Мистер Биг заговорит по-белорусски “голосом наземного транспорта” - его озвучит Александр Крапиневич

Асцярожна, запіс пачынаецца

Навіна аб тым, што культавы серыял “Секс у вялікім горадзе” будзе перакладзены на беларускую мову, а на агучку персанажаў можа прэтэндаваць любы жадаючы, узарвала сацыяльныя сеткі. Арганізатары кастынгу атрымалі 417 заявак! У фінал конкурсу агучкі серыяла відэасэрвісу VOKA прайшлі 50 кандыдатаў. Ім трэба было не проста агучыць відэафрагмент з удзелам абранага персанажа, але і прадэманстраваць уменне падладжвацца пад “карцінку” на экране і характар свайго героя або гераіні. Сярод тых, хто найлепш справіўся з задачамі, — дыктар Аляксандр Крапіневіч. Гэта яго голас чуюць пасажыры наземнага транспарту падчас аб’яўлення прыпынкаў. Цяпер яго атрымае і Містар Біг з “Сексу ў вялікім горадзе”.

— Аляксандр, прызнавайцеся, чаму вас зацікавіў праект? Вы фанат серыяла?

— Я фанат прафесіі. Атрымліваю вялікае зада­валь­ненне ад агучкі. І вельмі шкадую, што ў нас няма нацыянальнага рынку дубляжу. У многіх краінах, да прыкладу, у суседніх Расіі і Украіне, усе сусветныя кінапрэм’еры дуб­ліруюцца на нацыянальнай мове. Агучка серыяла “Секс у вялікім горадзе”, дубліраванне фільмаў для “Беларускіх уік­эндаў” — выдатныя іні­цы­ятывы. Але нам трэба ісці далей. Нам патрэбна індустрыя, якая будзе займацца гэтым пастаянна, бу­дзе ўбудавана ў сусвет­ны графік прэм’ер, дасць магчымасць зарабіць акцёрам і дыктарам, пакіне нашчадкам вялікую філь­матэку з беларускамоўнымі стужкамі. Калі знойдуцца людзі з вялікімі грашыма, якія змогуць забяспечыць матэрыяльна-тэхнічную базу, з радасцю ўкладу туды ўсе свае веды і ўменні.

— Дубліраванне фільмаў — ваша мара?

— Можна сказаць і так. Даўно хацеў папрацаваць у гэтай сферы. Зусім нядаўна ездзіў у Маскву на тэма­тычны семінар. Пазнаёміўся з галасамі Анджэліны Джалі і Брэда Піта ў Расіі. Зразумеў, як гэта складана быць акцёрам дубляжу, але адначасова і цікава. Мая мара — стаць бе­ла­рускім голасам шатландскага акцёра Джэрарда Батлера, які сыграў у маім любімым фільме “300 спартанцаў”. А голас Батлера ў Расіі — Уладзімір Антонік — мой кумір. Акцёр зрабіў сябе сам. Паехаў са Слонімскага раёна ў Маскву, паступіў ва Усерасійскі дзяржаўны інстытут кі­нематаграфіі імя С.А. Герасімава, сы­граў у некалькіх дзясятках сту­жак і агучыў сотні фільмаў. Яго голасам у Расіі размаўляюць Сільвестр Сталонэ, Мэл Гібсан, Рычард Гір, Шон Бін, Ален Дэлон і многія іншыя. Шкадую, што ў свой час таксама не атрымаў прафесію акцёра.

— Але акцёрскі вопыт у вас усё ж такі ёсць?

— Яшчэ студэнтам іграў у КВЗ. А вучыўся, як ні дзіўна, у Пінскім тэхнікуме мяса-малочнай пра­мы­сло­васці. І ў гэтым выпадку я апраўдваюся жартам з КВЗ: “Колькі паэтаў, кампазітараў і акцё­раў далі нам тэхнічныя вузы! Але зваротны працэс немагчымы — яшчэ ні адзін гуманітарны вуз не выпусціў ні аднаго інжынера”. Той першы ак­цёрскі вопыт так захапіў, што, і працуючы інжынерам-тэх­но­ла­гам, бегаў у маладзёжны тэатр, а пасля і зусім пайшоў працаваць у гарадскі тэатр на прафесійнай аснове. У мяса-малочную прамысловасць больш не вяртаўся.

— А як і калі вы адкрылі ў сабе здольнасці дыктара?

— У маім родным Пінску адкрылася радыёстанцыя. Кінулі кліч да ўсіх творчых людзей: хто што можа, прыходзьце рабіце. А я не толькі іграў у тэатры, але і выступаў у музычнай групе, спяваў у рэстаранах. Ха­целася паспрабаваць сябе яшчэ ў нечым. Мне на радыё было так цікава, што прайшоў усе прафесіі: гукарэ­жы­сёр, сцэнарыст, дыктар. Зай­маў­ся маркетынгам, пра­соў­ван­нем радыёстанцыі. У выніку дайшоў да пасады праграмнага дырэкта­ра. Быў час — так захапіўся маркетынгам, што сышоў з радыё, уладкаваўся дырэктарам прадпрыемства па вытворчасці софта. Але ўжо праз месяц зразумеў, што гэта не маё — надта сумна і нудна. А тут мама з на­ві­най: “На АНТ адкрываюць радыё. Давай тэлефануй”. І вось я апынуўся ў Мінску. З жонкай, двумя дзецьмі, у маленькай здымнай кватэры. Але мяне не палохалі гэтыя змены. У мяне было шмат энтузіязму, смеласці, жадання працаваць. Напэўна, таму многае і атрымалася. Цяпер у мяне свая гука­запіс­ва­ючая студыя, займаюся вытвор­ча­сцю запатрабаванай аўдыяпрадукцыі для розных арганізацый.

— Аляксандр, раскажыце, а як вы сталі голасам сталічных аўтобусаў, тралейбусаў і трамваяў?

— Зусім выпадкова. Супрацоўнічаў з агенцтвам, якое размяшчае гукавую рэкламу ў транспарце. Аднойчы ска­за­лі: “Аўтапарк у нагрузку прыслаў прыпынкі, запішы, калі ласка”. Мне было няцяжка, запісаў. Калі ў гора­дзе вырашылі, што трэба пераагучыць усе аб’явы ў гарадскім наземным транспарце, і аб’явілі тэндар, у мяне была перавага перад іншымі кандыдатамі — я ўжо гу­чаў у транспарце. Так і стаў голасам аў­тобусаў, тралейбусаў і трамваяў. Прычым дамовіліся, што ў будучыні я не буду браць плату за агучку. Вырашыў для сябе, што такім чынам скажу “дзякуй” Мінску, які прыняў мяне як родна­га. Хутка пройдуць II Еўрапейскія гульні, стаіць пытанне звяртацца да жыхароў і гасцей горада на англійскай мове. Вось буду цяпер падцягваць мову.

— Каб так прыгожа гаварыць, як вы, напэўна, адных прыродных дадзеных мала. Вам шмат прыйшлося працаваць над тэхнікай і культурай маўлення?

— Вельмі шмат. Працягваю працаваць над гэтым кожны дзень. Езджу на семінары, вывучаю розныя методыкі, займаюся ў лепшага фаніатра краіны Святланы Натаравай. Праз яе прахо­дзяць усе нашы выканаўцы. Я хаджу да яе як дыктар.

— Як рэагуеце, калі чуеце свой голас у транспарце ці па радыё?

— Першы час было вельмі жудасна — быццам глядзіш у люстэрка і бачыш мноства не­да­хопаў, якія іншыя не заўважаюць. Але і карысна — пачаў старанна выпраўляць гэтыя недахопы, каб мог сябе слухаць.

— Голас — ваша прылада працы. Напэўна, і догляд за ­гэтай прыладай павінен быць пільны.

— Гігіена голасу — вельмі важна. Я не п’ю ха­лоднае. Нават любімую мінералку ўжываю, разбаўляючы кіпнем і дабаўляючы лімон. Вельмі дапамагае методыка ад фаніатра, якую я засвоіў. Штораніцы раблю комлекс дыхальных і глотачных практыкаванняў. А яшчэ вельмі дапамагае ёга. Рэкамендую ўсім, хто хоча звязаць сваю пра­фесію з голасам. Ёга ўключае не толькі комплекс дыхальных практыкаванняў, але і планкі, якія ро­бяць чалавека больш ўстойлівым, дазваляюць уключаць у працу апору голасу. І да таго ж ёга вельмі супакойвае. А да мікрафона ў стане напружання лепш не падыходзіць — нічога добрага не атрымаецца.

— Дыктар праводзіць дні адзін на адзін з мікра­фонам. Гэта адпавядае вашаму тэмпераменту?

— Адзін бок маёй асобы любіць адзі­ноту. Але другі — патрабуе публіч­насці. Мне хочацца ззяць, як зорка на небе. Вось і на гэтым тыдні выконваў ролю дзеда у пастаноўцы “Гуканне вясны” ў гімназіі № 16, дзе вучацца дочкі. Справіўся бліскуча!

— Дарэчы, Аляксандр, вы не толькі вядомы дыктар, але і клапатлівы сем’янін, і шматдзетны бацька. Заў­важаеце, што хтосьці з дзяцей можа пайсці па вашых слядах?

— Дзеці ўсе розныя. Данііл — спартсмен, студэнт Бе­ла­рускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай куль­туры, Мікіта — тэхнар, вучыцца на дызайнера ў Інстытуце сучасных ведаў імя А.М. Шырокава. Дочкі — школьніцы: старэйшая Ганна — вельмі творчая асоба са складаным характарам, сур’ёзна займаецца вакалам, самая малодшая дзесяцігадовая Каця таксама вельмі таленавітая, гуляе ў шахматы, вучыцца ў ІТ-акадэміі, танцуе, іграе на гітары. Усе дзеці ў свой час прайшлі праз студыю. Запісвалі іх дзіцячыя галасы. Але калі падраслі, у іх з’явіліся новыя захапленні. Цяпер толькі Каця можа завісаць з бацькам каля мікрафона.

ХТО ЯШЧЭ ПАДОРЫЦЬ СВОЙ ГОЛАС ПЕРСАНАЖАМ “СЕКСУ Ў ВЯЛІКІМ ГОРАДЗЕ” НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ:

• Таццяна Гладкая агучыць Кэры,

• Ганна Ліпай — Шарлоту,

• Алена Ледаховіч — Саманту,

• Алеся Ляўковіч — Міранду,

• Андрэй Ляшчынскі — Стэнфарда.

mila@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter