Национальная библиотека приглашает в виртуальное путешествие с известной целительницей и мемуаристкой Соломеей Русецкой

Авантурыстка з-пад навагрудка

Заходзіце на сайт www.nlb.by, клікаеце віртуальны праект “Адысея Саламеі Русецкай: ад Стамбула да Пецярбурга” — і трапляеце ў свет нашай вядомай зямлячкі. Вядомай настолькі, што яе 300-годдзе нават уключылі ў Спіс памятных дат ЮНЕСКА на 2018 год.


Саламея Русецкая — першая ў гісторыі Рэчы Паспалітай жанчына-доктар, падарожніца, авантурыстка і мемуарыстка. Нарадзілася ў 1718 годзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі — ў Навагрудскім ваяводстве, у сям’і мешчаніна ці, мяркуецца, дробнага шляхціча і атрымала выхаванне, якое больш падыходзіла хлопцу. Дзяўчына з малых гадоў любіла страляць і заўсёды мела пры сабе зброю. Калі Саламеі было 14, яе выдалі замуж за нямецкага лекара Якуба Гальпіра. І неўзабаве яна з’ехала разам з ім у Стамбул. Нечакана для мужа Саламея стала праяўляць цікавасць да лекарскай справы, дапамагала яму лячыць хворых. А калі яна пераняла яго веды і набралася вопыту, атрымала ад турэцкіх улад дазвол займацца самастойнай практыкай.

Саламея працавала ў гарэме турэцкага султана, пры расійскім і аўстрыйскім імператарскіх дварах. Акрамя Стамбула, яна пабывала ў Вене, Нясвіжы, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Рызе і іншых гарадах. Праект Нацыянальнай бібліятэкі дазваляе прайсці яе дарогамі, пабываць у месцах, якія яна наведала, пазнаёміцца з людзьмі, з якімі сустракалася, акунуцца ў той далёкі час і лад жыцця.

Праект створаны на аснове звестак з мемуараў Саламеі, якія цяпер знаходзяцца ў Нацыянальным музеі Кракава, а ў нас вядомы ў перакладзе на беларускую мову Міколы Хаўстовіча пад назвай “Авантуры майго жыцця”. Як сцвярджаюць аўтары праекта, гэтыя мемуары сапраўды нагадваюць авантурны раман, насычаны прыгодамі і нечаканымі падзеямі.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter