Интервью с директором Театра музкомедии Александром Петровичем

Білет у адзін канец музкамедыі

Яшчэ пяць-шэсць гадоў таму музкамедыя толькі марыла пра замежныя гастролі, і гэта былі, бадай, самыя цяжкія часы ў 45-гадовай гісторыі тэатра. Сёння ж трупа за сезон па некалькі разоў гастралюе ў Расіі, Прыбалтыцы, Казахстане, іншых краінах. Вось апошнія навіны: да гастроляў яшчэ два месяцы, а ў Туле раскуплена больш за дзевяноста працэнтаў білетаў на спектаклі нашага акадэмічнага музычнага. Зноў чакаецца аншлаг. Аб вытоках такой запатрабаванасці ў прыватнасці і месцы беларускага мастацтва ў міжнароднай культурнай прасторы ўвогуле мы гутарым з дырэктарам установы Аляксандрам ПЯТРОВІЧАМ.

Сцэны з мюзікла «Блакітная камея».

— Сёння мы сапраўдны тэатр міжнароднай дыпламатыі. Амаль пяць гадоў не толькі самі актыўна гастралюем, але імкнёмся, каб мінчане пазнаёміліся з творчасцю іншых тэатраў. У нас склаліся вельмі цёплыя, сяброўскія адносіны, сувязі абменнага характару з тэатрамі Смаленска, Тулы, Калугі, Каўнаса, Клайпеды і Екацярынбурга. Ёсць добры тузін прыкладаў супрацоўніцтва ў, так бы мовіць, малых формах: нашы рэжысёры, дырыжоры, мастакі, артысты ўдзельнічаюць у розных замежных праектах. Гэта тэатры Казахстана, Азербайджана, Іркуцка, Петразаводска, Волагды, Масквы, Санкт-Пецярбурга і нават Чэхіі.

— Гастролі — справа нятанная?

— Шмат грошай трэба. А мы тэатр муніцыпальны, знаходзімся ў падпарадкаванні Мінгарвыканкама і добра разумеем, што нашы патрэбы для горада не першы прыярытэт. У розныя перыяды былі розныя прапорцыі фінансавання, сёння ў цэлым гэта недзе пяцьдзясят на пяцьдзясят. Гэта значыць, палову мы зарабляем уласнай працай. 

— Гастролі дапамагаюць папаўняць кішэні?

— Ні адзін з тэатраў не ставіць мэту зарабіць грошай. Гэта ўдаецца толькі антрэпрызным спектаклям, там, дзе два-тры чалавекі. А нас едзе, да прыкладу, 170 чалавек, а з Екацярынбурга да нас — яшчэ больш. Пра які заробак ідзе гаворка? Пытанне ў іншым. За кошт рэалізацыі білетаў мы пакрываем частку выдаткаў. Бюджэт не цалкам аплачвае нашы паездкі. Вобразна кажучы, мы атрымліваем на дарогу ў адзін бок, у адваротны павінны зарабіць самі.

Вельмі дорага абыходзіцца транспарт. Таму для нас надта зручныя абменныя гастролі, калі мы можам падзяліць выдаткі. Напрыклад, фура загружаецца нашымі дэкарацыямі і вязе іх у пункт прызначэння, там разгружаецца, забірае іх груз і вязе да нас. Тая ж сістэма і з аўтобусам, які вязе трупу. Ну і самае дарагое, асабліва ў Расіі, гэта жыллё. 

Сцэны з мюзікла «Блакітная камея».

У чым плюс, пытаецеся? Білеты ў замежных тэатрах даражэйшыя за нашы. У Мінску самы дарагі білет каштуе восем долараў, а ў Расіі самы танны — дзесяць. Працуем па іх цэнах і таму заўсёды ў плюсе. Ну і ячшэ: мы тэатр музычны, заўсёды вязём такі рэпертуар, па якім гледачы засумавалі. І нават у Екацярынбургу, дзе свой музтэатр з вельмі багатымі традыцыямі, нас заўсёды цёпла прымаюць.

— Праўда, што ў музкамедыю прыязджае Райманд Паўлс?

— У сакавіку мы памяняемся на некалькі дзён пляцоўкамі з Даўгаўпілскім драматычным тэатрам. Яны прывязуць сюды мюзікл Райманда Паўлса «Дамскі рай» і яшчэ адзін спектакль. Мы ж павязём аперэты, у Даўгаўпілсе засумавалі па гэтым жанры. Хочам зрабіць пастаноўку Паўлса і на нашай сцэне, таму, калі маэстра дазволіць здароўе, ён прыедзе ў Мінск.

— Моцныя і слабыя бакі нашай музкамедыі, як яны выглядаюць у параўнанні з іншымі тэатрамі такога кшталту?

— У творчасці наш тэатр на лідзіруючых пазіцыях. Па-добраму зайздросцяць моцнаму аркестру таму, што можам трымаць два балеты. У тым ліку, чым асабліва ганарымся, класічны. Наш галоўны балетмайстар народны артыст Беларусі Уладзімір Іваноў — прадаўжальнік лепшых традыцый сусветнага балета. Такога спецыяліста многія хацелі б мець у сябе. Заўсёды славілася і наша вакальная школа.

Саступаем больш у сацыяльных пытаннях, не маем нават уласнага інтэрната. З прычыны не вельмі добрых заробкаў пачынаем губляць каштоўныя кадры. Напрыклад, наша перспектыўная маладая вакальная пара з’ехала ў Іркуцк, яшчэ адзін артыст працуе ў музычным тэатры Санкт-Пецярбурга.  Спадзяёмся, што вырашыцца пытанне з арэндным жыллём для нашых супрацоўнікаў.

Яшчэ адзін момант — званні. У нас гэта даволі доўгі працэс, у Расіі ўсё прасцей: працуеш на высокім узроўні тры гады — можаш стаць заслужаным. Апладысменты — гэта высокая адзнака гледачоў, хацелася б такую ж атрымліваць і ад дзяржавы. Узнагароды заўсёды ўзнімаюць дух.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter