Как «царская рыба» с рыбхозов попадает на осенние ярмарки

Асятрына першай свежасцi

Пачынаецца сезон асенніх сельскагаспадарчых кірмашоў. Разам з садавіной і гароднінай на іх шырока прадстаўлена жывая рыба — не толькі звыклыя для пакупнікоў карп, карась, амур, але і рэдкія ў нашых шыротах сцерлядзь і асяцёр. Карэспандэнт «Р» паглядзела, як іх вырошчваюць у спецыялізаванай рыбнай гаспадарцы.

У закрытых латках рыбе ўвесь час даводзіцца змагацца з плынню

Агароджаная тэрыторыя пад аховай вартаўнікоў і ўважлівымі позіркамі відэакамер — так выглядаюць уладанні рыбнай гаспадаркі, што знаходзіцца ў 45 кіламетрах ад Мінска. Жаберна-хвастатыя насельнікі рознага ўзросту і памеру плаваюць тут у спецыяльных латках, ваннах, нагульных і зімавальных сажалках. 

Ленскі асяцёр — рыба для нашай краіны сапраўды экзатычная. А вось сцерлядзь, якую называюць таксама царскай рыбай, яшчэ ў першай палове

Асяцёр цёмны, амаль чорны, а плаўнікі і хвост сцерлядзі абрамляе белая палоска

ХХ стагоддзя нярэдка сустракалася ў Дняпры. Зараз яна адносіцца да найвышэйшай катэгорыі нацыянальнай прыродаахоўнай значнасці як від, які знаходзіцца пад глабальнай пагрозай знікнення. Між тым знешне асяцёр і сцерлядзь вельмі падобныя: адзін і той жа востры носік, гарбатая спінка. Толькі асяцёр цёмны, амаль чорны, а плаўнікі і хвост сцерлядзі абрамленыя белай палоскай.



У рыбгасе маецца ўласны матачны статак — у бетоннай сажалцы глыбінёй крыху больш за паўметра ходзяць буйныя рыбіны 12—13-гадовага ўзросту, якія здольны нераставаць раз у два гады.

Расліннаедны амур ачысціў зімавальны садок ад травы, а зараз яго адправяць на рэалізацыю.

— Штогод у красавіку адлоўліваем кожную рыбіну, праводзім ультрагукавое даследаванне, каб даведацца, на якой стадыі спеласці знаходзіцца ікра, — расказвае Эдуард Бадылевіч, галоўны рыбавод гаспадаркі. — Тую, якая гатова стаць маці, адсаджваем у інкубацыйны цэх — свайго роду радзільную залу. Каб здабыць ікру, ёй надрэзваюць яйкаводы. Пашкоджанне маленькае, нават крыві няма, зажывае хутка. Пасля сцэджвання ікры рыбу выпускаем назад у сажалку. Яна можа аддаць ікру і сама, але гэта ўжо не той прадукт, які нам патрэбен для далейшага развядзення. 

Ікру інкубіруюць, атрымліваюць з яе малькоў і крыху падрошчваюць вылупіўшуюся малечу. 

У спецыяльных садках тэсціруюць новы від камбікорму

У дваццаці доўгіх вузкіх ваннах побач з сажалкамі гарэзяць малькі асятра і сцерлядзі — рыбкі вагой каля 100 грамаў, якія з'явіліся на свет у красавіку. Ім неабходна цячэнне, таму бесперапынна працуюць помпы, якія падаюць ваду з адстойніка, куды тая трапляе з артэзіянскай свідравіны. Хутка маладняк адправіцца на зімоўку ў цёплую ваду. Рыбны «курорт» знаходзіцца ў гаспадарцы каля Новалукомльскай ГРЭС. Не загінуць малышы родам з Сібіры і ў халоднай вадзе, але харчавацца не будуць, так што за зіму могуць нават пахудзець. Цёплая вада дазваляе значна падоўжыць перыяд нагулу — да вясны рыбкі падрастуць да 500 грамаў. У дзікай прыродзе царская рыба расце вельмі павольна, ва ўзросце 10 гадоў можа важыць каля кілаграма, а ў гаспадарцы гэтай вагі дасягае за тры гады.

Асяцёр і сцерлядзь звычайна вэндзяць

Падрошчаныя асятры і сцерлядкі вернуцца дадому аж у чэрвені. Пасля гэтага іх запусцяць у садок, адкуль будуць вылоўліваць пры неабходнасці.

— Гэта рыба-свята, яе бяруць на вяселлі, юбілеі, — адзначае Аляксандр Кулікоўскі, дырэктар гаспадаркі. — За выхадныя на кірмашах мы прадаём ад 2 да 5 тон карпа, карася, амура і ад 20 да 100 кілаграмаў экзатычнай рыбы. Кілаграм жывой сцерлядзі на кірмашы будзе каштаваць каля 19 рублёў, асяцёр даражэйшы — каля 25 рублёў. За апошнія 3—4 гады кошт рыбы павялічыўся ўсяго на 12 працэнтаў, пры гэтым корм падаражэў на 50 працэнтаў. 

Маткі дасягаюць вагі ў 10–12 кг.

Такога, каб рыбу не раскуплялі, амаль не бывае. Калі ўсё ж здараецца, жывыя і бадзёрыя экзэмпляры вяртаюцца ў латкі, дзе чакаюць далейшай рэалізацыі, а «сонныя» паступаюць у перапрацоўчы цэх. Асяцёр і сцерлядзь прызначаны ў асноўным для гарачага вэнджання.

Падрошчаную рыбку перапраўляюць з латкоў у садкі

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter