Бабiна лета

Танюсенькая павуцінка невядома адкуль апусцілася мне на рукаў кашулі. Быццам скручаная ці заплеценая ў канацік дзявочая каса ліліпуткі-дзюймовачкі...

Танюсенькая павуцінка невядома адкуль апусцілася мне на рукаў кашулі. Быццам скручаная ці заплеценая ў канацік дзявочая каса ліліпуткі-дзюймовачкі. Можна падзівіцца гэтаму відовішчу ў атачэнні каменных джунгляў горада. Як ні стараўся адчапіць павуцінку-касу, нічога не атрымалася. Яна ўсё роўна як прыклеілася да тканіны. І раптам свядомасць працяў патаемны сігнал з мінулага. А дакладней, з адной забытай восені ў мінулым стагоддзі. Нібыта мульцік пракруціўся перад вачыма. Ці сентыментальны ўспамін...

Тады я быў намнога маладзейшы і працаваў у іншай газеце. Аднойчы на пачатку восені прыйшла позва з ваенкамата. Мяне выклікалі на вайсковыя зборы афіцэраў запасу амаль на цэлы месяц. І ў той час, а цяпер і падаўна не сакрэт,  летні лагер мы разбілі  ў дзівосных па прыгажосці мясцінах на Лепель­шчыне. Мы пераапрануліся ў новенькую летнюю вайсковую форму, прасвідравалі да пагонаў маленькія зорачкі. 

Жыць-служыць сталі ў палатках. Дні стаялі сонечныя і цёплыя, а вось начамі захаладала так, што мы прачыналіся і ляскаталі зубамі. На шчасце, нам без бюракратычных выкрутасаў тэрмінова выдалі шынялі. У тлуме, распісаных па гадзінах і хвілінах вайсковых клопатах на цудоўным улонні прыроды праляцелі першыя два тыдні збораў. А тут на чарзе святочны нядзельны дзень. Жадаючым дазволілі звальненне. Нехта выпісаў, як мы жартавалі, «аўсвайс» на Лепель, іншыя — на Віцебск, нехта не пажадаў траціць час і здароўе на дарожную аднадзённую мітусню. Ды і нельга было, дарэчы, усім начыста разбягацца з часці. 

Карацей, я ўзяў у мясцовага прапаршчыка вуду і пашыбаваў уздоўж зарослай хмызняком рэчкі як мага далей ад казармаў і палатак. Дабраўся да маляўнічага ляснога возера. Размясціўся на ўтульным сухім пагорку над цёмнай кручай, дзе пад густой ракітай загадкава гойдалася воднае люстэрка. Закінуў вуду. Рыба не бралася. Затое сам я так разамлеў на вераснёўскім сонейку, што неўпрыкмет задрамаў. А затым так уздрыгнуў ад здзеклівага воклічу, што ледзьве не скаціўся спрасоння ў вір пад ракітай. 

— Гэй, капітан! Глядзі, каб такім макарам сам не трапіў пад корч ракаў пасвіць. Месца тут нядобрае, ты не шуткуй... 

Я канчаткова ачомаўся і працёр вочы. Метраў якіх за пяць на вадзе ў лодцы-пласкадонцы сядзеў паважнага ўзросту мужычок у цывільнай вопратцы. Ён насмешліва зыркаў на дзівака ў ваеннай форме. Маўляў, трэба было так далёка часаць ад людскога вока, каб пакемарыць на вераснёўскім сонейку. Але я не стаў злавацца. Было б з чаго тут ладзіць сварку. Добразычліва гукнуў незнаёмца прычаліць да берага. 

Як і водзіцца паміж мужчынамі, пазнаёміліся і засмалілі па цыгарэце. Дзядзька Дзям’ян аказаўся з тутэйшых мясцін. Да ляснога возера дабраўся па рэчцы, якая ўпадае ў яго і адначасова жывіць сваімі водамі. Калі кантакт быў наладжаны поўнасцю, я не ўпусціў моманту пацікавіцца: 

— А што гэта вы, дзядзька Дзям’ян, назвалі гэтае месца нядобрым? Што за таям­ніца? 

— Можа, і хлусня. Але ва ўсялякай хлусні і доля праўды ёсць. Дык слухай... 

Даўным-даўно гэта было. Кажуць, што яшчэ за польскім часам. Ішла адна дзяўчына з нашых мясцін па імені Паліна ўздоўж гэтага вось возера. Якраз дзе мы з табою сядзім. Апошнія каласы ў полі сярпом зжала і ў снапы паставіла. Камбайнаў жа ў той час не было. 

Дык вось падышла Паліна да гэтага месца і чуе крык аб дапамозе. Бачыць, што непадалёк ад берага жанчына топіцца. Як дапамагчы тапельніцы? Паліна і радая б выручыць, ды бераг дрыгвісты, балоцісты. Палезе, дык і сама ўтопіцца. 

Але не разгубілася дзяўчо. Умомант адрэзала яна вострым сярпом сваю доўгую залацістую касу, распусціла яе на некалькі тонкіх пасмачак і звязала іх. Атрымалася моцная вяроўка даўжынёю ў некалькі метраў. Кінула Палі­на «вяроўку» з берага тапельніцы і выцягнула яе на ўзгорак. 

Калі ж незнаёмка вымыла запэцканыя вопратку і твар, то з бруднай папялушкі ператварылася ў прыгажуню-прынцэсу. Ды яна і аказалася прынцэсай па імені Восень. Расказала, як заманіла яе падманам на сярэдзіну возера злая вядзьмарка. Пачаргова ператваралася то ў залатую, то ў сярэбраную рыбку. І калі Восень стамілася за тымі «рыбкамі» ганяцца, то і стала тануць. 

На шчасце, ішла берагам возера Паліна. Не пашкадавала яна сваёй галоўнай красы – залацістай касы для ратавання тапельніцы. Яно, вядома, можна меркаваць, што Восень і сама магла ад пагібелі збавіцца. 

Нават і сумнення няма, што яна валодала сакрэтамі чарадзейства. Ды, відаць, пажадала праверыць простую дзяўчыну на міласэрнасць. І не памылілася, што ў Паліны добрае і чыстае сэрца. 

Тады ў знак падзякі валадарка дажджоў і халодных вятроў падаравала сваёй выратавальніцы кавалачак шчодрага і цёплага лета. Хоць і доўжыцца яно толькі ты­дзень, але ж такое прыемнае і рамантычнае. Параўнальнае, можа, хіба з першым каханнем. І вось праз міласэрную і спагадлівую Паліну ўвесь жаночы род атрымаў у спадчыну кавалак шчасця ад пані Восені. Пад назвай бабіна лета... 

— Ну што, капітан, напішаш у газеце маю байку? — хітравата прыжмурыўся дзядзька Дзям’ян. 

Перш чым я паспеў нешта адказаць, на рукаў маёй гімнасцёркі апусцілася серабрыстая павуцінка. І прыліпла да тканіны, як сілікатны клей. 

— Ну вось і табе падарунак ад Восені – таксама кавалачак ба­бінага лета, — пажартаваў мой суразмоўца, не дачакаўшыся адказу на першае пытанне. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter