Азёрны рай

Вянком азёр, лясоў спавіты, Браслаўскі край вабіць сэрцы падарожнікаў прыгажосцю празрыстых вадаёмаў і маляўнічых лясоў і палеткаў, велічнасцю старажытных касцёлаў і цэркваў, адкрытай археолагамі даўніной і непаўторным перапляценнем культур на памежжы Беларусі, Латвіі і Літвы. Браслаў — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Нават калі вы неаднойчы бывалі ў гэтых мясцінах, яны абавязкова здзівяць вас новымі нечаканымі бакамі свайго хараства. Здаецца, азёрныя хвалі нашэптваюць пра тое, што такіх цудаў вы не ўбачыце больш ні ў адным куточку свету...

Вянком азёр, лясоў спавіты, Браслаўскі край вабіць сэрцы падарожнікаў прыгажосцю празрыстых вадаёмаў і маляўнічых лясоў і палеткаў, велічнасцю старажытных касцёлаў і цэркваў, адкрытай археолагамі даўніной і непаўторным перапляценнем культур на памежжы Беларусі, Латвіі і Літвы. Браслаў — адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі. Нават калі вы неаднойчы бывалі ў гэтых мясцінах, яны абавязкова здзівяць вас новымі нечаканымі бакамі свайго хараства. Здаецца, азёрныя хвалі нашэптваюць пра тое, што такіх цудаў вы не ўбачыце больш ні ў адным куточку свету...

Браслаўская азёрная група.

Пратокамі і рэчкамі ў ваколіцах Браслава злучана 31 возера — самы вядомы “брэнд” раёна, яго візітоўка і яго багацце. Суперрыбалка прыхільнікам гэтага віду адпачынку на Браславах гарантавана: тут можна злавіць каралёў азёр — ліня і ляшча, а наогул сустракаецца 21 від рыбы.  Старажылы кажуць, што ў 50-я гады з азёр выцягвалі чатырохметровых вугроў таўшчынёй з трубу! Наогул на Браслаўшчыне больш за 200 азёраў, а сам райцэнтр размешчаны на беразе другога па велічыне ў краіне возера Дрывяты. З яго назвай звязана прыгожая легенда, якіх шмат можна пачуць пра самыя маляўнічыя азёрныя краявіды краіны... Вядома, браслаўскія.

Барысавы камень

Дакрануцца да знакамітай хрысціянскай святыні — Барысава каменя з выявай крыжа — прыязджаюць паломнікі ў Друю. Падобныя камяні-пісаннікі, пастаўленыя князем Барысам у XII стагоддзі, захаваліся толькі ў парку-сядзібе Каломенскае пад Масквой і каля Сафійскага сабора ў Полацку. Друйскі камень падмыла рака, і шмат гадоў ён праляжаў на дне надпісам уніз. Дзякуючы намаганням мясцовых жыхароў з вялікімі цяжкасцямі камень выцягнулі на бераг, дзе ён раскалоўся на тры часткі.

Гара Маяк

Гара Маяк — самая высокая кропка Браслаўскага раёна вышынёй 174 метры над узроўнем мора. Падымешся па драўляных прыступках на вышыню птушынага палёту, а вакол, наколькі хапае вачэй, лясы і азёры, вежы касцёлаў у Слабодцы, Плюсах, Іказні і Браславе... Кажуць, з Маяка можна ўбачыць краявіды на плошчы 80 квадратных кіламетраў, а лінія гарызонта знаходзіцца на тэрыторыі суседняй Латвіі. Падобны пейзаж у Браслаўскім раёне можна акінуць вокам таксама на Русцягоўскіх гарах у Слабодцы — паўвостраве паміж азёрамі Неспіш, Войса і Недрава.

Гуманіст доктар Станіслаў Нарбут

Ці ведаеце вы доктара, які адкрыў рэцэпт маладосці і падымаў на ногі безнадзейна хворых? І адначасова працаваў у пажарнай дружыне на добраахвотных пачатках і выдаваў самапісную газету? А яшчэ знакаміты гуманіст доктар Станіслаў Нарбут пабудаваў у Браславе ў 1906 годзе першакласную лячэбніцу. Дагэтуль пра любімага ў народзе доктара можна пачуць самыя неверагодныя гісторыі. Кажуць, узімку Станіслаў Нарбут любіў катацца на санках з Замкавай гары. Але доктар быў кульгавым пасля ранення, і наверх яго зацягвалі ўдзячныя браслаўчане, якіх Нарбут вылечыў ад хвароб. На жаль, прыпісваемыя доктару цудадзейныя рэцэпты былі страчаны... А можа, ніякіх парашкоў і пілюль і не патрэбна? Некранутая прыгажосць Браслаўшчыны вылечвае і цялесныя, і душэўныя раны. З гэтым меркаваннем пагаджаецца і намеснік дырэктара Браслаўскага музейнага аб’яднання Аляксандр Панцялейка, які дапамагаў у падрыхтоўцы матэрыялу.

Касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах

Стромкія шпілі чырвонага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Відзах— аднаго з самых высокіх касцёлаў у Беларусі, здалёк убачыш. Калі б турысту дазволілі падняцца на званіцу, ён змог бы агледзець мясцовасць з вышыні 59 метраў. Дарэчы, стварэнне такой агляднай пляцоўкі ў планах існуе. У сцены унікальнага храма ўмураваны артылерыйскія снарады — як напамін пра пашкоджанні, нанесеныя касцёлу падчас апошніх войнаў. У савецкія часы ў касцёле размяшчалася спартыўная зала мясцовага ГПТВ, таму яго багатае ўнутранае аздабленне амаль не захавалася.

Панская сядзіба ў Відзах Лаўчынскіх

Самая рамантычная мясціна на Браслаўшчыне — панская сядзіба ў Відзах Лаўчынскіх. З парослых маладымі клёнікамі каменных прыступак тэрасы  будынка, якому больш за 200 гадоў, як на далоні бачна возера Дворнае. Сядзібу паны выкарыстоўвалі для летняга адпачынку, і вельмі шкада, што зараз яна стаіць зачыненая і паступова прыходзіць у заняпад... У старым парку захаваліся рэдкія віды дрэў і дзіўны камень, які ўвекавечыў пяшчотнае сяброўства сабачкі і каня. А літаральна за паўкіламетра на беразе возера Смердзіс знаходзіцца цудадзейная крынічка “Лазенкі” з насычанай серавадародам вадой і гразямі. Непадалёк ад яе ў мінулыя часы размяшчаўся санаторый, а ванны паны, што прыязджалі на лячэнне, прымалі акурат на беразе возера. Дарэчы, яшчэ адну рамантычную панскую сядзібу абавязкова варта паглядзець у Опсе. Яе каменныя прыступкі збягаюць па бэзава-чаромхавым гаі прама ў возера.

Гарадзішча Маскавічы

Уявіць сябе старажытным вікінгам можна, калі наведаеш гарадзішча Маскавічы, а таксама патрымаеш у руках знойдзеныя там унікальныя археалагічныя знаходкі. Войны і піры — любімы занятак гэтых легендарных персанажаў. Аднак часам, калі вайна працягвалася залішне доўга, воіны кідалі службу і асядалі ў пэўнай мясціне. Так адбылося і ў памежнай крэпасці Маскавічы XI—XIII стагоддзяў, дзе дагэтуль знаходзяць рэчы скандынаўскага паходжання.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter