Азімыя непакою не выклікаюць

Стан азімых пасеваў пакуль што не выклікае непакою ў спецыялістаў. Пасля раставання снегу расліны па-ранейшаму знаходзяцца ў перыядзе спакою, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА вядучы навуковы супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробству Канстанцін Шашко.

Ён адзначыў, што ў цэнтральнай зоне рэспублікі снег на палях праляжаў 20 дзён, у паўночнай — 23—24 дні, у асобных раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей снегу не было наогул. “Мы непакоіліся, што з-за працягласці залягання снежнага покрыва можа ўзнікнуць снежная цвіль, але гэтага не адбылося”, — адзначае спецыяліст. Расталы снег прыметна ўвільгатніў глебу, што станоўча адбілася на стане пасеваў.
Аднаўлення вегетацыі пшаніцы, трыцікале яшчэ не было. Жыта хутчэй пачынае расці, але і яе асаблівай актыўнасці таксама не назіраецца. Значыць, і ў далейшым перазімоўка пасеваў пройдзе нармальна, лічыць спецыяліст.
Канстанцін Шашко адзначыў, што адліга і дзённыя тэмпературы да плюс 5 градусаў могуць прывесці да аднаўлення вегетацыі, але ненадоўга. Калі вегетацыя пачнецца, то запасы пажыўных рэчываў раслін папоўняцца за кошт фотасінтэзу. У далейшым жа пры паніжэнні тэмпературы і выпадзенні снегу адбудзецца паўторнае загартоўванне раслін, і яны набудуць устойлівасць да неспрыяльных умоў перазімоўкі.
Цяпер стан пасеваў па шчыльнасці сцебластою і колькасці раслін на квадратным метры ў асноўным добры па ўсіх зонах рэспублікі. Зрэджаных пасеваў амаль няма, падкрэсліў Канстанцін Шашко.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter