Где и почем купить одежду с народными мотивами

Бабачка з “разеткай” і каўнерка з “зорачкай”

Дзе і пачым купіць вопратку з народнымі матывамі

Дзе і пачым купіць вопратку з народнымі матывамі



Традыцыйныя славянскія вышыўкі ў апошні час нечакана зацікавілі вядомых куцюр’е. Напрыклад, у  мінулым годзе з’явілася цікавая калекцыя Valentino Haute Couture, якая нарабіла шуму.

Беларускі style


Успамінаю, як гадоў пяць таму глядзела на артыстаў самадзейнасці ў прыгожых беларускіх строях і шкадавала, што ўся гэта вышытая народная культура адышла ў нябыт і засталася хіба на аўтэнтычных фестывалях і святах. А яшчэ, будучы ва Украіне, па-добраму зайздросціла нашым суседзям, у якіх вышываныя кашулі і сукенкі можна было набыць на любой турыстычнай вуліцы. Хадзіла па беларускіх сувенірных крамах у надзеях знайсці штосьці народнае і спалучаць яго з сучаснымі джынсамі, спаднічкамі і моднымі аксесуарамі. Ды безвынікова. Некалькі адшуканых льняных кашуль не задавольвалі ні па кошце, ні па памерам — на маладзенькіх худзенькіх дзяўчат яны дакладна былі не разлічаны.

І вось сёння робіцца нешта неверагоднае. Неверагоднае, таму што пра такое не маглі падумаць нават спецыялісты ў вобласці народнай культуры. Майкі з прынтам у выглядзе беларускага арнаменту, вышытыя блузкі і кашулі, гальштукі і бабачкі з нацыянальнымі ўзорамі — усе яны так хутка і ярка ўвайшлі ў моду, што не мець іх ужо здаецца дурным тонам. Вопратка ў беларускім стылі з’явілася не толькі ў паўсядзённым жыцці — перанеслася на сцэны і подыумы.

Вядома, тое, што мы бачым сёння на беларусах, не з’яўляецца аўтэнтычным матэрыялам. Часта стваральнікаў вышымаек, вышыбаек і іншых стылізаваных рэчаў абвінавачваюць у апапсоўванні народнай культуры. Але што ў гэтым дрэннага? Наіўна было б чакаць, што сучасныя беларусы пагалоўна выйдуць на вуліцы ў традыцыйных беларускіх строях. Гэта сусветная практыка, калі за аснову бярэцца гістарычны гарнітур і пераасэнсоўваецца на сучасны лад. Прыклад таму — калекцыі дызайнераў сёстраў Парфяновіч, якія адны з першых у краіне звярнуліся пры стварэнні мадэляў да нацыянальнага касцюма і паказалі, як можна гарманічна спалучаць народныя элементы з сучаснымі. І ў тым, што на майках выкарыстоўваюць прынты, а не вышыўку, таксама няма нічога страшнага. Больш танная вытворчасць азначае больш даступны тавар. І да таго ж, як аднойчы адзначыў доктар мастацтвазнаўства і навуковы рэдактар кнігі “Беларускі арнамент” Яўген Сахута, мы вывучаем гісторыю сусветнага мастацтва па рэпрадукцыях, а не па арыгіналах — галоўнае, каб самі ўзоры выкарыстоўваліся правільна, каб выбіраліся правільныя колеры і характар. Бо нацыянальны арнамент, упэўнены спецыяліст, — гэта не проста ўпрыгожванне, гэта шыфр, які перадалі нам нашы продкі.

У пошуках этна

Сёння існуе безліч варыянтаў, дзе можна набыть адзенне ў этнастылі. Большасць з іх знаходзіцца ў сталіцы. Аднак ёсць магчымасць зрабіць заказ у любую кропку краіны і нават свету. Адной з самых папулярных у беларусаў з’яўляецца інтэрнэт-крама Symbal.by (Маскоўска-венскі гандлёвы цэнтр). Гэта тая самая пляцоўка, дзе можна набыць папсовы варыянт вышыванак, калі арнамент не вышыты, а нанесены з дапамогай тэрмадруку. Як правіла, такія майкі выкананы з бавоўны, а прынты нанесены спосабам шаўкаграфіі. Можна знайсці тут з нядаўняга часу каўнеркі, так тут называюць пола-футболку-вышыванку з вышытым крыжыкам народным арнаментам “зорачка” (для жанчын) і “сонейка” (для мужчын). А яшчэ выцімайкі — цішоткі з прынтамі алічбаваных беларускіх выцінанак — традыцыйнага для нашай краіны мастацтва выразання з паперы. У наяўнасці — выцімайкі з вобразамі Лясуна, Лёлі, Купалінкі і іншых міфалагічных істот. Прадстаўлены тут і льняныя бабачкі Batlosco — брэнд сям’і Машарскіх з Оршы, якія першыя ў краіне вырашылі нанесці традыцыйны беларускі арнамент на сучасны аксесуар. У выніку палюбіліся такія рэчы не толькі хлопцам, але таксама дзяўчатам і дзецям. У арнаменце бабачак — як даволі вядомыя ўзоры “матыў Ярылы”, “разетка”, “зорка”, так і не вельмі распаўсюджаныя — “трылiснiк”, “земляроб” і іншыя.

Вялікі выбар этнаадзення ў краме Еthno.shop.by (ГЦ “Паркінг”) — майкі, фуфайкі, цёплыя байкі з вышытым узорам. Шмат варыянтаў для дзяцей — ад хрысцільнага ўбору ў этнастылі да традыцыйных вышыванак і стыльных строгіх кашулек. Не расчаруюцца ў краме тыя, хто марыць знайсці традыцыйныя беларускія кашулі, сукенкі і блузкі. Праўда, трэба адразу быць гатовымі да таго, што кошт такіх рэчаў будзе немаленькі — у першую чаргу з-за натуральнага лёну і якаснай вышыўкі.

Адзенне Honar (шоу-рум па вуліцы Куйбышава, 22) прызначана для тых, хто не гатовы насіць традыцыйныя вышыванкі, але вельмі хоча дабавіць у сваё жыццё крыху народнай культуры. Гэта абсалютна сучасныя і стыльныя блузкі, саколкі, спадніцы, нагавіцы, у якія майстры дабавілі крыху вышытых беларускіх матываў — на каўнерык, манжэты, кішэнь і гэтак далей.

Больш традыцыйную беларускую вопратку можна знайсці ў крамах “Беларускі лён” (вытворчасці Аршанскага льнокамбіната), УП “Скарбніца”, галерэі “Славутыя майстры”, у сувенірных крамах папулярных турыстычных гарадоў і мястэчкаў накшталт Дудутак. Асабліва варта звярнуць увагу на працы народных майстроў, якія вельмі часта і каштуюць больш танна, і выкананы больш якасна, чым мадэлі машыннай вытворчасці.

ШТО ПАЧЫМ

  • Вышымайкі з прынтам або вышыўкай — ад 25 рублёў.

  • Каўнеркі (пола-футболка-вышыванка) — ад 55 рублёў.

  • Вышыбайкі — ад 56 рублёў.

  • Рубаха-вышыванка — ад 90 рублёў.

  • Сукенкі ў этнастылі — ад 120 рублёў.

  • Спадніца-андарак — ад 60 рублёў.

  • Кашуля мужчынская з этнаматывамі — ад 90 рублёў.

  • Вязаная шапка з беларускім арнаментам — ад 25 рублёў.

  • Бабачкі — ад 16 рублёў.

КАРЫСНА ВЕДАЦЬ

Што значаць колеры і знакі на традыцыйнай вопратцы


Нацыянальны арнамент служыць не толькі для ўпрыгожвання. Кожная рысачка і загагуліна нясе свой сэнс. Набываючы этнаадзенне, варта звярнуць увагу, што менавіта на ім адлюстравана.

Белы колер (традыцыйны фон адзення ў беларусаў) — колер чысціні.

Чырвоны (колер арнаменту) — колер сонца і крыві як сімвала жыцця.

Зорка — сімвал славы, росквіту творчых сіл чалавека.

Сонца — дае моц і ўраджай, захоўвае ад хвароб і нячыстай сілы.

Агонь — лечыць ад хвароб і немачы.

Васьмірог — мужчынскі пачатак, сакральнае, чыстае.

Лапа — квітнеючая зямля, жанчына, гатоўнасць нараджаць.

Бесканечнік — шлях, неўміручасць, вечнае адраджэнне.

Квітнеючы крыж — адначасова і салярны мужчынскі пачатак — святасць, нябеснае вогнішча, прымнажэнне ўраджаю, роду; і жаночы — цнатлівасць, святасць, чысціня.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter