Бабровая «штаб-кватэра» – недзе ў Іўі?

ТОЕ, што дзікія жывёлы могуць наблізіцца да жылля чалавечага, — не такая ўжо і сенсацыя. Але апошнія гады ў нашым Іўі пачасціліся выпадкі, калі актыўная «дзейнасць» братоў меншых прымушае здзіўляцца...

Жыхары гэтага райцэнтра на Гродзеншчыне раз-пораз сутыкаюцца з не зусім звычайнымі з’явамі.

ТОЕ, што дзікія жывёлы могуць наблізіцца да жылля чалавечага, — не такая ўжо і сенсацыя. Але апошнія гады ў нашым Іўі пачасціліся выпадкі, калі актыўная «дзейнасць» братоў меншых прымушае здзіўляцца...

Вось, напрыклад, гісторыя, што здарылася два гады таму. Жыхары васьмікватэрнага дома па вуліцы Піянерскай забілі трывогу: з куратнікаў, што пры доме, пачалі таемна знікаць нясушкі. Спачатку думалі на мясцовых выпівохаў. Але злодзея дапамог «выкрыць», лічыце, выпадак. Супрацоўнікі МНС неяк заўважылі на жалезабетонным мосце праз рэчку Іўянку лісу з трыма лісянятамі. Яна хуценька сіганула  пад  мост...  Калі  хлопцы  пайшлі  па следзе, то вельмі здзівіліся: нара была зроблена акурат пад мастом! Адтуль рыжая хадзіла на паляванне, відавочна, часцей у начны час. Дзіўна, чаму ліса выбрала наогул такое люднае месца? Лес жа — зусім недалёка?

У хуткім часе пасля таго, як нару «выкрылі», ліса, не вытрымаўшы ўвагі мясцовай дзятвы, перабралася ў больш зацішнае месца. Але на гэтым суседства іўеўскага люду з дзікімі жывёламі, здаецца, не вычарпанае. Мінулай вясной я сам стаў сведкам яшчэ аднаго дзіва дзіўнага ў «выкананні» прадстаўнікоў фаўны. На скрыжаванні вуліц Піянерскай і 8-га Сакавіка ў райцэнтры некалі быў маёнтак графіні Эльфрыды Замойскай з прыгожым паркам. З яго паўднёва-усходняга боку стварылі некалі каскад сажалак, якія злучаліся пратокамі і жывіліся крыштальна чыстай вадзіцай з недалёкай крынічкі. Праўда, большасць сажалак з цягам часу зацягнула глеем, зараслі яны асакой, чаротам. Па берагах такіх «памерлых» сажалак растуць вярба, вольха ды чаромха.

Дык вось, праходзячы каля адной з сажалак, найбольш вялікай па плошчы і паўнаводнай, заўважыў я паваленыя дрэвы. Іх «спілавалі» бабры! І не адно ці два, а цэлых 11! Яшчэ два чамусьці кінулі недапілаванымі.

Застаецца загадкай, адкуль прыбылі гэтыя дрывасекі-«рэкардсмены»? Завіталі на дзень ці, як тая хітруха-лісіца, пасялілся дзесьці ў Іўі надоўга? Цікава было б паглядзець на бабровую «штаб-кватэру»...

Іван ГОВАР (г. Іўе)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter