«Асцярожней з аб’ектам саюзнага маштабу”

ДЗЯКУЮ збегу абставін, што з 90 год гістарычнага шляху сялянскай газеты 35 гадоў, дарэчы, дзевяць з якіх былі пазначаны ўжо маім пенсійным узростам, я аддаў “Белорусской ниве” (“Сельской газете”) — працаваў уласным карэспандэнтам па Гомельскай вобласці.

Вёска ў маім уяўленні — увесь наш Сусвет. Знікне яна — і мы ўслед.

ДЗЯКУЮ збегу абставін, што з 90 год гістарычнага шляху сялянскай газеты 35 гадоў, дарэчы, дзевяць з якіх былі пазначаны ўжо маім пенсійным узростам, я аддаў “Белорусской ниве” (“Сельской газете”) — працаваў уласным карэспандэнтам па Гомельскай вобласці.

Патрэбен быў калектыву ці газета з яе калектывам патрэбна была мне? Хутчэй за ўсё пераважвала апошняе, бо творчы касцяк рэдакцыі майго часу быў знітаваны агульнымі задачамі, клопатамі і надзелены чыста сялянскімі генамі ў самым найлепшым сэнсе гэтага слова, і я не шукаў лепшага і больш зручнага прыстанішча.

Мой калега з Брэста Васіль Татун, які пасаду ўласнага карэспандэнта заняў раней за мяне, казаў: “Маеш сваё бачанне, дык не бойся і не саромейся вынесці яго на старонкі газеты. Так ужо ў нашым калектыве заведзена. Ведай, агульнадумства — шлях у балацяны застой”. Тое ж самае мы чулі і ад усіх рэдактараў “сялянкі”, пад кіраўніцтвам якіх нам пашчасціла працаваць.

Наглядаючы за забудовай вёскі Зашыр’е Ельскага раёна на меліяраваных землях, у адным з артыкулаў папярэджваў, што працаўнікоў сельскай гаспадаркі непажадана заганяць у шматпавярховыя гмахі, якія не ўпісваюцца ў сельскую ідылію і пакідаюць карэнных хлебаробаў без уласнага кавалка зямлі пад вокнамі для невялікага саду-агарода. Жыццё пацвердзіла калектыўнае рэдакцыйнае меркаванне, і жыллё ў цяперашніх аграгарадках узводзіцца ў асноўным па тыпу сядзібнага, што склалася традыцыйна і застаецца асноўным накірункам фарміравання беларускіх вясковых пасяленняў.

“Стройка на подпорках” — так называўся мой артыкул з будаўнічай пляцоўкі буйнога жывёлагадоўчага комплексу савецкага пакрою ў саўгасе “Дземяхі” Рэчыцкага раёна. Артыкул атрымаў шырокі рэзананс сярод сельскай грамадскасці, а яго аўтар з трыбуны абласнога камітэта кампартыі на ўласныя вушы пачуў у свой адрас наступнае: “Мог бы і асцярожней падыходзіць да аб’ектаў агульнасаюзнага маштабу”.

З “Сельской газетой” змацоўвала яшчэ і тое, што ў мяне і маіх тагачасных калегаў па пяру было хоць і цяжкае пасляваеннае, але затое шчаслівае дзяцінства на ўлонні прыроды, на фоне агульнасялянскіх інтарэсаў і, калі хочаце, захапленняў.

Калыскай майго ўласнага сталення, напрыклад, былі палі і лугі калгаса “Барацьбіт” Веткаўскага раёна, мясцовыя грыбова-ягадныя лясы і чысцюткія воды ракі Бесядзь. Вадзіў коней пад плугам, бараной, распашкай у час пасадкі, апрацоўкі агульных бульбяных палеткаў, падганяў упартых валоў, якія не хацелі цягнуць загружаных сельскім скарбам калёсаў. Пазней, у летняе буйства, узнімаўся на мосцік саломатраса першага ў нашым калгасе самаходнага камбайна, граблямі ўшчыльняў у ім парэшткі абмалоту, а ў апагей дзеі націскаў на спецыяльны рычаг, куляўся на салому-палову і адначасова з капой апынаўся на свежым ржэўніку. Усіх нас падкормлівалі дарункі лесу, люлялі воды рэк і азёр. Дзесьці ў восьмым класе я пачаў дасылаць допісы аб школьных і вясковых падзеях у веткаўскую райгазету “Пад ленінскім сцягам”, не мроіўшы пра тое, што неўзабаве стану яе сталым супрацоўнікам — загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі.

Так вось і сталася, што з 1957 года ніколі не адыходзіў ад сялянскіх клопатаў праз перыядычны друк. Храналогія працоўнай кніжкі даволі сціплая: райгазета “Пад ленінскім сцягам”, карпункты рэспубліканскай маладзёжнай газеты ”Чырвоная змена” ў Гомелі і “Сельской газеты” там жа і пры той жа пасадзе.

Як журналіст сельскай газеты я не мог не прыняць удзел у выданні калектыўных зборнікаў нарысаў і стварэнні літаратурных запісаў, як тады казалі, правафланговых пяцігодак па чыста аграрнай тэматыцы. Вось некаторыя з іх: “Люцэрна — кладоўка бялку”,”Аддача бульбянога гектара”,”Мая пяцігодка” і г. д. Лічу за ўдачу, што мне выпаў гонар пры падтрымцы “Белорусской нивы” працаваць над кнігай “Земля и люди” разам з дырэктарам саўгаса “Брылёва” Гомельскага раёна Героем Сацыялістычнай Працы Аркадзем Кобрусевым, над брашурамі, аўтарамі якіх сталі аператар машыннага даення тагачаснага племзавода “Насовічы” Добрушскага раёна Таццяна Трафімовіч, першы камбайнер-тысячнік Беларусі Георгій Катляроў, кожны з якіх у розны час атрымаў высокае званне Героя Сацыялістычнай Працы. Скажу шчыра: усе яны дапамагалі мне больш дакладна вывучаць моцныя і слабыя бакі калектыўнай сельгасвытворчасці, больш прафесійна пісаць пра жыццё сельскай глыбінкі.

Я родам з вёскі і застаюся вяскоўцам, хоць стала жыву ў Гомелі. Па-ранейшаму цікаўлюся справамі і клопатамі маёй газеты-“сялянкі”, часам дасылаю на яе адрас свае допісы. Іншага звязку не магло адбыцца, бо вёска ў маім уяўленні — увесь наш Сусвет з моманту яго ўзнікнення, у якім няма нічога лішняга і знарок прыдуманага, як у публіцыстыцы з рэальнымі людзьмі і падзеямі. Знікне вёска з яе хараством і непаўторнасцю — знікнем усе мы.

Будзем жа і надалей берагчы і шанаваць сваю “Белорусскую ниву”, як бераглі і берагуць зямлю-карміцельку яе самаадданыя ратаі.

Радуюся, што, па маіх назіраннях, у газету-“сялянку” на змену ранейшым пакаленням прыйшлі больш кваліфікаваныя і падрыхтаваныя маладыя журналісты са сваім бачаннем сённяшняга жыцця і сённяшніх патрэб. Яны ўмеюць адшукваць  сугучныя часу тэмы для сваіх выступленняў, пішуць дакладнай мовай і, што асабліва важна, не замыкаюцца на чыста сельскагаспадарчай вытворчасці. Пад іх трапным прыцэлам па-ранейшаму знаходзіцца ўсё тая ж зямля-карміцелька, але ўжо з новым, высокаадукаваным і забяспечаным прадукцыйнай тэхнікай гаспадаром на ёй. Значыць, беларускім вёскам наканавана заставацца на трывалых рэйках, са сваім хараством і непаўторнасцю ў кожным асобным выпадку.

Мікола ЕРМАКОЎ, супрацоўнік “Белорусской нивы» 1973—2008 гадоў

НА ЗДЫМКУ: уласны карэспандэнт «Белорусской нивы» Мікалай ЕРМАКОЎ рыхтуе артыкул пра «Гомсельмаш».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter