Азон з’яўляецца адным з важных кліматычных фактараў у планетарным маштабе

Азон прыцягвае да сябе ўвагу

Ураган над Мінскам, што ламаў дрэвы, як запалкі, бура над Растовам, якая загубіла “Боінг”, паводка ў Польшчы... У тым, што пагодныя катаклізмы маюць непасрэдную сувязь з размеркаваннем канцэнтрацыі азону ў верхніх слаях атмасферы, упэўнены кандыдат фізіка-тэхнічных навук Аляксандр Красоўскі, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы, дзеючага на базе БДУ. У стратасферы азонавы слой знаходзіцца ў пастаянным руху. Там, дзе ўчора была азонавая дзірка, сёння можа аказацца яго “шчыльная падушка”. Гэтыя змены і могуць уплываць на трапасферу, якая ляжыць ніжэй і ў якой фарміруюцца цёплыя і халодныя паветраныя масы, нараджаюцца цыклоны і антыцыклоны, што з’яўляецца прычынай анамальных пагодных з’яў.



Міжнародная супольнасць ужо прызнала: азон з’яўляецца адным з важных кліматычных фактараў у планетарным маштабе. Вядома, што акрамя асноўнай функцыі — фарміравання стратасферы, яго слой затрымлівае частку ўльтрафіялетавага выпраменьвання сонца, служыць фільтрам, які засцерагае жыццё на Зямлі. Таму станчэнне гэтага слоя, з’яўленне азонавых дзірак стала глабальнай праблемай для чалавецтва, вырашаць якую ўзяліся разам. З’явілася Венская канвенцыя аб ахове азонавага слоя, пасля далучэння да якой у нашай краіны было два шляхі: плаціць штогадовы салідны ўзнос у валюце і такім чынам уносіць уклад у вырашэнне праблемы альбо самім весці навуковую працу па вывучэнні азонасферы — гэтую місію і выконвае цэнтр пры БДУ. Прычым даследаванні вядуцца не толькі ў Беларусі, але і ў Антарктыдзе, у перыяды сезонных беларускіх экспедыцый. Інфармацыі і ведаў назапашана безліч.

“Наш пункт погляду такі: сітуацыя, калі азону шмат, нічым не лепшая, чым калі яго мала, — дзеліцца меркаваннямі Аляксандр Красоўскі. — Вось вы бачылі, што рабілася нядаўна ў Мінску ды іншых гарадах, — у гэты час азону над намі было параўнальна шмат. Таксама мы змадэлявалі сумна вядомую пагодную сітуацыю ў Растове. Там была вялікая колькасць азону, і трапапаўза (пераходны слой паміж трапасферай і стратасферай) літаральна “прыціснула” ніжнія паветраныя слаі, узнікла нізка размешчаная нестацыянарная струменная плынь, у якую і трапіў “Боінг”. Раней лічылася, што ўсё надвор’е “варыцца” ў прыземным слоі, а стратасфера з яе азонам адносна ўстойлівая. Усе мадэлі надвор’я ўпіраліся ў трапапаўзу, тое, што вышэй, не бралася да ўвагі. Але спадарожнікавы маніторынг, сучасныя вылічальныя магутнасці змянілі погляд на рэчы. На кліматычнай асамблеі ў Новай Зеландыі ў студзені 2014 года было дакладна сфармулявана: верхнія слаі атмасферы нельга ігнараваць, атмасфера адзіная, і калі ў ёй ідуць змены, то па ўсёй вышыні. Цяпер мы распрацоўваем канцэпцыю азонавага механізма ўплыву на рэгіянальнае надвор’е”. Спецыялісты перакананыя, што прывязка стану надвор’я да “азонавай карціны” – пытанне будучыні.


Штодзень у Нацыянальным навукова-даследчым цэнтры маніторынгу азонасферы БДУ вымяраюць канцэнтрацыю азону ў прыземным слоі, высокіх слаях атмасферы, а таксама ўзровень прыземнага ўльтрафіялетавага выпраменьвання. Усе прыборы для гэтага створаны там жа. Напрыклад, унікальны трасавы вымяральнік прыземнага азону ТрИО дае эталонныя паказанні. Гідраметэаслужба, якая таксама адсочвае параметр, перыядычна звярае паказанні сваіх прыбораў з дадзенымі ТрИО. Дакладнасць важная, бо гэтае рэчыва ўваходзіць у шасцёрку самых небяспечных для здароўя. А на даху дзейнічае шматфункцыянальны спектрарадыёметр ПИОН–УФ — найскладанейшы геафізічны прыбор, які пабываў у Антарктыдзе, з унікальнай “начынкай” і поўнай аўтаматыкай. Побач устаноўлены фатометр ПИОН-Ф апошняй мадыфікацыі. Ён вымярае ўзровень ультрафіялету і агульную колькасць азону, цалкам аўтаномны, працуе на сонечнай батарэі. Атрыманыя дадзеныя ПИОН-Ф можа перадаваць як па Wi-Fi, так і па сотавай сувязі.

— Такі прыбор мы ўстанавілі некалькі гадоў на Нарачы, і ён паказаў шмат цікавага, напрыклад, што УФ-клімат там адрозніваецца ад мінскага. З-за большай празрыстасці атмасферы і наяўнасці воднай паверхні ўзроўні апрамененасці сонечным выпраменьваннем там вышэйшыя, — здзіўляе Аляксандр Красоўскі. — Таму і загар больш эфектыўны. Але біёлагі высветлілі, што пры павелічэнні колькасці ўльтрафіялету змяняюцца біялагічныя працэсы ў прыродных вадаёмах, і папрасілі нас дапамагчы з даследаваннямі. Мы распрацавалі прыбор для замераў узроўню ўльтрафіялету ў вадзе, і яны былі праведзены ў шэрагу азёр Нарачанскай групы. Выявілася, што біялагічна актыўнага ўльтрафіялету там даволі шмат — мы фіксавалі сігнал на глыбіні 15 метраў.


Акрамя таго, ПИОН–Ф ужо стаіць у Гомелі, а хутка гэтыя прыборы заробяць і ва ўсіх абласных гарадах. Інфармацыя будзе сцякацца ў цэнтр пры БДУ, які рэгулярна падае дадзеныя маніторынгу ў Сусветны цэнтр дадзеных па азоне і ўльтрафіялетавай радыяцыі. Гэтак жа робяць іншыя краіны. У выніку і нараджаюцца карты бягучай сітуацыі стану азонасферы над абодвума паўшар’ямі. Намеснік дырэктара цэнтра, кандыдат фізіка-матэматычных навук Аляксандр Светашоў выводзіць карцінку за карцінкай на манітор і дапамагае ў іх разабрацца. Светлыя зоны — азонавыя дзіркі, яны мігрыруюць пастаянна. Вось 25 чэрвеня ад Балтыйскага да Чорнага мора працягнуўся цэлы “язык”, які захапіў тэрыторыю Беларусі. Другі дзень — завісла лакальная зона справа. Чым танчэйшы слой, тым больш “прыляціць” да нас ультрафіялету, здольнага выклікаць не толькі класічны апёк скуры, але і катаракту, памутненне хрусталіка, меланому ды іншыя беды. Ёсць і цёмныя зоны шчыльнага слоя азону — тыя самыя, што могуць “прыціснуць” трапапаўзу і справакаваць разгул стыхіі. Карціна вельмі рухомая.


Супрацоўнікі цэнтра даследуюць гэтыя працэсы і нават могуць спрагназаваць, як разаўецца сітуацыя. У тым ліку і разлічыць, які будзе УФ-індэкс. Ад гэтага паказчыка не варта адмахвацца. СААЗ даўно прызнала ўльтрафіялетавае выпраменьванне фактарам, які ўзмацняе цяжар хваробаў. Асабліва цяпер, калі настолькі модныя адпачынак у гарачых краінах і далёкія падарожжы. Распрацавана шкала, па якой можна ацаніць узровень небяспекі. УФ-індэкс ад 0 да 2 не патрабуе абароны, 6-7 — высокі, патрэбна закрытая вопратка, цёмныя акуляры і сонцаахоўны крэм, 8-10 — вельмі высокі, лепш знаходзіцца ў памяшканні. Дык вось, у папулярным у апошні час для адпачынку В’етнаме УФ-індэкс у ліпені экстрэмальны — 12. У Грэцыі — 10, Іспаніі — 9. Улічваючы здольнасць ультрафіялету аслабляць імунітэт, варта падумаць, куды ехаць на аздараўленне. Дарэчы, і ў Беларусі рэгіструюцца высокія індэксы. Адсочваць сітуацыю можна на сайце цэнтра — www.ozone.bsu.by.

Юлія Васілішына
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter