Знакамітае ААТ «Палескiя журавiны», што ў Пiнскiм раёне, — не толькi самае вялiкае прадпрыемства ў Еўропе па вырошчваннi буйнаплодных журавiн. Акрамя балотных ягад, на плантацыях можна ўбачыць буякi, парэчкi, абляпiху, а з нядаўнiх часоў — хенамелес, цi айву японскую. Зараз чароўны час яе цвiцення.

Айва пахне яблыкам, лiмонам i сасной адначасова. Да гаючага водару ў паветра дабаўляецца пах травы, торфу i вады. Прайсцi мiма абсыпаных кветкамi кустоў хенамелесу i не звярнуць на iх ўвагi проста немагчыма. Хочацца стаяць i любавацца яркiмi фарбамi, а адышоўшы, так i цягне азiрнуцца. Уявiце, да чаго прыгожая майская ранiца ў гэтым садзе!
Дыхайце, атрымлiвайце асалоду, у мяне тут санаторый, — кажа дырэктар прадпрыемства Васiль Лягускi.
Мы iдзём уздоўж кустоў, высаджаных у рады i на ўзроўнi зямлi прыкрытых агравалакном. Нечакана Васiль Рыгоравiч дастае з кiшэнi нажнiцы i па-гаспадарску абрэзвае сухую галiнку. Акуратна паднiмае суседнюю ў квеценi, на якой ужо завязалася мноства мiнi-яблычкаў. Каб яны набралi сiлу, айве патрэбен догляд.
Культура гэтая своеасаблiвая. З аднаго боку, не зусiм капрызная, — Васiль Лягускi паказвае на з’едзеныя зайцамi верхавiнкi галiнак. — Вось нашкодзiлi. Але айва возьме сваё, адрасце, яна добра пераносiць стрыжку. З часам сфармiруем куст. З другога боку, патрэбны вада i падкормка. Мы выкарыстоўваем толькi арганiку, нiякай хiмii. Ад хвароб раслiна абараняе сябе сама. Апыляюць яе пчолы i чмялi — у нас свая пасека побач з плантацыяй. Так што нашы яблычкi растуць экалагiчнымi.
Айву японскую ў Беларусi культывавалi ў часы Савецкага Саюза. А зараз «Палескiя журавiны» — адзiнае прамысловае прадпрыемства ў краiне, якое адвяло пад культуру ажно пяць гектараў. У мiнулым годзе сабралi першыя 10 тон ураджаю, сёлета плануюць каля 20.
Васiль Лягускi — чалавек з багатым гаспадарчым вопытам. Хвалiцца не хоча, пра планы гаворыць асцярожна, бо, кажа, толькi мацi-прырода ведае, якi вынiк будзе восенню.
Айва цвiце ў маi i чэрвенi. Блiжэй да лета колер кветак становiцца больш насычаны. Плады, вага якiх можа дасягаць 100 грамаў, зажаўцеюсь, нальюцца вiтамiнамi ў вераснi — кастрычнiку. Збiраць ураджай будуць уручную. На галiнках няма калючак, як на звыклай для многiх з нас садовай айве, што часцей выкарыстоўваецца ў ландшафтным дызайне для стварэння зялёнай агароджы. Куст можа пладаносiць да 80 гадоў.

На «Палескiх журавiнах» з айвовых яблычак робяць цукаты i сiроп. Дарэчы, плод гэты надта карысны — i ў танiзуючым напоi добры, i ў лячэбным адвары ў дапамогу пры павышаным цiску i для знiжэння ўзроўню халестэрыну.
Адначасова з айвой на плантацыях цвiтуць садовыя буякi (па-народнаму — лахачы). Кусты высокiя, прыгожыя, праўда, не такiя яркiя, як айва. Але ж буякi — папулярныя сярод насельнiцтва ягады. Яны прыносяць прадпрыемству добры прыбытак. На Палессi зараз культывуюць больш за 50 гатункаў. Што тычыцца галоўных ягад — журавiн, то чэкi пакуль пустыя. Высаджваць iх пачнуць крыху пазней.
Дарэчы, з новых культур тут не толькi айва. Пасадзiлi яшчэ два гатункi актынiдыi (мiнi-кiвi).
Менш за год таму прадпрыемства ўвяло ў эксплуатацыю новы пункт сартыроўкi i перапрацоўкi ягаднай прадукцыi. Ёсць там машына для электроннай ачысткi ягад, якая дазваляе перабiраць за змену да васьмі тон. А на ўчастку перапрацоўкi — лiнiя па вытворчасцi цукатаў.

Рынак дыктуе, трэба ўдасканальваць абсталяванне, каб быў замкнёны цыкл, — кажа Васiль Лягускi.
Хочацца дадаць, што ААТ «Палескiя журавiны» — любiмае месца для многiх беларускiх фатографаў. Здымкi падчас збору журавiн б’юць рэкорды па праглядзе, бо яны не только маляўнiчыя, але i ў многiм экзатычныя. Запоўненыя вадой чэкi i тэхнiка ў вадзе на плантацыях буйнешай журавiнавай гаспадаркi Еўропы — гэта сапраўднае дзiва, вачэй не адарваць.
kozlovich@sb.by