстар за працай.

Таленавітая майстрыха-самавучка з бязмежна бескарыслівым сэрцам вось ужо 80 гадоў адданая роднай зямлі. Галоўная тэма яе работ – сельскія і хрысціянскія матывы, беларускія абрады, народныя казкі. Гэта не проста выразаныя з дрэва элементы, але і паўнавартасныя шматфігурныя скульптурныя кампазіцыі ў чалавечы рост. Нават складана ўявіць, колькі часу і сіл патраціла аўтар на кожную з работ. Не кажучы ўжо пра тое, што матэрыял для будучых драўляных шэдэўраў Ганна Асіпкова шукала сама ў бліжэйшых лясах. У любым карэньчыку, мудрагелістай галінцы і выгнутым ствале рэзчыца здольная разглядзець будучую скульптуру.

Работа пад назвай «Запявала» — дарослыя радуюцца таленту юнага спевака.

Козачкі, яшчаркі, лесавічкі, жырафы, алені, дзіўныя кветкі і чалавечыя фігуркі, асобныя сцэны сельскага жыцця – гэта так званыя малыя формы. Для вялікіх патрабаваліся салідныя бярвенні, працаваць з якімі жанчыне пілой, сякерай і стамескай вельмі няпроста. Вось шматфігурная разьбяная скульптура Георгія Пераможцы. Сам герой з курчавымі валасамі – на кані. За ім узвышаюцца купалы храма. У руках – доўгае кап'ё, пад якім выгінаецца змей. «Рыбак» – шчаслівы хлапчук, падкасаўшы штонікі, выцягнуў з ракі шчупака амаль што ў свой рост. «Я сам!» – дзіця спрабуе надзець чаравік, а сабака цягне за шнурок. Захапляюць рэалістычнасцю і прыгажосцю кампазіцыі «Ля Лукамор'я дуб зялёны», «Любіць — не любіць», «Запявала», «Купалле», «Дрэва жыцця», «Гусі-лебедзі», «Папрадуха»... Любавацца імі можна бясконца. Настолькі выразна прыкмечаны і перададзены аўтарам характары, погляды, жэсты, звычкі людзей!

Хата Ганны Савельеўны ў вёсцы Млын.

Больш за 60 самых значных работ былая вясковая настаўніца Ганна Асіпкова бясплатна перадала Чашніцкаму гістарычнаму музею. Пасля таго, дарэчы, як ёй прапанавалі прадаць іх за межы раёна. Майстар вырашыла, што гэта непатрыятычна. Сцвярджае: талент дадзены ёй роднай зямлёй, у большасці сваёй матывы таксама родныя, навеяныя мясцовым фальклорам. Як усё гэта можна прадаць за грошы?!

Яе карціны могуць упрыгожыць самы вытанчаны інтэр'ер.

– Зараз мне з-за ўзросту ўжо складана займацца разьбой, – прызнаецца гераіня. – Таму больш малюю. Вось нядаўна раённая бібліятэка папрасіла 5—6 карцін на тэму народных абрадаў для выставы. Эскізы я ўжо зрабіла, хутка скончу...

Гэтыя карціны ўпрыгожваюць сцены кватэры — у якасці палатна гаспадыня выкарыстоўвала старыя шпалеры.

У просценькай кватэрцы Ганны Савельеўны – сапраўднае казачнае царства. Купіць з пенсіі добрую паперу бабуля не ў стане, гэтак жа, як і прафесійныя фарбы. Але ў пасляваенныя гады яна даволі паспяхова пачынала сваю кар'еру мастачкі на старых газетах і абгортачнай паперы з вугальком у руках – ці ёй прывыкаць? А таму зараз малюе для сябе на старых шпалерах. На адваротным баку. Атрымліваюцца такія карціны, якія могуць упрыгожыць самы вытанчаны інтэр'ер. Любата! Модныя сёння фоташпалеры і блізка не стаялі. На нейкім дзясятку квадратных метраў – цэлая галерэя, толькі паспявай паварочваць галаву…
Ганна Савельеўна ў маладосці.

Крыўдна, вядома, што свой уласны дом у вёсцы Млын па сямейных абставінах пенсіянерка была вымушана пакінуць некалькі гадоў таму. Але нават цяпер у пабляклых фарбах хаты, разных варотах і казачнай цуда-загарадзі відаць, колькі сіл і душы ўклала калісьці былая гаспадыня ў сваю сядзібу. Палац!

Пераехаўшы ў Новую Зару, бабуля не разгубілася. А так як сцены старога барака, дзе яна пасялілася, мала падыходзілі для выяўленчага мастацтва, а ўнутры кватэры месца недастаткова, Ганна Асіпкова спачатку размалявала ўсе пабудовы ў сядзібе пляменніка. Такая прыгажосць прыйшлася па душы не толькі вяскоўцам, але і шматлікім гасцям-экскурсантам, якія вось ужо многія гады сцякаюцца ў гэты край выключна для таго, каб пазнаёміцца з незвычайнай бабуляй-майстрыхай. Яна не супраць пагутарыць з гасцямі ў вольны ад працы час. Вось толькі яго, часу гэтага, у нашай гераіні не так ужо і шмат – творчая энергія патрабуе самавыяўлення, а таму пенсіянерка часта адклікаецца на просьбы землякоў упрыгожыць іх жыллё. Робіць гэта бясплатна. Для душы...

begunova@sb.by

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter