"На вокзале"
Непаўторныя і каларытныя твары розных гарадоў і краін складаюцца з лёгкай рукі мастака ў галерэю выразных і характэрных партрэтаў. Кожнае месца, зацікавіўшае і крануўшае яго, атрымлівае ўвасабленне ў работах. Часцей за ўсё мастак натхняецца беларускімі краявідамі, і амаль што ў любое надвор’е яго можна ўбачыць на вуліцах Мінска. Васіль Пяшкун на свае палотны пераносіць не толькі архітэктурныя рысы горада, але і наша хутказменлівае жыццё.
"В ноябре"
Не абыходзіць мастак увагай і такі жанр, як нацюрморт. Простыя рэчы і прадметы штодзённага побыту, куточак майстэрні з фарбамі і пэндзлямі, лаўка ля старога калодзежа, атрыбуты і прылады сельскай працы ў адрыне пад страхой, кветкі і садавіна – вось героі яго карцін. Гэткая немудрагелістасць сюжэтаў і кампазіцый схіляе гледача да разважанняў, прымушае адчуць тонкае хараство і праявы сусветнай гармоніі ў будзённым і звыклым.
"Солнечный октябрь"
Разглядаючы творы Васіля Пешкуна, мы пераносімся ў тыя мясціны, дзе бываў мастак, разам з ім захапляемся, зачароўваемся і здзіўляемся прыгажосці і велічнасці прыроды: стромкасці гор, празрыстай чысціні азёр, рытмам вялікіх гарадоў і павольнаму дыханню невялічкіх вёсачак. Выправіцца ў гэта прыемнае падарожжа, для якога не патрэбна ні збіраць валізку, ні набываць квіткі, можа кожны. Выстава будзе працаваць з 29 жніўня да 13 верасня. Уваход вольны.
Аддзел навiн «ЗН»
Даведка «ЗН»
Васіль Пяшкун нарадзіўся ў 1978 г. у Гомелі. Скончыў Гомельскае дзяржаўнае мастацкае вучылішча і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці манументальны жывапіс. З`яўляецца стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі. З 2005 г. – сябра Беларускага саюза мастакоў. Удзельнік шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выстаў, мае больш за дзесяць персанальных. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, Музеі сучаснага рускага мастацтва ў Джэрсі-Сіці (ЗША), беларускім пасольстве ў Будапешце (Венгрыя), прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, ЗША, Ізраіля, Японіі, Італіі, Францыі.