Нашы турысты ў Турцыi i Грэцыi расказваюць, як перажылi начны землятрус

Аж трасе ад адпачынку

Землятрус магнітудай 6,7 бала па шкале Рыхтэра здарыўся ў Эгейскім моры — як раз за 12 кіламетраў на поўдзень ад папулярнага турэцкага курорта Бодрум, а таксама ў 16 кіламетрах  ад грэчаскага вострава Кос. Эпiцэнтр залягаў на глыбіні 10 кіламетраў. Было зафіксавана як мінімум 20 штуршкоў. Яны выклікалі невялікае цунамі, якое прывяло да падтаплення гатэляў на пабярэжжы горада-курорта Мармарыс, у некаторых раёнах знікла электрычнасць. Адбылося ўсё гэта ў пiк турыстычнага сезону. Як адчуваюць сябе шматлiкiя турысты?

Фото dailymail.co.uk

Паводле папярэдніх даных, на востраве Кос загінулі два чалавекі. Беларусаў сярод iх няма — гэта грамадзяне Турцыі і Швецыі. Таксама яшчэ каля 120 мясцовых жыхароў і турыстаў пацярпелі. У Бодруме налічылі каля 70 пацярпелых.

У нашым МЗС запэўнілі, што пасольствы Беларусі ў Турцыі і Балгарыі (у Грэцыі па сумяшчальніцтве) пільна сочаць за сітуацыяй у сувязі з землятрусам, каб пры неабходнасці дапамагчы нашым турыстам. Пакуль беларускія грамадзяне па дапамогу пасля землятрусу не звярталіся. Але паведамленнямі аб сваіх адчуваннях і стане многія дзеляцца ў сацсетках:

«Гэта была самая страшная ноч у маім жыцці. Яшчэ ніколі я так не палохалася!»

Землятрус разбурыў старыя будынкі і пашкодзіў порт, а таксама будынак аддзялення мытні на востраве Кос

«Я, мабыць, сёння пасівела… Гэта страшная карціна цяпер назаўсёды ў памяці. Той момант, калі я спакойна ляжала ў ложку і пачалося… Пабегла ўніз у слязах ад страху… Усе выбеглі голыя. Сёння Кос не спаў. Ні хвіліны! Ніхто не спіць, усе на вуліцах, пад прасцінамі, з падушкамі… Цунамі сапраўды прыйшло, вялікая хваля, увесь порт мокры… Хутчэй бы дадому!»

Нам удалося звязацца з мінчанкай Ірынай, якая адпачывае каля Мармарыса:

— Дзякуй богу, у нашай вёсцы ахвяр і разбурэнняў няма, але як жа было страшна! Апалове другой гадзіны ночы прачнулася ад трасяніны, закруціліся з мужам у прасціны і выскачылі босыя на вуліцу. Глядзела, як калыхаюцца дрэвы, і думала, што гэта цікава. Страшна стала потым. Усю ноч трэслася з сумкай і пашпартам у руках і думала, якія ж мы, людзі, нікчэмныя на гэтай планеце…


У турфірмах «Росцінг», Tez Tour, «Свет тураў» паведамілі, што многія іх турысты адпачываюць у Турцыі, аднак у асноўным на Міжземнаморскім узбярэжжы, а не на Эгейскім моры, так што ніякіх скаргаў да іх не паступала.

— Траўмы, якія атрыманы ў выніку нясчаснага выпадку, безумоўна, з’яўляюцца страхавымі выпадкамі, — запэўнілі нас у страхавой кампаніі. — Пры наяўнасці страхавога поліса для пацярпелых будзе запушчаны механізм выплат. Але пакуль з такімі пытаннямі да нас нiхто не звяртаўся.

nevmer@mail.ru
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter