Гардзей Хоміч прызнаны найлепшым выкладчыкам рускай мовы і літаратуры сярод прадстаўнікоў 60 краін

Азбука для камунікацыі

Гардзей Хоміч прызнаны найлепшым выкладчыкам рускай мовы і літаратуры сярод прадстаўнікоў 60 краін

Гардзей Хоміч пачаў выкладаць, калі яму быў усяго 21 год — спачатку ў школе, а пасля — і да сённяшняга дня — у Беларускім дзяржаўным універсітэце, на кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта. Цяпер яму 30, ён старшы выкладчык. Апрача гэтага тытулу атрымаў нядаўна яшчэ адзін — стаў пераможцам міжнароднага конкурсу “Найлепшы настаўнік рускай мовы і літаратуры замежжа”. Гардзей лідзіраваў у спаборніцтве, абышоўшы 600 настаўнікаў з 60 краін. Цяпер ён выкладае рускую мову беларусам і кітайцам. Мы пагаварылі з педагогам пра тое, як наву­чыць чалавека роднай або замежнай мове — літаратурнаму стандарту, які засвоіць, як аказваецца, не так проста.

Гардзей Хоміч сам ведае, як гэта цяжка — навучыцца гаварыць правільна:

— У дзяцінстве я не адразу пачаў вымаўляць гук “р”. Наогул гэта нялёгка для многіх дзяцей.

Што цікава. Настаўнік выкладае кітайцам, у якіх няма гука “р”. Таму свой вопыт, вядомы яшчэ з маленства, педагог з веданнем справы цяпер перадае іншаземцам:

— Аднак кітайцы маюць адну перавагу — музычны слых. Гэта звязана з асаблівасцю іх мовы, сказы якой маюць музычную танальнасць. Таму мае вучні вельмі лёгка запамінаюць гукі новай мовы. Аднак загаварыць адразу не могуць. Бо для гэтага трэба мець не толькі слоўнікавы запас, але і ведаць граматыку.

Веданне граматыкі для карыстальніка мовы — як валоданне правіламі дарожнага руху для вадзіцеля аўтамабіля. Але цяпер не ўсе выкладчыкі лічаць, што вучні мусяць перш за ўсё авалодаць граматыкай. Гардзей Хоміч расказвае пра сучасныя падыходы ў выкладанні моў:

— Існуе два асноўныя погляды. Першы — традыцыйны, паводле якога трэба перш за ўсё вывучыць граматыку, а пасля на яе наніцоўваць лексіку. Другі падыход у апошні час становіцца больш папулярным. Гэта так званы камунікатыўны метад, калі вы інтуітыўна засвойваеце новую для вас мову, амаль як папугай паўтараеце адны і тыя ж словы. У такім выпадку адбываецца так званы ранні выхад у маўленне, гэта значыць, што вы пачынаеце размаўляць, але ўжываеце словы не заўсёды правільна. Аднак хібнасць гэтага падыходу ў тым, што вы засвойваеце словы і выразы не заўсёды ў літаратурна правільнай форме. Такой няправільнай мовы вам будзе досыць для паразумення, калі вы паедзеце ў турыстычную вандроўку ў іншую краіну. А вось калі вы хочаце знайсці добрую працу, ад вас запатрабуюць і правільнай мовы. У такім выпадку трэба будзе вучыць граматыку. Вось толькі калі вы ўжо маеце слоўнікавы запас і ўжываеце нейкія выразы з памылкамі, перавучвацца будзе складана. Выправіць памылкі заўсёды складаней, чым з самага пачатку навучыцца правільна штосьці рабіць. Таму я прыхільнік традыцыйнага, першага, метаду.

Гардзей Хоміч, зрэшты, мае і свае ўласныя падыходы. Адзін з іх ён называе “паглыбленнем у культуру”. Ён упэўнены, што мову трэба вывучаць разам з літаратурай — беларускую, пагружаючыся ў творчасць Янкі Купалы і Кузьмы Чорнага, рускую — пазнаючы лірыку Аляксандра Пушкіна і прозу Міхаіла Булгакава, французкую — адкрываючы для сябе Флабэра і Дзюма.

У вывучэнні блізкароднасных моў Хоміч лічыць карысным параўноўваць сінтаксіс — гэта таксама частка яго метаду “паглыблення ў культуру”:

— Па-беларуску мы кажам “ажаніцца з кімсьці”, а па-руску — “жениться на ком”. Ёсць меркаванне, што гэта адлюстроўвае становішча жанчыны ў Беларусі ды Расіі ў даўнія часы. У Беларусі кабета магла мець амаль роўныя правы з мужчынам, а ў Расіі была заўсёды падпарадкаваная “моцнаму полу”. Студэнтам гэтыя веды дапамагаюць засвоіць правільную сінтаксічную канструкцыю, асацыюючы яе з гістарычнай з’явай.

Так гэта ці не так, але, як сведчыць Гардзей Васілевіч, такая інфармацыя дапамагае яго студэнтам не толькі разумець, але і адчуваць мову, з якой яны ўпершыню знаёмяцца:

— Як патлумачыць чалавеку іншай культуры тое, што ў рускай мове зварот да жанчыны “женщина” не вельмі добры? Які зварот выбраць: “госпожа” (“пані”), “товарищ” (“таварыш”)? Усё гэта важныя пытанні. А адказ просты: на пачатку ХХ стагоддзя зварот “женщина” ўжывалі да супрацоўніц… публічных дамоў.

Што такое мова — сродак зносін ці найвышэйшая сфера разумовай дзейнасці чалавека, якая павінна ўвесь час шліфавацца, удасканальвацца дзеля чыстай прыгажосці? Мой суразмоўца ўпэўнены, што мова — гэта перш за ўсё інструмент камунікацыі. І карыстанне гэтым інструментам у кожнага чалавека павінна быць адточана да дэталяў:

— Мы ўзбагачаем сваю мову не дзеля таго, каб выхваляцца красамоў­ствам. Так, аратарскае мастацтва цанілася ва ўсе часы. Але на самай справе, хто такі добры прамоўца? Гэта чалавек, які выдатна валодае мовай як інструментам, які можа да кожнай сітуацыі падабраць патрэбныя словы. Вось такіх людзей я і рыхтую ва ўніверсітэце.

Што хаваць, прафесія педагога не толькі ў Беларусі, але і ў многіх іншых краінах — не самая прыбытковая. Чаму Гардзей Хоміч усё ж пайшоў гэтай няпростай жыццёвай сцежкай? Дарэчы, у яго сям’і філолагаў няма: маці — бухгалтар, бацька — аўтаслесар. Гардзей згадвае, што ў школьныя гады марыў стаць урачом:

— Было гэта ў 7-8 класах. Хацеў стаць кардыёлагам, спецыялістам ультрагукавой дыягностыкі. Мне цікава паставіць дыягназ, правесці аналітычную работу. Прагучыць дзіўна, але сябраваў нават з фізікай. Да 9 класа я гэты прадмет любіў, асабліва мне падабаліся электрычныя схемы, але потым пайшло вывучэнне механікі і я страціў цікавасць да гэтай навукі.

Цікавасць да схем, аналітыкі — гэта глыбінная рыса характару Хоміча. І менавіта гэтая якасць дапамагае яму цяпер у выкладанні мовы:

— Шчыра прызнаюся, я ніколі не любіў пісаць творы, а вось дыктоўкі пісаў з задавальненнем. Любіў разбіраць словы на граматычныя часткі. Мне падабаецца аналізаваць мову. Дакладная схема, распрацаваная выкладчыкам, становіцца выдатнай дапамогай вучню для разумення сутнасці мовы, якую ён вывучае.

І, мяркуе спадар Хоміч, вынаходзіць ровар у педагогіцы зусім не трэба:

— Некаторыя мае калегі спрабуюць прыдумаць нейкія новыя методыкі. Я лічу гэта марнымі пошукамі. Справа ў тым, што за многія стагоддзі нашы папярэднікі ўжо выпрацавалі гатовыя схемы выкладання, якімі трэба проста карыстацца. І, паверце, значная частка гэтых схем незапатрабавана. Таму я не займаюся вынаходніцтвам, а выкарыстоўваю на практыцы тыя падыходы, якія былі выпрацаваны папярэднікамі і якія лічу карыснымі ў навучанні.

А ці ёсць бясплённыя метады? Гардзей Хоміч не хавае свайго стаўлення да некаторых найноўшых вынаходак, якія распаўсюдзіліся асабліва ў прыватных цэнтрах вывучэння моў:

— Я не лічу прадуктыўным пакідаць вучняў сам-насам, калі ім настаўнік дае заданне распрацаваць які-небудзь праект, а пасля зрабіць яго прэзентацыю. З людзьмі трэба займацца, каб навучыць іх мове. І абавязковая ўмова плённага навучання — самастойныя заняткі вучня дома, паўтор пройдзенага на лекцыі матэрыялу. Я люблю працаваць са сваімі студэнтамі, асабліва калі бачу, што яны зацікаўленыя. Мне цікава правяраць хатнія заданні. Бо выкладанне для мяне — гэта не толькі праца, але і задавальненне. Я не строгі настаўнік, але ж нясу адказнасць за вынік працы тых, хто прыходзіць да мяне на заняткі.

Спадар Хоміч упэўнены: кожнага чалавека можна навучыць любой мове. Як? Патрэбен стымул, чалавек павінен дакладна ведаць, навошта яму гаварыць на гэтай або іншай мове. Хаця сам мой суразмоўца замежных моў не ведае. Чаму? Кажа, што не мае патрэбны з’язджаць за мяжу, а значыць, няма патрэбы вучыць англійскую ці польскую. Што тут скажаш: практычны чалавек!

Можна было б Гардзея Васілевіча Хоміча назваць чалавекам надта традыцыйным, а то і старамодным. Калі б не яго ўзрост. І ўсё ж ён не падобны да “таповага” прадстаўніка свайго пакалення. Пакуль моладзь захапляецца тым, што мяняе айпады і смартфоны на новыя мадэлі, Гардзей ходзіць са старым — не сэнсарным, а кнопкавым — тэлефонам:

— На конкурсе мне падаравалі новы смартфон, але я яго нават не распакоўваў. Навошта, калі стары працуе? Мы ж па ім стэлефанаваліся перад інтэрв’ю?

— Так!

— Значыць, функцыю сваю ён выконвае спраўна.

У свой час спадар Хоміч марыў стаць тэатральным рэжысёрам. Цікавасць да тэатра засталася на ўсё жыццё. Гэта, бадай, галоўнае хобі жыцця. Разважае ён пра тэатральную культуру як строгі крытык:

— У Мінску няшмат прыстойных драматычных тэатраў. Найлепшы — Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. У іншых тэатрах мне даспадобы толькі асобныя спектаклі. А вось оперу нашу цаню за высокі прафесіяналізм сусветнага ўзроўню.

Можна не згаджацца з густамі педагога, але ён на ўсё мае свой погляд. У паэзіі шануе Ахматаву, Гумілёва і Цютчава, а вось Бродскі, Маякоўскі ды Фет яму нецікавыя.

Найбольш мяне ўражвае стаўленне Гардзея Хоміча да кніг. Для яго кожная — твор мастацтва. Не, не ўсе запар, а тыя, якія ён упадабаў:

— Нядаўна набыў твор Ібсэна “Пер Гюнт”. Раней не меў яго ў сваёй бібліятэцы. Я чытаў многа твораў Дастаеўскага, але калі мне трапіцца не проста яго кніга з тэкстам, а выданне, аздобленае вядомым мастаком Мсціславам Дабужынскім, то з задавальненнем папоўню ім сваю бібліятэку. Шукаю такую кнігу… Люблю проста пагартаць цікава аформленае выданне.

Ці ўбачым мы калі-небудзь кнігу Гардзея Хоміча на паліцы кнігарні? Баюся, не. Ён — тыповы практык. А кнігі па педагогіцы пішуць найчасцей тэарэтыкі. Таму, калі вы захочаце падвучыць мову, прыходзьце на лекцыі маладога педагога ў БДУ. Вучыцца ніколі не позна.

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter