На карце Мінска “Студэнцкая вёска” — гэта асобны вялікі мікрараён. Не спальны

Атрымаць месца ў вёсцы, не выязджаючы з горада

На карце Мінска “Студэнцкая вёска” — гэта асобны вялікі мікрараён. Не спальны


Усяго шэсць гадоў назад тут была пустка. Ускраіна горада. Але блізкасць да карпусоў Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта і станцыі метрапалітэна прымусілі прыгледзецца да месца ўважлівей. Так, адна за адной выраслі сем прыгожых шматпавярховак. Комплекс будынкаў назвалі “Студэнцкая вёска”.


Фота: БелТА

За некалькі гадоў новенькія інтэрнаты абраслі магазінамі і гандлёвымі цэнтрамі. Быў пабудаваны спартыўны комплекс. Не так даўно ў прыбудове аднаго з інтэрнатаў адкрылі яслі-сад, якія прымаюць не толькі дзетак студэнцкіх сем’яў, але і з суседняга спальнага мікрараёна Брылевічы. Хутка ў маладзёжным гарадку адкрыюцца гасцініца, паліклініка, пункты бытавога абслугоўвання, падземныя аўтастаянкі, культурна-забаўляльны цэнтр. Інфраструктуру абяцаюць больш крутую, чым у кампусах некаторых еўрапейскіх універсітэтаў.

Вучыся добра, прапіску атрымаеш


У “Студэнцкую вёску” хочуць патрапіць усе іншагароднія студэнты. Новенькія, сучасныя дамы. Гэта вам не старыя дапатопныя “інтэрнаты”. Кожны студэнт марыць жыць тут, але прапісацца не так ужо і проста. Месцы ў новабудоўлях размяркоўваюць дэканаты ўніверсітэтаў. Першымі засяляюцца льготнікі і выдатнікі.

У студэнткі шостага курса Вольгі Сасімовіч не за гарамі размеркаванне, утульны пакой у “вёсцы”, на жаль, давядзецца пакінуць:

— У мяне чатырохгадовы досвед жыцця ў інтэрнаце калідорнага тыпу. Ёсць з чым параўноўваць. Два гады назад пераехала сюды. У многіх маіх знаёмых кватэры горшыя, чым наш пакой у “вёсцы”. У нас усё ўладкавана так: у блоку агульная прыхожая, два пакоі на дваіх і на траіх, раздзельны санвузел і ўладкаваная кухня.

У “дзясятку” са сваім мяшком бульбы


Летась лепшым студэнцкім інтэрнатам Мінска прызналі інтэрнат № 10 медыцынскага ўніверсітэта (на студэнцкім слэнгу — проста “дзясятка”). Магу пацвердзіць — па праву. Уваходныя дзверы адчыняюцца — і трапляеш у прасторны хол з мяккімі канапамі і тэлевізарам. Злева ад увахода — сталовая, цэны ў якой радуюць студэнцкім дэмакратызмам і разнастайнасцю. Канечне, не хатняя кухня, але гастрытаў пазбегнуць дапаможа.

На ніжнім ярусе — гаспадарчы блок. Часцей за ўсё студэнты карыстаюцца пральняй, дзе ўсталяваны дзесяць пральных машын і пяць сушыльных барабанаў. Карыстанне машынамі бясплатнае, але пральны парашок — свой.

Каб не захламляць пакоі, будучыя медыкі цягнуць рэчы, непатрэбныя кожны дзень, у камеры захоўвання, а банкі з варэннем і мяшкі бульбы — на склад агародніны. На першым паверсе “дзясяткі” — здраўпункт. На днях там усіх прышчаплялі ад грыпу.


Творчасць у студэнцкай вёсцы ў пашане

“Драмгурток, гурток па фота, а мне яшчэ й спяваць ахвота…”


Холы інтэрнатаў у “Студвёсцы” нагадваюць галерэю сучаснага мастацтва. На сценах фатаграфіі і карціны, у калідорах — мудрагелістыя інсталяцыі. Творчасць у студэнцкай вёсцы ў пашане. Рукадзеллем займаюцца на 12-м паверсе. Там жа ёсць выставачная зала, куды я і зазірнула. Проста музей народнай творчасці: раскошныя кветкі з бісеру, саламяныя лялькі, модныя скураныя сумачкі. Усё гэта справа рук студэнтак, для якіх інтэрнат на гады вучобы стаў родным домам.

Пакуль шукала ў інтэрнаце сваю суразмоўніцу Вольгу, набрыла на цікавае месца. У зале рэлаксацыі ёсць самавар, тэлевізар. І тут студэнты прымаюць звычайна гасцей — бацькоў, сяброў на дні нараджэнні ды іншыя святы.

А вось спартыўную залу Вольга паказвала з гонарам сама: тут ёсць усё для заняткаў — трэнажоры, штангі і гіры і г. д. Гаворыць, увечары ў зале яблыку няма дзе ўпасці. Дзяўчаты займаюцца аэробікай, фітнесам, шэйпінгам, чарлідынгам. І ў кожную секцыю жадаючых хоць адбаўляй!

— На днях адкрываем студыю бальнага танца, — гаворыць загадчыца інтэрната Зоя Гілько. — Працаваць з нашымі хлопцамі і дзяўчатамі стане прафесійная танцоўшчыца. Гэта будзе адзіны платны гурток. Затое розныя квэсты, кінапаказы, якія прыдумляе студэнцкі савет інтэрната, робяць жыццё студэнтаў багацейшым і цікавейшым цалкам бясплатна.

Пра вучобу ў інтэрнаце не забываюць. На кожным паверсе — пакоі самападрыхтоўкі. Падчас сесіі гэта самае папулярнае месца, некаторым даводзіцца прыносіць свой стул!

Танна і несярдзіта


Як аказалася, са “студэнцкага раю” могуць і выгнаць.

— Высяленні не часта, але бываюць, — гаворыць старшыня студэнцкага савета інтэрната Дзмітрый Карунін. — Часцей за ўсё за парушэнне дысцыпліны, чым звычайна грашаць хлопцы-старшакурснікі. Ім падаецца, што правілы пісаны не пра іх. А патрабаванні простыя: не парушаць правілаў, прыбіраць у пакоі, своечасова плаціць. Месяц жыцця ў студэнцкіх “апартаментах” ацэньваецца ў дзвесце шаснаццаць тысяч рублёў, гэта зна­чыць прыкладна ў 780 расійскіх рублёў.

Успомніць усё — і запісаць


Да Дня студэнта, які прайшоў у адным з інтэрнатаў мінскага студгарадка, была прымеркавана незвычайная тэматычная акцыя. Студсавет “чацвёркі” (савет інтэрната) вырашыў стварыць цэлую скарбонку ўспамінаў студэнтаў.

Хлопцы  і дзяўчаты змаглі падзяліцца сваімі “подзвігамі” ў рукапісным “Дзённіку студэнта” і выказаць сваё стаўленне да студэнцкага жыцця. Як аказалася, гэтая “кніга памяці” выклікала жывую цікавасць у моладзі. Некаторыя жыхары даволі адкрыта падзяліліся на яе старонках успамінамі пра самыя яркія моманты студэнцкага быцця. Прычым успаміны запісваліся ўручную, без выкарыстання прывычных гаджэтаў.

Па выніках дня “чацвёрачка” абзавялася “сховішчам” студэнцкіх успамінаў, а заадно яркім плакатам і відэаролікам, прысвечаным Дню студэнта. Акцыю хочуць зрабіць традыцыйнай і, калі атрымаецца, распаўсюдзіць яе па ўсіх інтэрнатах студэнцкага гарадка.

 У ТЭМУ 

І фан-гарадок таксама!

У гісторыю “Студэнцкай вёскі” ўпісана цікавая старонка. У маі 2014 года, падчас чэмпіянату свету па хакеі, маладзёжны гарадок ператварыўся ў хостэл для замежных балельшчыкаў.

— Госці былі ў захапленні ад нашых інтэрнатаў, — расказвае першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёна Таццяна Калядка. — Яны думалі, раз тут жывуць студэнты, то акуратнасці, прыгажосці і камфорту не чакай. Але на самай справе ўсё не так! У кнізе пажаданняў — захопленыя водгукі.

Магчыма, алімпійская казка на Паўднёвым Захадзе Мінска хутка вернецца. Бо ў 2019 годзе горад будзе прымаць яшчэ адзін грандыёзны спартыўны форум — Еўрапейскі юнацкі алімпійскі фестываль. І студэнты з задавальненнем прымуць у свой дом новых гасцей з усяго свету.

Крысціна Хілько
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter