У Паставах прайшоў фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”

Ажаніліся цымбалы і гармонік

Можна лічыць, сярэбранае вяселле справіў у Паставах фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Менавіта чвэрць века таму ладна “сасваталі” тут гэтыя музычныя інструменты, а ў міжнародным фармаце ён праходзіў у васемнаццаты раз. Зрэшты, паўналецце — таксама добрая нагода для гучнага свята, на якое на прыканцы мінулага тыдня з’ехаліся музыкі з усіх куткоў нашай краіны, а таксама з Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстонii. Карацей кажучы — сябры. Дарэчы, у час фестывалю ў Паставах адкрылі памятны знак у гонар гарадоў-пабрацімаў.





Не забылі арганізатары фэсту пра 70-годдзе Вялікай Перамогі і Год моладзі. Гэтыя падзеі знайшлі адлюстраванне ў акцыях “Зорка памяці”, “Мой горад. Мая краіна”, “Моладзь вітае фестываль” і іншых. У Паставы запрасілі лепшых дыджэяў Віцебскай вобласці і салістаў Тэатра песні Ірыны Дарафеевай. Прыехаў сюды і Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.І. Цітовіча.





Але ж музычны баль, безумоўна, правілі цымбалы і гармонік, якія звінелі паўсюль. Звінелі ад усяе душы. Шмат гледачоў сабраў і конкурс выканаўцаў ігры на народных інструментах “Хто каго?”. У ім сваё майстэрства дэманстравалі як асобныя артысты-аматары — малыя і дарослыя, так і цэлыя калектывы. Упрыгожыў фестываль і стектакль “Музыка беларускіх палацаў” з удзелам ансамбля народнай старадаўняй музыкі “Віаліна”. Сцэнічная пляцоўка адпавядала — тэатралізаванае дзейства разгарнулася каля палаца Тызенгаўзаў.





А якое ж беларускае свята без шчодрага гаманлівага кірмашу?! На галоўнай плошчы вырас “Горад майстроў”. Падсілкавацца гасцям таксама было дзе — на свае “смачныя” падворкі запрашалі вёскі і аграгарадкі азёрнага краю. Здавалася, у Паставах сапраўды адбывалася вялікае вяселле. 
І мы там былі, мёд-квас пілі...

Фота Івана Лужынскага

kuklov@sb

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter