Біяграфія: Магілёў — Белгарад?

Моманты пазнавання чаго-небудзь агульнага, як правіла, радуюць, збліжаюць людзей
Моманты пазнавання чаго-небудзь агульнага, як правіла, радуюць, збліжаюць людзей. Ці то гаворым мы пра месцы, у якіх бывалі і нешта там бачылі значнае, ці то раптам, маючы зносіны, даведваемся, што вучыліся ў адной ВНУ ў розныя гады альбо мы самі, альбо нашы агульныя знаёмыя… Ну а ўжо калі гутарка заходзіць пра агульную гістарычную радзіму, то і зусім адчуваеш сябе амаль раднёй са сваімі суразмоўцамі. Так было і з намі ў дні камандзіроўкі ў расійскі Белгарад, калі пазнаёміліся і разгаварыліся з беларусамі, якія там жывуць. 


Мікалай Грашчанка — заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі і мастацкі кіраўнік Белгарадскага дзяржаўнага Цэнтра народнай творчасці

Аднаго з іх, ураджэнца Магілёўскай вобласці Крычаўскага раёна, нам і хацелася б прадставіць. Мікалай Грашчанка — заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі і мастацкі кіраўнік Белгарадскага дзяржаўнага Цэнтра народнай творчасці. Ён жа і мастацкі пастаноўшчык тэатралізаваных святаў “Третье ратное поле России”, якія прысвячаюцца гадавінам танкавай бітвы пад Прохараўкай.Дарэчы, і сцэнарыі да іх піша ён сам штогод. Вядома, Грашчанку прыемна, што кіраўніцтва рэгіёна давярае яму такую адказную справу. Бо мерапрыемства, гаворыць, шматслойнае: ускладанне вянкоў, урачысты мітынг, канцэрт, паказальныя выступленні… Усё трэба ўлічыць: і годна сустрэць дэлегацыі з розных краін, у тым ліку і беларусаў. І ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, і артыстаў. А калі святкавалася 70-годдзе Перамогі, прыляталі і “Рускія віцязі” — лётчыкі. У 2014-м, згадвае яшчэ, гледачы былі здзіўлены дэфіле з духавымі аркестрамі, у якім прынялі ўдзел 500 музыкантаў. Вось, мяркуем, і сёлета свята ў Прохараўцы таксама атрымаецца.

Кожны год у жніўні Мікалай Грашчанка садзіцца за руль свайго аўто і накіроўваецца ў родныя мясціны. Але ўжо не ў вёску Дарлівае, дзе жыла сям’я, а ў Чэрыкаў, куды па спідометры ад Белгарада ўсяго толькі кіламетраў 600. Там жыве яго сястра Зінаіда, былая настаўніца, а цяпер пенсіянерка. Як сам гаворыць, на радзіме ён адпачывае душой. У сястры ёсць дача, побач лес, дзе і грыбы можна збіраць, і ягады. А яшчэ непадалёк рака Сож, у якую ўпадае маленечкая рачулка Удушка…

Мікалай Аляксандравіч аказаўся такім выдатным апавядальнікам, што мы, як гаворыцца, не мудруючы, вырашылі даць яму слова. 



Пра бацькоў і маё нараджэнне

Мае бацькі Аркадзь Мікалаевіч і Вера Платонаўна жылі ў Крычаўскім раёне Беларусі, які мяжуе з расійскім Раслаўскім. І продкі мае жылі на стыку Беларусі і Расіі. Маці з вёскі Лабковічы, бацька з суседняй вёскі Ціхіль, якая была на расійскай тэрыторыі.

Калі пачалася вайна, бацька быў мабілізаваны. І было яму ўсяго 19 гадоў. Трапіў у палон, потым яго вывезлі ў Германію ў лагеры. І адтуль забралі ў адзін моцны дом у работнікі, дзе гаспадары адносіліся да хлопца па-чалавечы. Бацька быў нешматслоўны, пра вайну нічога не расказваў, гэта было табу. А вось маці была гаваркая. Пасадзіць нас, пяцярых дзяцей, на печы, і давай, як радыё: пра тое, як у свае 18 гадоў была ў акупацыі, бачыла і пераправы, і наступленні, і адступленні. І як было страшна, калі нашых палонных салдат і афіцэраў немцы двое сутак вялі бясконцым патокам. І як яна радавалася Перамозе, і таму, што бацьку пасля Германіі не пасадзілі. Бо маглі ж! Але, напэўна, ёсць лёс і шанцаванне. Ад маці мы даведаліся, чаму наш бацька так добра дома гаспадарыў. Аказалася, у Германіі, у гаспадароў і навучыўся. І са скацінай абыходзіцца, і стойла пачысціць, і прыгатаваць нешта ўмеў… Парася зарэжуць — усё выкарыстоўвалася. А рабіў усё акуратна, педантычна. І вэнджаніна, і каўбасы, і начынкі розныя… Нармальна гэта, калі народы чаму-небудзь карыснаму адзін у аднаго вучацца.  

А яшчэ бацька іграў на белым акардэоне, які прывёз з Германіі. Мабыць, гэты акардэон і зблізіў іх з маці адразу ж у 1945-м. Маці была вясёлая, з запалам спявала прыпеўкі і танцавала, спрытна іграла на барабане. Але з гадамі бацька браў акардэон у рукі ўсё радзей: стамляўся вельмі. Бо, як вядома, у механізатара ў калгасе — хлеб нялёгкі. Дарэчы, майму бацьку даручылі першы трактар, як толькі той з’явіўся ў калгасе “Камунар”. Бацька па натуры быў вельмі спакойны, разважлівы, ніколі не гарачыўся. І за гэта яго паважалі, звярталіся з пашанай: Мікалаіч.

Нарадзіўся я, як расказвала маці, амаль у санках, у студзеньскі мароз. Пачаліся ў яе схваткі ўначы, а да Крычава каля 20 км. Што рабіць? Бацька запрог коней, ухутаў маці кажухамі ды паехаў. Але я чакаць, відаць, не хацеў. Вось і прыйшлося спыніцца ля маленькага хутарка, ля першай хаты… Роды ў маці прымала бабулька па імені Хроня.

Па суседстве з ёю бацькі і купілі сваю першую маленькую хатку. Мае самыя яркія дзіцячыя ўспаміны звязаны з тым хутарам. Памятаю сябе шасцігадовым. Я быў дапытлівы з ранняга ўзросту і аднойчы пайшоў вывучаць лес, які прылягаў прама да хутара. Вядома, заблудзіў, перапалохаўся… Мае крыкі пачуў абходчык чыгуначных пуцей дзядзька Арцём і прывёў дадому. У школу даводзілася хадзіць за 4 кіламетры ў вёску Камароўка. Снег, дождж, вецер і бездараж — гэта я добра запомніў. І як з дзятвой, сярод якой быў самы малодшы, ганялі басанож у футбол, і як беглі маці дапамагаць па гаспадарцы, калі нас клікалі. І такога, каб “не хачу дапамагаць”, не было. Мы стрымгалоў беглі па хатах: там нас чакала не толькі работа, але і мамін цёплы хлеб з хрумсткай скарыначкай. Мне ніколі не забыць водару мамінага хлеба…    


Віталь Слабадчук: “Сярод маіх артыстаў ёсць і дзве беларускі”

Ад гармоніка да баяна 

Слых у мяне добры з дзяцінства. Я добра паўтараў пачутыя мелодыі, песні. І, вядома ж, мне хацелася навучыцца іграць на якім-небудзь музычным інструменце. Так увайшоў у маё жыццё гармонік. Яго падарыў мне дзядзька Паша, муж сястры бацькі. Ён сам цудоўна іграў і не мог не заўважыць майго таленту. Той гармонік не адразу “адгукнуўся”: перш чым пачаць іграць, мне давялося самому разбірацца са ступенямі ладу, якія ў ім былі размешчаны ў шахматным парадку, а не па вертыкалі, як у звычайнага інструмента. Хоць мне было сем гадоў, я сам разгадаў яго сакрэт і пачаў найграваць знаёмыя мелодыі. 

Добра памятаю, як іграў на вечарынках, якія ладзіліся ў якой-не­будзь вялікай хаце. І як хлопцы і дзяўчаты адпрошвалі мяне ў бацькоў. І як хто-небудзь садзіў мяне на плечы і нёс у “клуб”.

Мне не забыць, як працаваў улетку ў калгасе пастухом разам з братам Валодзем, і як паступіў у музычную школу ў Крычаве, у клас па баяне. Калі б не разумны завуч школы Міхаіл Левіт, я, напэўна, не стаў бы музыкантам-прафесіяналам. Дзякуючы яму я праявіў упартасць характару і асвоіў баян, вызваліўшы рукі ад навыкаў ігры на гармоніку. Пасля слоў настаўніка праз паўгода вучобы ў музычнай школе: у цябе нічога не атрымаецца, я стаў займацца па 10 гадзін у суткі. Да пачатку заняткаў і пасля. І ўжо да канца года заняў другое месца на абласным конкурсе баяністаў. Цяпер разумею, як прыемны быў мой поспех і настаўніку. Але гэтую школу я не скончыў: хваробу любімага настаўніка ўспрыняў як асабістую трагедыю. Ды і атэстат аб сярэдняй адукацыі быў ужо ў кішэні, ён сігналізаваў: пара рухацца далей.

Паехаў я ў Магілёў і паступіў на дырыжорска-харавое аддзяленне ў музвучылішча. Адвучыўся год, а з другога курса пайшоў у армію. Гэта быў 1968 год. Час службы памятаю так добра, нібы тое было ўчора. І свой танк — Т-62, і вайсковыя заняткі ў Барысаве, і як чатыры месяцы наш асобны знішчальны батальён ішоў у Славакію праз усю Украіну: з мая па жнівень. І як іграў на баяне для славакаў “Падмаскоўныя вечары” і “Кацюшу”. Калі ўспамінаю тыя дні, то ўсміхаюся мімаволі: мой серыйны баян “Растоў-на-Доне” быў часткай боекамплекту і ездзіў са мной у танку.



На берагах Нявы

Музычнае вучылішча ў Магілёве я скончыў з адзнакай, трохі папрацаваў у саўгасе-тэхнікуме, але жаданне вучыцца далей не пакідала. Я разумеў, што не магу сесці на шыю бацькам, таму паехаў здаваць дакументы ў Інстытут культуры, што ў Ленінградзе, на завочнае аддзяленне. Але ў прыёмнай камісіі ў мяне спыталі: чаму не ідзяце на дзённую форму навучання? Аказалася, хоць конкурс быў прыстойны — 6 чалавек на месца, у мяне былі перавагі для паступлення: музвучылішча, скончанае з адзнакай, служба ў арміі. Да таго ж я быў кандыдатам у члены КПСС. Я вагаўся нядоўга. І напісаў заяву на стацыянар дырыжорска-харавога аддзялення. Гэта адбылося ў кабінеце прафесара Івана Палтаўцава, загадчыка кафедры харавога дырыжыравання. Ён мяне здорава ўразіў, сказаўшы, што я годны кандыдат для паступлення на стацыянар. Ды і людзі, якіх уба­чыў у сценах інстытута — прыгожыя, інтэлігентныя, таленавітыя — мяне за­хапілі. А ўжо Ленінград з яго Зімовым палацам, прыгажуняй Нявой, Дварцовай набярэжнай, Петрапаўлаўскай крэпасцю, Фантанкай ды іншымі славутасцямі павабіў мацней за ўсе аргументы. Жыць і вучыцца тут пяць гадоў, думаў я, гэта не два разы на год прыязджаць на сесіі. 

Мне пашанцавала. Я ўладкаваўся працаваць інстытуцкім дворнікам. І цэлыя два гады падмятаў Дварцовую  набярэжную, дзе наша ВНУ прапісана і па гэты дзень. А за гэта атрымаў пакой у паўпадвальным памяшканні Інстытута, у якога быў свой невялікі жылы фонд. 

Уставаць прыходзілася ў тры гадзіны ночы і брацца за венік… Вядома, спаць на лекцыях хацелася, але я імкнуўся класціся крыху раней, калі не было капуснікаў, канцэртаў. З часам да такога рэжыму прывык. 

У інстытуце закахаўся ў сваю будучую жонку Алу. Мы пажаніліся яшчэ студэнтамі перадапошняга курса. У дзень шлюбу 2 лістапада 1975 года ў Ленінградзе ўжо ляжаў снег. І я добра памятаю, як Ала набрала яго ў свае белыя туфлікі… 

На размеркаванні мы выбралі Белгарадскае культасветвучылішча, дзе адкрывалася аддзяленне народнага хору. Дарэчы, жонка, ганаровы работнік сярэдняй прафесійнай адукацыі Расійскай Федэрацыі, там дагэтуль працуе. Так, мы, два маладыя выпускнікі ЛДІКа, ажыццяўлялі першы набор студэнтаў на гэтае аддзяленне. Памятаю, як тым ганарыліся і радаваліся: разам працуем! Хоць матэрыяльна было цяжкавата, не журыліся. Спачатку здымалі домік, потым нам далі інтэрнат, калі я перайшоў кіраваць самадзейным ансамблем у шостае прафтэхвучылішча. Там узначаліў і камсамольскую арганізацыю. Працаваў і ў абкаме камсамола, і ў абкаме партыі, і дырэктарам Палаца культуры “Юбілейны”. А Белгарадскае музычнае вучылішча ўзначальваў аж 23 гады. І цяпер вось вярнуўся ў “Юбілейны”, дзе знаходзіцца наш Цэнтр народнай творчасці.

З Алай Генадзеўнай мы ўжо разам 40 гадоў, адзначылі “рубінавае” вяселле. У нас двое дарослых дзяцей: дачка Людміла і сын Ілья. Яны таксама музыканты. Людміла яшчэ і фалькларыст па адукацыі, кандыдат навук. Ілья — флейтыст, артыст аркестра і  гукарэжысёр Белгарадскай філармоніі. Ганаруся тым, што ён яшчэ — наглядчык аргана.  Прайшоў стажыроўку ў Германіі і цяпер наладжвае, настройвае гэты ўнікальны інструмент. Арган рабілі немцы, калі будаваўся новы будынак філармоніі. Дык вось яны пару гадоў назад прыязджалі і былі прыемна здзіўлены, у якім арган добрым стане.  


Мірнае неба над Прохараўкай. Жнівень 2015 года

Слабадчукі

З беларусамі па жыцці не раз сустракаўся. У музвучылішчы некалькі чалавек працавалі, калі я ім кіраваў. І цяпер у Цэнтры ёсць нашы беларускі. Годна працуюць. А сябрую я з дырэктарам нашага аблдрамтэатра (Белгарадскі дзяржаўны акадэмічны драматычны тэатр імя М.С. Шчэпкіна — Аўт.) Віталем Слабадчуком, дакладней, сем’ямі сябруем вось ужо 30 гадоў. А ў яго жонка Галіна — беларуска. Яе бацька, генерал, родам з Баранавічаў. Міхаіл Вікенцьевіч Хорак. Ён ваяваў, у 45-м вярнуўся. Маці Галі да вайны памерла, бацька другі раз ажаніўся і ў 47-м дачку з братам Георгіем забраў з Баранавічаў. Увогуле, сабраў сям’ю. Гэта асобная гісторыя. Памёр рана, у 56 гадоў. А дзед, расказвала Галіна, працаваў на чыгунцы ў Баранавічах, ордэнам Леніна быў узнагароджаны…  

Мы кожны год пасля ўра­чыстасцяў у Прохараўцы збіраемся. І, вядома, успамінаем усіх родных і блізкіх, каго ўжо няма з намі. І маіх бацькоў таксама. Дарэчы, Слабадчукоў музыка, як і нас з Алай, таксама звяла. Галя іграла на фартэпіяна, Віталь — на скрыпцы. Што цікава: ён, напэўна, таксама беларус. Яго бацька са Смаленшчыны, а даўней тая тэрыторыя была беларускаю… 

Так, дзень Перамогі — свяшчэннае свята. А для Слабадчука гэты дзень — свята ўдвайне. Ён — двойчы народжаны. З ім, як толькі нарадзіўся, здарылася вось якая гісторыя. Толькі ўявіце: баі ідуць жорсткія, бамбёжка, маці з дзецьмі ды іншымі людзьмі ў склепе хаваюцца… А яна вось-вось нарадзіць павінна Віталя, сёмага ў сям’і. І вось трэба ж   было наверх выбрацца. Вылезла. І тут жа ёй асколак руку прабіў. Яна назад. Параненая, у склепе і нарадзіла, прама на бульбе. А потым, калі немцы адыходзілі, каб сясцёр Віталя не сагналі ў Германію, маці з дзецьмі накіравалася ў Белгарад. На калёсах яе везлі, а старэйшая сястра несла Віталя. Ёй тады 16 гадоў было. Нашы салдаты паглядзяць: што, немчыка нарадзіла? Як было дзяўчыне, страшна падумаць. Па дарозе быў пантонны масток праз нейкую рачулку. Дык яна шмыг у чарот, прытапатала яго, дзіця туды паклала і бягом за калёсамі. Бяжыць і думае: што ж я маці скажу, калі час карміць прыйдзе, лаяць будзе. А вайна, можна сказаць, што памёр або загінуў… Але потым-такі вярнулася… І ўсё жыццё яму гаварыла: ты, Віцька (яго родныя Віцькам называлі), два разы нарадзіўся, адзін раз цябе маці нарадзіла, другі — я. 14 жніўня 1943 года ён нарадзіўся. А Белгарад вызвалілі пятага.

Віталь не можа стрымаць слёз, калі расказвае гэтую драматычную гісторыю. І мы таксама з Алай і Галяй плачам. А наогул ён вясёлы, жыццялюбівы, з пачуццём гумару.

Сваім сябрам ганаруся, як і сяброўствам з яго сям’ёй. Неяк ён сказаў: мы нават, Коля, з табой палаяцца не можам. Так і ёсць. Падумаць толькі, з бандыцкага раёна Белгарада Пяскі, дзе маглі збіць за тое, што ты са скрыпкай ідзеш, Віталь выбіўся ў людзі. Як ён сам гаворыць: скрыпка мяне зрабіла. Бацькі яго простымі людзьмі былі. З другога курса музычнага вучылішча стаў у аркестрах іграць: на вяселлях, пахаваннях… Маці дапамагаў… 

Шмат у іх з Галяй жыцці было цікавых момантаў. Адзін з іх, як Галя адпусціла мужа вучыцца на Вышэйшыя тэатральныя курсы ў Маскву. На стацыянар! Сям’я, дзеці, і ўжо 42 гады Віталю! Вядома, былі свае складанасці, але ў каго іх няма…

Чым наш Слабадчук добры яшчэ, дык гэта сваім уменнем трымаць тэатр. Як дырэктар, ён на сваім месцы. Спектаклі ў нас ставяць лепшыя рэжысёры Расіі. Беларуская п’еса “Радавыя” Аляксея Дударава ў нас ішла. Добры быў спектакль. 

Тэатр пры Слабадчуку ўзляцеў. Аншлагі за аншлагамі, білеты дастаць цяжка… Ёсць і фестываль “Акцёры Расіі — Міхаілу Шчэпкіну”. Як гаворыць Віталь, ён важны не толькі для Белгарада, але і для ўсёй Расіі. А за ўклад у яе тэатральнае мастацтва ў ліпені 2007-га Слабадчуку было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін горада Белгарада”. Вось такі ў мяне сябар! Дарэчы, Віталь Іванавіч у Брэст двойчы на фестываль “Белая Вежа” вазіў спектаклі, якія займалі прызавыя месцы.

Пра Слабадчукоў, іх дзяцей і ўнукаў я магу гаварыць шмат. Добрыя яны людзі!

Жыццё прадаўжаецца

Расказваў Мікалай Грашчанка і пра сувязі з калегамі ў сферы культуры, у прыватнасці пра  міжнародны фальклорны фестываль “Хотмыжская восень”, які праходзіць раз у два гады на Белгарадчыне ў вёсцы Хотмыжск Барысаўскага раёна. Якраз мінулай восеню туды, як паведаміла нам адна з кіраўнікоў Цэнтра народнай творчасці Ганна Калашнікава (дарэчы, яна ўраджэнка Бягомля), прыязджалі больш як 50 творчых калектываў народнай музыкі, песні і танца, 159 майстроў дэкаратыўна-прыкладной творчасці і самадзейных мастакоў. Былі гурты з Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Гомельскай ды іншых абласцей Беларусі. Расія была прадстаўлена гуртамі Белгарадскай, Варонежскай, Ліпецкай, Курскай, Растоўскай, Тамбоўскай абласцей, а таксама Растова-на-Доне, Уладзіміра, Масквы.

Дарэчы, калі летась18 верасня пачынаўся фестываль, у Сочы на Другім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі было падпісана Пагадненне паміж Урадам Белгарадскай вобласці і Урадам Беларусі па гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве. Пагадненне разлічана на пяць гадоў. У ім гаворыцца, што бакі абавязуюцца ствараць неабходныя арганізацыйныя, фінансава-эканамічныя і прававыя ўмовы для функцыянавання сумесных прадпрыемстваў, распрацоўкі ды рэалізацыі сумесных праектаў і праграм, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Таксама яны павінны забяспечваць удзел гаспадарчых аб’ектаў у тых кірмашах, выставах, аўкцыёнах ды іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца. Гэта і абмен дэлегацыямі, спецыялістамі ў розных галінах гандлёва-эканамічнай ды іншай дзейнасці. Бакі таксама будуць спрыяць развіццю супрацоўніцтва ў галіне навукова-тэхнічнай дзейнасці, культуры і сацыяльнай сферы. Актывізуецца і ўзаемадзеянне нацыянальна-культурных таварыстваў, маладзёжных ды іншых грамадскіх арганізацый, рэгулярны абмен творчымі калектывамі. 

Мы добра памятаем свае пазітыўныя адчуванні ад паездкі на Белгарадчыну, якая амаль супала па часе з такой важнай падзеяй, як Другі Форум рэгіёнаў Расіі і Беларусі, які ўмацоўвае нашы адносіны, дружбу.

А дружба паміж краінамі і народамі, як вядома, моцная і асабістымі кантактамі паміж людзьмі.

Пра сустрэчу з братам, былым лётчыкам-штурманам, сынам франтавіка Алегам Лугаўскім, які не раз бываў у Беларусі, у прыватнасці, на ваенным аэрадроме ў Мачулішчах пад Мінскам, і яго дачыненне да Вялікай Айчыннай вайны мы ўжо расказвалі на старонках часопіса (№11-2015). Асобнай размовы заслугоўвае і Мікалай Пышнеў, заслужаны пілот Расіі ды наш стары сябар, які цяпер з сям’ёй жыве ў пасёлку Дубавае пад Белгарадам. Як Мікалай Грашчанка ганарыцца сяброўствам з Віталем і Галінай Слабадчукамі, так і нам прыемнае шматгадовае сяброўства з Мікалаем і Алай Пышневымі. І хоць сустракаемся нячаста, аднак сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі дазваляюць бачыць адзін аднаго, абменьвацца навінамі.

Мы ганарымся, што Мікалай ад лётчыка-інструктара Валчанскага (Харкаўская вобласць. — Аўт.) авіяцыйнага вучылішча лётчыкаў ДТСААФ вырас да пілота міжнароднага класа, да камандных пасад, пастаянна ўдасканальваючы сваю кваліфікацыю. Першым, як камандзір паветранага судна, у свой час пралажыў паветраныя трасы з Якуцка ў ЗША, Кітай, Балгарыю. І налятаў безаварыйна каля 13 тысяч гадзін. На сайце  www.yakutskhistory.net можна прачытаць: Мікалай Аляксеевіч, асвоіўшы палёты на лайнеры ТУ-154, атрымаў допуск да інструктарскай работы і падрыхтаваў 20 пілотаў. Даводзілася перавозіць і ўрадавыя дэлегацыі Расіі. Вярнуў­шыся з Якуцка, ён працаваў намеснікам генеральнага дырэктара ААТ “Белгарадскае авіяпрадпрыемства”.  І ў Мінску бываў не раз па справах службы. А ўжо які добры Мікалай Пышнеў апавядальнік! Пра яго займальнае жыццё лётчыка, пра сяброў, сярод якіх былі і беларусы, можна пісаць кнігу. Яна ў Мікалая пакуль у планах: цёзку-ўнука трэба дапамагчы дзецям падгадаваць. Каб толькі мірным, гаворыць, было і яго неба.

Іван і Валянціна Ждановічы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter