На поўначы Беларусi яшчэ з часоў Полацкага княства адзначаюць Цярэшку

Ажаніцца – не журыцца

Асабліва вясёлым дайшоў да нашага часу гульнявы абрад пад назвай “Жанiцьба Цярэшкi”. На тэрыторыі сучасных Лепельскага, Ушацкага, Полацкага, Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Докшыцкага і іншых раёнаў Віцебшчыны спраўлялі Цярэшку тройчы — на Раство, стары Новы год і Вадохрышча. Паколькі ў гэтыя святочныя дні забаранялася працаваць, часу на гульбішчы хапала: і на Цярэшку-застолле, і на “сухую” Цярэшку з яе жартоўнымі гульнямі, танцамі і прыпеўкамі-цярэшкамі.



“Бацькоўскае” запрашэнне

Зазірнем у адну з хат на Лепель-шчыне, у якой збіраюцца вяскоўцы, каб наладзіць “Жаніцьбу Цярэшкі”.

Цярэшка, каху-каху,
Што ў цябе ў мяху-мяху?
Нітачкі-іголачкі,
Для дзяўчат пярсцёначкі...

Прыпеўкі-цярэшкі ляцяць з вуснаў “бацькоў”, калі яны запрашаюць у гульню моладзь. Як правіла, “бацькоў” выбіраюць з паважаных у вёсцы людзей, добрых сем’янінаў, у якіх шмат дзяцей. Іх яшчэ называюць “сватамі”, таму што яны “сватаюць” хлопца і дзеўку.


“Сватаўство” — надзвычай далікатны момант старажытнай гульні. Для “вяселля” неабходна стварыць некалькі пар. На “жаніцьбу” загадзя запрашаюцца хлопцы і дзяўчаты, якія ўжо заглядаліся адзін на аднаго і, здаецца, толькі і чакалі моманту, каб іх пажанілі. Клікаюць на Цярэшку і тых, у кім даросласць яшчэ толькі-толькі абуджаецца, надыходзіць час развітання з дзяцінствам.

“Бацькі” — вясёлыя завадатары ў гульнях. У іх добра падвешаны язык, за словам у кішэню яны не лезуць. Пачынаецца момант “сватання”, і “маці” спявае:

Божа ж мой, галоўка баліць,
Як жа мне дзяцей пажаніць?
А якую раду браць,
Дзетачкам парадак даць...

“Бацька” падводзіць хлопца, “маці” — дзеўку. Для іх іграюць “Лявоніху”. Спачатку дзяўчына танчыць з “маці”, а хлопец — з “бацькам”, потым “маладыя” круцяць танец разам. Такім чынам пара зведзена, перакручана, “засватана”. Бывае, спрабуюць “пасватаць” і тых, якія не любяцца. І гэткае “сватаўство” выклікае шмат вясёлых эмоцый.


Усім месца хопіць

У хатах, у якіх спраўлялася “Жаніцьба Цярэшкі”, не было дзе ўпасці яблыку. Жадаючых “ажаніцца” набіралася пар дзесяць — дванаццаць. Да таго ж былі яшчэ і музыка-дудар альбо скрыпач, цымбаліст на пару з бубнаром. Цікаўныя гледачы цесна забіваліся на печ, сядзелі на лавах. Калі пачыналіся гульні і танцы, хата, як кажуць, ходырам хадзіла.

Але “жанілі Цярэшку” не толькi ў вялiкiх і малых хатах, абрад спраўлялі таксама ў корчмах, пазней — у вясковых клубах. Вось і ў Велеўшчынскiм клубе Лепельскага раёна штогод на Каляды ладзяць Цярэшку з удзелам усёй вёскі.


Пацалуй “Вішаньку”

Гульні пачынаюцца з “Вішанькі”. Хлопец павінен разагнацца і падскочыць, каб пацалаваць сваю абранніцу, якая стаіць на высокім зэдліку. Каб пацалунак атрымаўся, пара дужых хлопцаў падхоплівае “жаніха” і падкідвае да каханай. За “Вішанькай” чарадою ідуць гульні “Раменчык”, альбо “Вясковы паясок”, “Цотка і лішка”, “Падушачка”, “Баран”.

На Лепельшчыне ў канцы ігрышча “маладых” называюць ужо “дзядулькамі” і “бабулькамі”. Адна з апошніх гульняў — “Ручаёк” — свайго роду “Кошкі-мышкі”: спачатку хлопец даганяе, а дзяўчына ўцякае, потым наадварот. Гульня шумная, эмацыянальная. Гледачы стараюцца схаваць уцекачоў ад пагоні, уздымаюцца штурханіна, гоман, смех.


“Шлюбныя” пары

У вёсцы Велеўшчына, добра нагуляўшыся, “шлюбныя” пары пачынаюць танцаваць. Потым сядаюць за стол. І не толькі, каб паесці. Спяваюць, колькі жадаюць:

Цячэ рэчанька, цячэ быстрая,
Гоп — не пераскочу.
Не аддай, маменька,
не аддай, родная,
За каго не хочу...

І хаця гэта ўсяго толькі гульня, з “сасватаных” пар часта ўтвараліся і ўтвараюцца сапраўдныя сем’і. Вось вам і пацалунак на Цярэшку! Здаўна лічыцца, што ён — апякун сям’і, яе стваральнік. Але перш-наперш — сват. У яго гонар на нашай зямлі называлі нават вёскі. І дзве з іх — вёскі Цярэшкі — дагэтуль захаваліся ў Лепельскім і Шаркаўшчынскім раёнах.

Максім ВЕЧАР

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter