«Айчына мая залатая, Айчына святая мая...»

Нездарма свае нататкi  пра  новую кнiгу беларускага паэта Вiктара Шнiпа (на здымку) я назваў радком з надзвычай хвалюючага i трапяткога яго верша...

Нездарма свае нататкi  пра  новую кнiгу беларускага паэта Вiктара Шнiпа (на здымку) я назваў радком з надзвычай хвалюючага i трапяткога яго верша. Гэта ж шчырае прызнанне аўтара ў бязмежнай любовi да сваёй Радзiмы.

Айчына мая залатая,

Як сонца, што па-над зямлёй,

Як храм, што  ў душы не знiкае

I будзе заўсёды са мной,

Як гэтае неба над намi,

Як гэта пад намi зямля...

Дзе сонца плыве, не сплывае,

Дзе сумны i радасны я...

Айчына мая залатая,

Айчына святая мая...

Кнiга пад назвай “Страла кахання, любовi крыж” выйшла ў выдавецтве “Мастацкая лiтаратура” ў новай серыi “Залатое пяро”. Аўтар – лаўрэат расiйскай прэмii iмя Уладзiмiра Маякоўскага i беларускай вышэйшай лiтаратурнай адзнакi “Залаты Купiдон”. Яшчэ знакамiты на ўвесь свет iтальянскi паэт Франчэска Пятрарка сказаў, што кнiгi нас захапляюць, нам гавораць, нам раяць i злучаны з намi нейкай жывой i гарманiчнай блiзкасцю. Выданне, пра якое пойдзе наша гутарка, менавiта такое. Кнiга вельмi цiкавая, бо надзвычай разнастайная па тэматыцы. Захапляе, бо тут высокая паэзiя, асаблiва гэта датычыць проста-такi непаўторнай, часам нечаканай пейзажнай лiрыкi. Прымушае думаць, бо ў ёй шмат фiласофскага роздуму пра тое, чым мы жывём, што нас хвалюе, часта турбуе i непакоiць. Нараджае ў нашых сэрцах шчырыя, далiкатныя пачуццi, калi паэт адкрывае нам свае адносiны да кахання, далiкатна i вобразна раскрывае яго таямнiцы, сiлу i ўладу над чалавекам.

Гэта роздум паэта пра свет, у якiм мы жывём, дзе ёсць месца для шчырай любовi да сваёй Радзiмы, для вялiкага кахання... Паэт запрашае чытача адкрыць гэты свет для самога сябе, падумаць, хто i што мы ў iм.

Невялiкае iнтэрв’ю з паэтам.

— Вiктар Анатольевiч, чаму вы назвалi сваю новую кнiгу так нечакана i ў пэўнай меры iнтрыгуюча?

— Каханне бывае памiж людзьмi, скажам, памiж мужам i жонкай, гэта вельмi канкрэтнае пачуццё. А любоў — да Радзiмы, да нашых продкаў, да нашай прыроды, да мясцiны, скажам, вёскi, дзе ты нарадзiўся i рос. Гэта пачуццё можа валодаць чалавекам усё яго жыццё, што i ёсць у маёй кнiзе.

— Вы цесна i арганiчна спалучаеце гэтыя два высакародныя пачуццi. Адно дапаўняе i ўзбагачае другое?

— Так.  Пра каханне пiсалi i пiшуць усе паэты. Успомнiм нашых класiкаў Максiма Багдановiча, Янку Купалу, Якуба Коласа. Колькi ў iх цудоўных радкоў на гэтую тэму, якiя глыбока хвалююць нас i цяпер, праз дзесяцiгоддзi. Мне, канешне, таксама захацелася сказаць пра каханне нешта сваё, асабiстае, менавiта зараз, калi яшчэ малады i ўзростам, i душой. I галоўнае, каб мае шчырыя вершаваныя радкi дайшлi да чытача i закранулi яго сэрца. Тэма кахання – цяжкая, бо тут паэт раскрывае сваю душу, прызнаецца ў самым патаемным, чыстым, часам уласцiвым толькi аднаму яму. Але ж калi ты закаханы, то пiшацца лёгка i з настроем, прынамсi, я пераканаўся ў гэтым на сваiм вопыце.

— У кнiзе перамяжоўваюцца паэзiя i проза, нават у невялiкiх лiрычных мiнiяцюрах. Такога, наколькi я ведаю, яшчэ не было ў беларускай лiтаратуры. Чым вытлумачыць гэта ваша наватарства?

— Сапраўды, у кнiзе шмат вершаў, балад. I тры аповесцi, але яны не поў­насцю празаiчныя, ёсць  у iх i вершы. Я падумаў, што чытаць толькi пра адно каханне чалавеку будзе сумна, ён проста стомiцца. Таму i вырашыў аб’яднаць два лiтаратурныя жанры. Проза — гэта эпiзоды, мае назiраннi з рэалiй жыцця. Яно вакол нас, а мы ў iм. Паэзiя ж — як свята для душы. Згодны, такога творчага падыходу не было ў беларускай лiтаратуры. Возьмем Iвана Шамякiна, у яго творах таксама шмат кахання, але ж у прозе. Мне ж Бог, вялiкi яму дзякуй, даў яшчэ i талент паэта, што я i выкарыстаў пры рабоце над кнiгай.

Вельмi правiльна сказана, што той, хто не любiць сваю Радзiму, нiчога любiць не можа. У Вiктара Шнiпа гэтыя два пачуццi цесна знiтаваны, i гэта яго шчасце як творцы, як грамадзянiна i чалавека. Таму пра самае святое ў нашым жыццi ён пiша так узнёсла, натхнёна, хвалююча.

Цi не таму, бадай, галоўны раздзел кнiгi па сэнсе i фiласофскiм роздуме паэт назваў “Роднае i вечнае”. Тут няма нiякай эпiчнасцi, маштабных абагульненняў i вывадаў. Ёсць мяккi лiрызм, напоўнены трапяткiм хараством роднай прыроды. Ёсць глыбокая псiхалогiя, ёсць шмат iндывiдуальнага. Але ж  — што значыць незвычайная сiла таленавiтага творцы! – чытаеш некаторыя радкi, вельмi-вельмi асабiстыя, i адчуваеш: дык гэта ж пра цябе самога, гэта ж твае думкi, пачуццi, эмоцыi, настрой. У чым тут сакрэт? А ў тым, што рэчы i з’явы фiласофскага гучання паэт падае праз самае простае, блiзкае i зразумелае нам, асаблiва тым беларусам, у чыё жыццё назаўсёды ўвайшла вёска з усiм, што ёй уласцiва. I цыкл сваiх мiнiяцюр В. Шнiп называе так: “Яблыкi. Бульба. Сала. Хлеб”.

Тэма кахання – у трох аповесцях: “Першы папяровы снег”, “Лiсты i залатое лiсце”, “Вечаровы дождж i слёзы”. Незвычайнае багацце пачуццяў i думак паэта стварае чарадзейны свет закаханых. Цудоўная паэзiя не толькi прымушае нас думаць i перажываць, але i выхоўвае такiя рысы характару, як высакароднасць, душэўная прыгажосць. Не вучыць паэт нас кахаць, а стварае чысты i светлы настрой пачуццяў.

Колькi ж напiсана пра каханне. Але ж кожныя чарговыя радкi на гэтую вечную тэму – як новае адкрыццё. Так i ў Вiктара Шнiпа, бо яго лiрыка поўная думак пра наш душэўны свет. Яго паэзiя i каханне ў самай цеснай блiзкасцi.  Як i любоў да Радзiмы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter