Асцярожная істота

Краснапёрка — сапраўдная прыгажуня нашых вадаёмаў

Краснапёрка — сапраўдная прыгажуня нашых вадаёмаў

Пэўна, краснапёрка ведае сабе цану, таму і паводзіць сябе асцярожна. Асабліва калі ў вадзе мала расліннасці. А вось пры наяўнасці “вокнаў” прынясе шмат задавальнення аматарам жывой прыроды.

Прыплыве ў такое “акно”, застыне супраць плыні на глыбіні 15—20 сантыметраў — маўляў, любуйцеся, шаноўныя! А ледзь варухнешся на беразе ці ў лодцы — толькі яе і бачылі...

Так, загадкавая рыбка! Асцярожная, вёрткая. І не сказаць, каб рэдкая. Яе можна сустрэць усюды, дзе вада чыстая, празрыстая і спакойная. А гэта ўласціва залівам каля рэк, старыцам, невялікім крынічным азёрам.
Ловіцца яна пачынаючы з мая і па верасень. Значыць, цёплалюбівая. Мо таму і плаўнікі ў яе колеру распаленага да чырвані металу, ці гэта яе “падагравальнікі”?

А што ў прыгажуні ў “меню”? З вясны яна бярэцца на чарвяка. А ўвогуле краснапёрка — істота ўсёедная. І нажыўкі, і насадкі — усё ёй да смаку.

Лепшы спосаб лоўлі гэтай рыбы — паплавочная вуда, лёгкая, чуйная. Але не сказаў бы, што яна клюе, такое ўражанне, што тыкаецца ў тую насадку. Няўмелая падсечка — і рыба страчана. Няўмелае вываджванне — і вынік той жа. І потым, яна ж аціраецца каля раслін, і ледзь якая небяспека, імкне ў іх гушчу. Выцягваць краснапёрку трэба энергічна і разам з тым асцярожна. Затое як яна ўпрыгожвае ўлоў!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter