Калi жанчына вымушана церпiць гвалт, яна дае адпор

Б`е — значыць, губiць

У нашай краiне работа над законапраектам аб папярэджанні гвалту ў сям’і стала адной з найбольш паспяховых ініцыятыў Нацыянальнага плана дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці на 2017—2020 гады. Гэта не дзіва: Беларусь — адна з трох постсавецкіх краін, дзе няма адпаведнага заканадаўства. Бо акрамя нас таксама не маюць яго Расія і Арменія. Сёння абмяркоўваецца яго структура і напаўненне, пытанне пра орган, які будзе каардынаваць яго дзейнасць. Па меркаваннях экспертаў, законапраект будзе падрыхтаваны ўжо да 2018 года.

Праблемы гвалту ў сям'і неабходна вырашаць аператыўна, каб не дапусціць сур'ёзных наступстваў
Фото kodexrf.com

Нярэдка падчас сварак звяртаюцца да вар’яцкіх спосабаў «асадзіць» партнёра: лаянак, пагроз, забарон сустракацца з роднымі і блізкімі, непрыстойных зваротаў. Асцярожна! Гэта i ёсць псіхалагічны гвалт! Дзе праходзіць мяжа паміж дазволеным і забароненым і чаму варта спыніць маральнае ўшчамленне? Адказ мы шукаем у гісторыі 27-гадовай працаўніцы сферы грамадскага харчавання Маргарыты (імя зменена).

— Пасля разладу з першым мужам засталася з дачкой на руках, — з дрыжаннем у голасе распачынае споведзь Маргарыта. — У інтэрнэт заходзіла рэдка, каб праверыць пошту. Тады і з’явіўся ў маім жыцці вельмі настойлівы персанаж. 

Нягледзячы на ігнараванне жанчыны, ён пісаць не стамляўся. Упершыню яны сустрэліся, калі «тайны знаёмы» віншаваў яе з днём нараджэння:

— Прыехаў з ружай. Я падумала, які ж ён маленькі і бяскрыўдны, як дзіцятка. Знешне — не маё, а вось вочы быццам замбіравалі.

Да вяселля маладыя сустракаліся восем месяцаў. Здараліся сваркі без нагоды і істэрыкі на роўным месцы. Маргарыту палохала перыядычная агрэсія мужчыны. Потым яна даведалася пра цяжарнасць, і думаць прыйшлося за дваіх. 

— На людзях ён паводзіў сябе як самы лепшы мужчына на свеце, — хмурыцца жанчына. — Калі я цяжарная апынулася ў бальніцы, ён пры суседках гладзіў жывоцік. Дзяўчаты зайздросцілі. Насамрэч я баялася яму штосьці сказаць, не магла звярнуцца за дапамогай. Аднойчы ён піхнуў мяне, цяжарную, і я цудам не павалілася жыватом на асфальт. Зноў шок, слёзы, банальныя эсэмэскі. На сёмым месяцы скандалы здараліся кожную ноч: не так паглядзела, не так адказала, не так згатавала. У выніку — малы ўвесь тросся пасля нараджэння.

За псіхалагічным гвалтам рушыў эканамічны ціск. Муж Маргарыты за два гады сумеснага жыцця ні разу не працаваў. Незлічоныя субяседаванні прыводзілі да высновы — у Мінску няма нармальнай працы для 26-гадовага мужчыны. 

— Ён ведаў, што я знайду грошы і згатую ежу, — Маргарыта ледзь стрымліваецца, каб не заплакаць. — Мы жылі на дапамогу па доглядзе за дзіцём. Мяне цішком падкормлівала маці: то сырок дасць, то бананам пачастуе. 

Жанчына прызнаецца, што не магла купіць сабе штаны ўзімку, хадзіла ў падраным абутку, даношвала адзенне сябровак, а лішнюю капейку пакідала на дзетак. 

Жылі маладыя ў кватэры маці Маргарыты. Мужчына цішком пачаў здзекавацца з бабулі жанчыны: біў ёй па пальцах дзвярыма, намыльваў рукі і стрэсваў над яе талеркай. 

— Мы пераехалі да яго бацькоў. Праз некаторы час ён пачаў зрывацца на маёй дачцы. Прыйшлося завезці яе да маці. Я не бачыла, як яна расце, чытала ёй казкі па тэлефоне, па начах глядзела на яе фотаздымкі і плакала, бачыліся толькі па выхадных. 

Нумар агульнанацыянальнай «гарачай лініі» для пацярпелых ад дамашняга гвалту падказаў жанчыне бацька яе дачкі. 

— Мы з псіхолагам абмеркавалі мае праблемы, змадэліравалі магчымыя будучыя жыццёвыя сцэнарыі, спецыялістка растлумачыла мае правы і падказала, куды трэба звярнуцца, — чамусьці з сарамлівасцю расказвае Маргарыта. 

У хуткім часе жанчына тайна падала дзве заявы ў суд — на развод і на аліменты. Чатыры доўгія месяцы яна знаходзіла эмацыянальную падтрымку ў спецыялістаў «гарачай лініі». Яна стала ўпэўненай, здолела прааналізаваць свае адносіны і знайсці ў сабе сілы ўсё змяніць. 

— Спачатку ён падумаў, што гэта жарт, — жанчына ўспамінае рэакцыю мужа. — Потым пачаў абліваць мяне брудам. Пакуль кансультаваўся з адвакатамі, я выклікала міліцыю і пачала збіраць рэчы. Перад міліцыянерамі на каленях поўзаў і плакаў. Смешна глядзець было.   

Яшчэ не раз былы муж завітаў да Маргарыты з папрокамі і абразамі, хацеў дзяліць праз суд дзіцячыя рэчы і пасляродавыя грошы. Але гэта ўжо іншая гісторыя... 

— У мяне было пачуццё, быццам я скінула заплечнік з каменнем, — з палёгкай уздыхае Маргарыта. — Мне хочацца жыць, гадаваць дзетак, прыбірацца і фарбавацца. Я — шчаслівая. А яму ўсё выбачаю па ўмаўчанні.

Як бачым, умовы жыцця прымушаюць жанчын выходзіць з традыцыйнага вобраза далікатнай лэдзі і станавіцца на абарону сваіх правоў і інтарэсаў. Маргарыта расказала сваю гісторыю, каб дапамагчы жанчынам, якія пакутуюць ад гэтакіх праблем, паверыць у сябе. А вопыт нічым не праб’еш, тым больш калі ён настолькі горкі. 

Даведка


У краiне псіхалагічны гвалт хоць раз у жыцці перажывалі 82,1% жанчын і 70,9% мужчын. Каля 50% мужчын і жанчын лічаць, што ў адносінах паміж мужам і жонкай дазволена рэўнасць, каля 39% з іх выкарыстоўваюць непрыстойныя жарты і заўвагі, каля 34% сямей дапускаюць мат і лаянку ў зносінах з партнёрам.

Простая мова


Ірына Альхоўка, член Нацыянальнага савета па гендарнай палітыцы пры Савеце Міністраў, старшыня праўлення МГА «Гендарныя перспектывы»:

— Дзякуючы новаму нацплану дзеянняў па забеспячэнні гендарнай роўнасці ў будучым мы здолеем супаставіць чаканы вынік са ступенню яго рэалізацыі. Гэта звязана са спробай увядзення сістэмы індыкатараў паказчыкаў. Таксама нацплан разглядае мэтазгоднасць увядзення адпачынку па доглядзе за дзіцём для мужчын і для бацькі. Новая праграма ўзнімае пытанне разрыву заработнай платы ў мужчын і жанчын. Апошніх дагэтуль арыентуюць на бюджэтныя сферы аховы здароўя і адукацыі. Міжнародная практыка падказвае, што жанчынам варта арыентавацца на кар’еру ў тэхнічных галінах, прыродазнаўчых навуках, архітэктуры, айці-тэхналогіях з большымі кар’ернымі магчымасцямі і заробкамі.

Вераніка УЛАСЕВІЧ

veronika.ulasevich@mail.ru

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter