Дом, где родился Янка Купала, и его дача в Левках стали филиалами музея 75 лет назад

Асвечана натхненнем Песняра

Супрацоўнiкi музея назвалi галоўныя артэфакты купалаўскiх мясцiн у Вязынцы i Ляўках


75 год таму, неўзабаве пасля Вялiкай Перамогi, 4 жнiўня 1945 года з’яўляецца пастанова ЦК КП(б)Б i СНК БССР «Аб увекавечаннi памяцi народнага паэта Беларусi Янкi Купалы». Там значацца пункты:

— Восстановить дачу Янки Купалы в урочище Левки Оршанского района Витебской области, сожженную немецко-фашистскими захватчиками, и создать там филиал литературного музея Янки Купалы.


— Включить в государственную собственность дом в бывшем хуторе «Вязынка», где родился поэт, и открыть в нем филиал литературного музея Янки Купалы.

«Стваральнiцай i натхняльнiцай пачэснай i адказнай справы па заснаваннi нашага музея i яго фiлiялаў была Уладзiслава Францаўна Луцэвiч, жонка паэта, першы дырэктар адроджанага Купалавага дома», — нагадвае дырэктар Дзяржаўнага лiтаратурнага музея Янкi Купалы Алена Ляшковiч.

Давайце здзейснiм захапляльнае падарожжа па мясцiнах-юбiлярах з дапамогай незвычайных артэфактаў, якiя для нас вызначылi галоўны захавальнiк фондаў купалаўскага музея Надзея Саевiч i загадчык аддзела навукова-экспазiцыйнай дзейнасцi Марыя Барткова.


ВЯЗЫНКА

1. Помнiк Янку Купалу


Першы артэфакт, якi сустрэне нас у мемарыяльным запаведнiку «Вязынка», — помнiк Янку Купалу. Ягоная гiсторыя — сапраўдны гiстарычны дэтэктыў, якi пачынаецца ў 1881 годзе. Менавiта тады сям’я новых арандатараў, Дамiнiка i Бянiгны Луцэвiчаў, пасялiлася ў маёнтку Вязынка, i ў той жа год памёр iмператар Аляксандр II. 7 студзеня 1901 года на мiнскай Саборнай плошчы з’явiўся помнiк Аляксандру II на шыкоўным пастаменце з чорнага гранiту працы мiнскага каменячоса Абрама Спрышэна. Улады мянялiся. Замест выявы iмператара на тым жа пастаменце ў 1918 го­дзе з’явiўся гiпсавы чырвонаармеец з вiнтоўкай, потым — рэвалюцыянер Гiрш Лекерт, пазней замест помнiка паўстаў фантан, над якiм працаваў сын Абрама Спрышэна. А пастамент з чорнага гранiту выкарысталi ў 1949-м, каб усталяваць бюст Янкi Купалы работы Заiра Азгура ў Цэнтральным скверы. Прадстаўнiкi той жа дынастыi Спрышэнаў выбiлi на пастаменце радкi Купалы пра камуну, якая iдзе з Крамля, каб на свеце шчасце ўвекавечыць. У Вязынку бюст перавезлi ў 1972 годзе, пасля таго як у парку Янкi Купалы з’явiўся скульптурны ансамбль. Цяпер пастамент з чорнага гранiту з такiм пакручастым шляхам упрыгожваюць радкi з верша Янкi Купалы «Маладая Беларусь»:

Падымайся з нiзiн, сакалiна сям’я,

Над крыжамi бацькоў, над нягодамi;

Занiмай, Беларусь, маладая мая,

Свой пачэсны пасад мiж народамi!

2. Дом арандатараў

Самы буйны экспанат мемарыяльнага запаведнiка «Вязынка» — гэта, вядома, хата над ракой Вязынкай, дзе нарадзiўся паэт. Так званы былы дом хатковых — жыллё, якiм гаспадар Станiслаў Замбжыцкi забяспечваў арандатараў. Сям’я Луцэвiчаў жыла тут у 1881—1883 гадах. Дом быў пабудаваны яшчэ ў ­1830-х, шмат пацярпеў ад часу i войнаў, але ў сцяне мемарыяльнага пакоя захавалася некалькi бярвенняў старога зруба. Рэстаўрыравалi будынак у 1972 годзе паводле архiўных дакументаў i ўспамiнаў старажылаў, i можна дакладна ўявiць, як гадаваўся маленькi Яська.

3. Куфар


Атмасферу даўняга побыту ў доме, дзе жылi Луцэвiчы, ствараюць аўтэнтычныя рэчы канца ХIХ — пачатку ХХ стагоддзя, сабраныя ў ваколiцах Вязынкi. Звернем увагу на вялiзны куфар: у такiм нявеста атрымлiвала пасаг, а надалей сям’я карысталася iм для захавання сямейнага скарбу i дакументаў. Асаблiва незаменным такi куфар быў пры пераездах, якiх шмат зведала сям’я Луцэвiчаў. Так што перад намi — сiмвал вандроўнага жыцця класiка.

ЛЯЎКI

1. Аўтамабiль «Шэўрале»


Будынак на беразе Дняпра каля вёскi Ляўкi часам называюць залатой клеткай паэта. Гэта лецiшча Янкi Купалы, узведзенае паводле пастановы СНК БССР ад 11 снежня 1935 года да 30-годдзя творчай дзейнасцi Песняра. Месца паэт выбраў сам: не аднойчы адпачываў у гэтых мясцiнах, дзе добра пiсалася. Сюды ж Купала наведаўся i 24 чэрвеня 1941 года па дарозе з палаючага Мiнска. Машына, на якой ён ехаў, цяпер знаходзiцца тут: «Шэўрале» чорнага колеру, нумар 5720 БН, выпуск 1937 года. Аўтамабiль падораны Янку Купалу ў 1939 годзе ўрадам БССР. Як успамiнаў паэт Сяргей Грахоўскi: «Гэта быў першы асабiсты аўтамабiль у горадзе… Прыйшлося наймаць шафёра. Але дзядзька Янка спадзяваўся i сам навучыцца круцiць абаранку. Ён з’яўляўся ў Доме пiсьменнiка з кнiжкамi па аўтамабiльнай справе, захоплена расказваў, як авалодвае тэорыяй. А вось за рулём нiхто яго так i не бачыў».

На гэтым аўтамабiлi з Ляўкоў паэт з жонкай адправiўся ў эвакуацыю, потым з Масквы — ажно ў Татарстан. Удава паэта прыклала шмат намаганняў, каб захаваць чорны «Шэўрале» i перавезцi ў Мiнск, а ў 1950 годзе перадала яго музею.

2. Барометр

У Ляўках вам абавязкова пакажуць прымацаваны да сцяны барометр. У драўлянай разной аправе над круглым вакенцам барометра — тэрмометр, над iм выразаны мядзведзь. Янка Купала любiў блукаць па наваколлi, назiраць, як коцiць хвалi Дняпро, хадзiць па сасновым бары… Праз iнтэрактыўнае вакно ў Ляўках можна пабачыць «прывiд» паэта, якi гуляе памiж яблынь. Няцяжка ўявiць, як Iван Дамiнiкавiч кожны дзень падыходзiць да прылады, замацаванай на сцяне, i вылiчвае, цi спрыяльнае для прагулкi чакаецца надвор’е.

3. Чарнiльны прыбор у выглядзе льва

Яшчэ адна рэч, якой паэт часта карыстаўся, — пiсьмовы прыбор, упрыгожаны фiгуркай iльва. Палiваны, цёмна-карычневага колеру, зроблены на Копыскiм керамiчным заводзе. Копысь здаўна славiўся сваёй керамiкай, традыцыйна выраблялi тут i фiгуркi мядзведзяў ды львоў. Магчыма, калi цягнулася рука паэта, каб узяць пяро, успамiнаў ён сваю паэму «Магiла льва».

А колькi дзiвосаў яшчэ прапануюць экспазiцыi ў Вязынцы i Ляўках! Дырэктар Алена Ляшковiч прызнаецца:

— Мару, каб кожны беларус дайшоў да купалаўскiх мясцiн, да славутай Вязынкi — радзiмы паэта, да Ляўкоў — залатой клеткi Песняра, а праз гэтыя месцы — да Купалавай творчасцi.

cultura@sb.by

Фото БЕЛТА и vedaj.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter