Ажываюць руіны першага замка ВКЛ

РЫДЛЁЎКА непаслухмяна ўпіваецца ў травяністы дзірван. Перакульваць зямлю цяжкавата: яна перамешана з невялічкімі кавалачкамі цаглінаў — рэшткамі разбураных часам і войнамі сценаў Навагрудскага замка. Мы працуем на пагорку, дзе яшчэ тры стагоддзі таму ўзвышаліся магутныя сцены ўязной вежы крэпасці. Менавіта яна ў даўніну вітала ўсіх, хто прыязджаў у першую гістарычную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага.

Карэспандэнт «БН» удзельнічала ў прэс-суботніку на Навагрудскім замку і дапамагла археолагам раскопваць старажытны каменны падмурак.

РЫДЛЁЎКА непаслухмяна ўпіваецца ў травяністы дзірван. Перакульваць зямлю цяжкавата: яна перамешана з невялічкімі кавалачкамі цаглінаў — рэшткамі разбураных часам і войнамі сценаў Навагрудскага замка. Мы працуем на пагорку, дзе яшчэ тры стагоддзі таму ўзвышаліся магутныя сцены ўязной вежы крэпасці. Менавіта яна ў даўніну вітала ўсіх, хто прыязджаў у першую гістарычную сталіцу Вялікага Княства Літоўскага.

Якім быў…

— Першыя пасяленні каля навагрудскага ўзвышша пазначаны     дзясятым     стагод-

дзем, — каментуе навуковы кіраўнік аднаўлення Навагрудскага замка Сяргей Друшчыц. — Калі параўнаць, гэта аналаг Полацка, Турава, Віцебска, Гародні — найстарэйшых пасяленняў Беларусі. Пляцоўка — выспа — натуральная, тут былі толькі падсыпаны валы, пабудаваны вежы — усё драўлянае. Але гэта пад намі, на глыбіні дзесьці каля сямі з паловай метраў. У шаснаццатым стагоддзі тут будуецца дзяржаўны магутны мураваны замак з некалькімі каменнымі вежамі. Да нашых часоў захаваліся толькі рэшткі дзвюх з іх.

Галоўныя разбурэнні адбыліся падчас так званых руска-польскіх войнаў у сярэдзіне сямнаццатага стагоддзя і Паўночнай вайны пачатку васямнаццатага стагоддзя. Гэтыя падзеі, дарэчы, закранулі буйныя беларускія замкі — у Лідзе, Крэве, Нясвіжы. Пасля гэтага Навагрудскі замак не аднаўляўся. Першая і адзіная спроба кансервацыі замка адбылася ў 1920-х гадах. Віленскія архітэктары тады ўстанавілі цэментавыя «каронкі» на версе дзвюх ацалеўшых вежаў. На большае грошай тады не хапіла.

…і якім стане

— Рух па кансервацыі гэтага замка быў распачаты толькі ў мінулым годзе, — адзначае Сяргей Друшчыц. — Мы праводзім даследча-праектныя работы, распрацавалі канцэпцыю дзеянняў. Мэта — стварыць трывалыя руіны: раскрыць муры сценаў, вежаў і замацаваць іх, паказаць турыстам. У вежы-шчытоўцы ёсць магчымасць зрабіць некалькі паверхаў, устанавіць там макет замка, расказаць пра яго. Аплікацыяй можна паказаць месца знаходжання царквы. Калі будуць вельмі спрыяльныя ўмовы, можна зрабіць шурф і паказаць пласт зямлі з рэшткамі пабудоў трынаццатага стагоддзя. У свой час мы зрабілі такую работу ў Бярэсці.

Эксперты разлічылі, што на рэканструкцыю і адкрыццё пластоў Навагрудскага замка патрабуецца мінімальна пяць мільярдаў рублёў. Летась дзяржавай выдаткавана 80, а ў гэтым годзе — 500 мільёнаў рублёў. Ёсць таксама латарэя «Скарбніца» (яе заснавальнік Міністэрства культуры), даходы ад рэалізацыі якой скіроўваюцца на кансервацыю першай рэзідэнцыі князёў ВКЛ. Распачаты таксама і збор сродкаў. Пры аддзеле культуры Навагрудскага райвыканкама дзейнічае пазабюджэтны спецрахунак, які быў адкрыты ў свой час для збору сродкаў на ўзвядзенне помніка Міндоўгу. На гэты ж рахунак з нядаўняга часу можна пакласці грошы і «на рэканструкцыю Навагрудскага замка».

— Зацікаўленасць мясцовай улады ў адраджэнні гісторыка-культурных помнікаў павінна быць, — лічыць першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі. — У нас у гэтым плане ёсць раскручаныя брэнды, тыпу Мір, Нясвіж, але ёсць і тыя, якія паўплывалі на еўрапейскую гісторыю цалкам. У Навагрудскім замку — грунтоўная работа і для археолагаў, і для геолагаў, і для рэстаўратараў. Нам патрэбна яе падтрымліваць. А аб’екты кшталту такога — гэта імідж дзяржавы.

А тым часаму Любчы…

Напрыканцы нашай працы з рыдлёўкамі мы разам з першым намеснікам міністра культуры Уладзімірам Карачэўскім накіраваліся ў пасёлак Любча, што ў Навагрудскім раёне. Там на рэспубліканскім суботніку працавала амаль сотня чалавек — школьнікі і студэнты — на рэканструкцыі яшчэ аднаго сярэднявечнага замка Беларусі — Любчанскага. Гэты аб’ект — прыклад талакі і саборнасці людзей, якім дарагі замак, што памятае Радзівілаў. У Любчы не сталі чакаць, калі да яго дойдзе чарга рэстаўрацыі. Восем гадоў таму па ініцыятыве земляка, афіцэра ў адстаўцы Івана Пячынскага там стварылі дабрачынны фонд, які так і назвалі «Любчанскі замак».

— Мы ўзяліся ратаваць замак, — зазначае Іван Пячынскі. — Запалу на добрую справу хапіла, і ў выніку ініцыятыву падхапілі валанцёры з Беларусі і Польшчы. Агульнымі намаганнямі ўжо шмат зроблена па выратаванні замка. Адрэстаўравана адна вежа, другая — на падыходзе.

Дарэчы, сам Іван Антонавіч, сталічны жыхар, як мінімум два дні на тыдзень прысвячае замку. Ён упэўнены ў тым, што Любчанскі замак будзе адноўлены і стане выкарыстоўвацца згодна са статусам архітэктурнага помніка рэспубліканскага значэння.

Таццяна УСКОВА, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter