В Музее белорусского книгопечатания экспонируется около 1500 уникальных предметов

Аз, букі, ведзі

Музей беларускага кнігадрукавання ў Полацку адзначае сёлета 30-годдзе. Ён адкрыў свае дзверы для наведвальнікаў 8 верасня 1990 года падчас святкавання 500-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара Францыска Скарыны. Па сёння, паведамляе book.polotsk.museum.by, гэта адзіны ў краіне музей такога напрамку, які збірае і захоўвае для нашчадкаў помнікі пісьменства ад рукапісных скруткаў да сучаснай кнігі, знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй пісьменства, кніжнай ілюстрацыі, паліграфіі.
Фота БЕЛТА

Музей размяшчаецца ў адрэстаўрыраваным будынку Богаяўленскага манастыра — помніку архітэктуры XVIII стагоддзя. На плошчы больш за 600 кв. м размясціліся 15 залаў, у якіх прадстаўлена каля 1500 музейных прадметаў. Да прыкладу, першая зала знаёміць з тымі асобамі, якія стаялі ля вытокаў беларускай кніжнасці. Другая расказвае пра матэрыялы для пісьма і старажытныя формы кнігі, а таксама помнікі пісьменства ўсходніх славян. Асобныя раздзелы распавядаюць наведвальнікам пра працэс стварэння рукапісаў, мастацкае аздабленне кнігі, развіццё кнігавыдавецкай справы ў розныя перыяды гісторыі, лепшыя выданні Беларусі — пераможцы конкурсу «Мастацтва кнігі» і многае іншае. У залах можна сустрэць сапраўды ўнікальныя экспанаты — кнігу з дзвюма тысячамі старонак, выданне з метр вышынёй, васковыя фігуры манахаў-перапісчыкаў, друкарскі станок, падобны да таго, на якім пяць стагоддзяў таму друкаваў першыя кнігі Францыск Скарына.

Да юбілею Музея беларускага кнігадрукавання яго супрацоўнікі падрыхтавалі шэраг цікавых мерапрыемстваў. Так, да 15 лістапада будзе працаваць выстава «У самы жывы з усіх музеяў з пажаданнямі…». На ёй экспануюцца выданні з дароўнымі надпісамі музею, якія ў розны час і пры розных абставінах пакінулі на старонках кніг іх аўтары, мастакі, выдаўцы, прадстаўнікі арганізацый і афіцыйныя асобы.

А да канца года можна будзе наведаць, прычым нават не выходзячы з дому, віртуальную выставу «Служэнне роднаму слову». Яна прысвечана беларускім пісьменнікам, юбілеі якіх мы адзначаем у 2020 го­дзе. Дарэчы, дзейнасць Музея беларускага кнігадрукавання выдатна прадстаўлена ў інтэрнэт-прасторы. На афіцыйным сайце ўстановы book.polotsk.museum.by можна здзейсніць 3D-падарожжа па экспазіцыі, паўдзельнічаць у віртуальных квестах, гульнях, віктарынах.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter