“Беласнежка”
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ТЭАТР ЛЯЛЕК

Хто не ведае казку братоў Грым пра дзяўчыну “белую, як снег, румяную, як кроў”? Не адно стагоддзе гісторыя “Беласнежкі і сямі гномаў” перадаецца з вуснаў у вусны, набываючы ўсё новыя прачытанні. Свежае бачанне знакамітай казкі прадстаўляе на сцэне тэатра лялек Ігар Казакоў, вядомы як у Беларусі, так і за мяжой сваімі нетрывіяльнымі пастаноўкамі. У версіі Казакова, а таксама яго калег мастака Таццяны Нерсісян (лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі і расійскай “Залатой маскі”) і кампазітара Аляксандра Літвіноўскага гісторыю пра Беласнежку расказваюць самі гномы, прычым дзеянне разварочваецца ва ўмовах “тэатр у тэатры”. Гледачы становяцца ўдзельнікамі сапраўднага сярэдневяковага прадстаўлення, у якім ёсць месца і гумару, і танцам, і песням, і нават страшылкам. “Беласнежка” Ігара Казакова — гэта, бясспрэчна, той варыянт, калі цікава будзе нават дарослым.
“Лятучы карабель”
БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ АКАДЭМІЧНЫ МУЗЫЧНЫ ТЭАТР

Мультфільму Гары Бардзіна без малога сорак гадоў, а песні “Я водяной, я водяной”, “Ах, если бы сбылась моя мечта” і іншыя з радасцю спяваюць нават сучасныя дзеці. Паспрабуйце паказаць малым гэты мульцік — і пра “Свінку Пепу” забудуць на час. Тым не менш рэжысёр-пастаноўшчык Валерыя Чыгілейчык, якая выступіла яшчэ і аўтарам лібрэта, дадала ў новы мюзікл шмат сучасных рэалій. Да прыкладу, ваявода Палкан спявае песню Стаса Міхайлава, а Вадзяны выступае ў ролі бармена рэстарана на балоце. Напэўна, дзецям такія сучасныя асаблівасці патрэбны — мы не можам заставіць іх любіць выключна тое, што падабалася толькі нам. Мюзікл “Лятучы карабель” у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры — мікс сучаснага і класічнага, які павінны ацаніць прадстаўнікі розных пакаленняў.
“Вялікі тэатр — дзеям”
НАЦЫЯНАЛЬНЫ АКАДЭМІЧНЫ ВЯЛІКІ ТЭАТР ОПЕРЫ І БАЛЕТА

“Незямныя прыгоды”
ГРОДЗЕНСКІ АБЛАСНЫ ТЭАТР ЛЯЛЕК

Кожны з бацькоў ведае, як дзеці не любяць, калі іх вучаць правілам паводзінаў. Ды што там, нават дарослыя не гатовы цярпець, калі ім чытаюць мараль. А што калі карысную інфармацыю даваць у цікавай займальнай форме? Гродзенскі абласны тэатр лялек паспрабаваў і, здаецца, у яго гэта атрымалася. “Незямныя прыгоды” — сумесны праект тэатра і абласнога ўпраўлення МНС. Спектакль расказвае пра маленькага хлопчыка, які прыляцеў з далёкай планеты. Ён вельмі не любіць правілы, а таму раз за разам трапляе ў надзвычайныя сітуацыі. Аўтары “Незямных прыгод” (напісаў п’есу Данііл Жугжда, паставіў малады рэжысёр Валерый Карышаў) упэўненыя: убачыўшы, якія беды здараюцца з героем, калі ён не выконвае правілы бяспекі, маленькія гледачы зразумеюць, што і чаму нельга рабіць.
“Па шчупаковым загадзе”
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР

Бывае, пытаеш у дзіцяці, якая казка яму падабаецца больш за ўсё, а ён вызначыцца не можа — і тыя героі блізкія, і гэтыя. Для тых, хто сумняваецца, Магілёўскі абласны драматычны тэатр і, ў прыватнасці, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Лашыцкі падрыхтавалі ў канцы мінулага года казачны атракцыён “Па шчупаковым загадзе”. Спектакль па п’есе Лізаветы Тарахоўскай аб’яднаў усе самыя папулярныя рускія народныя казкі — “Па шчупаковым загадзе”, “Царэўна Несмяяна”, “Танцавальная гармонь”, “Гуслі-самаграі”, “Ямеля-дурань” і іншыя. Пастаноўку вызначае не толькі хуткая змена дзеянняў, багацце яркіх персанажаў, гумар і весялосць, але і адметная музыка, якую спецыяльна да пастаноўкі напісаў індзі-рок-гурт ili-ili, заснавальнікамі якога з’яўляюцца артысты Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч.
“Прыгоды Чыпаліна”
НАЦЫЯНАЛЬНЫ АКАДЭМІЧНЫ ДРАМАТЫЧНЫ ТЭАТР ІМЯ ЯКУБА КОЛАСА

Казка пра адважнага хлопчыка-цыбуліну вядома і дзецям, і дарослым. Чыпаліна не баіцца казаць праўду і змагаецца за справядлівасць. Але аднаму перамагчы сытых і задаволеных сабой сіньёра Памідора, графінь Вішняў і прынца Лімона зусім няпроста. Таму Чыпаліна збірае вакол сябе цэлую каманду надзейных сяброў — Радыску, Сунічку, графа Вішаньку і іншых. Спектакль, пастаўлены Ірынай Цішкевіч, напоўнены танцавальнымі нумарамі, вясёлымі песнямі, яркімі дэкарацыямі і каларытнымі касцюмамі. Юны глядач трапіць у прыгожую маляўнічую казку.
Міла КАВАЛЁВА
infong@sb.by