Бібліяфілы, не спаць!

Па кніжкі і яркія ўражанні сёння можна адправіцца нават уначы
Памятаеце, як у культавым савецкім фільме “Аперыцыя Ы” Балбес з Бывалым смяюцца з героя Віцына, які не прыдумаў нічога разумнейшага, як пацікавіцца сярод ночы, як прайсці ў бібліятэку? Дык вось, сёння гэты барадаты кіношны жарт ператворыцца ў сапраўдную рэчаіснасць — пяць мінскіх бібліятэк далучацца да міжнароднай акцыі “Бібліяноч”.



Як і “Ноч музеяў”, “Бібліяноч” — гэта не проста павелічэнне працоўнага часу, але і правядзенне цікавых лекцый, майстар-класаў, незвычайных экскурсій, арганізацыя музычных выступленняў і іншых цікавых мерапрыемстваў.

Фундаментальная бібліятэка БДУ падорыць чытачам гастранамічнае падарожжа. Тут прадэманструюць чатыры серыі фільма “Гісторыя беларускай кухні” рэжысёра Аляксея Ракавіча, правядуць майстар-клас па гатаванні цукерак з бульбы па аўтарскім рэцэпце Алены Мікульчык, прачытаюць урыўкі на кулінарную тэму з твораў Якуба Коласа і Уладзіміра Караткевіча, прапануюць гасцям “Бібліяночы” абабраць бульбу на хуткасць, расказаць беларускія хуткамоўкі і пакаштаваць аўсянага кісялю.

Навуковая бібліятэка БНТУ падрыхтавала для наведвальнікаў ноч музыкі і агню Music on Fire з канцэртам беларускіх гуртоў, музычнымі майстар-класамі і маляўнічым фаер-шоу.

Рэспубліканская навуковая медыцынская бібліятэка ў “Бібліяноч” адчыніць дзверы для самых смелых і адважных — нездарма яе начная праграма носіць назву “Карусель жахаў”.

Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН прадставіць “Ноч з навукай: чалавек і яго свет” з лекцыяй аб генетыцы чалавека, воркшопамі, майстар-класамі і крэатыўнай навуковай фотазонай.

А навукова-педагагічная бібліятэка Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі прапануе пляцоўку для свабоднага абмену кнігамі.

Наўрад кніжныя скептыкі скажуць сёння, што бібліятэка — гэта сумна і несучасна.

Людміла Мінкевіч

mila@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter