Пра апошні месяц восені і сезонную хандру

Асцярожна, лістапад!

Фото Garmoniazhizni.com
Ну нарэшце ён сыходзіць. А то ўжо сіл няма трываць.

Немагчыма. Надакучыла. Хопіць.

Гэта я пра лістапад. А вы пра што падумалі?

І чым, спытаеце, ён не дагадзіў?

Адкажу: нягледзячы на сваю гэткую прыгожую і нават паэтычную назву,  апошні месяц восені — самы дэпрэсіўны ў годзе. Гэта не я прыдумала. Так на поўным сур’ёзе сцвярджаюць псіхолагі. І з імі цяжка не пагадзіцца.

Не, вядома, лістапад — у сэнсе ападання з дрэў іх пышных шавялюр, прыемнага шоргату пад нагамі залатога лісця – пара выдатная. Сумная, як казаў класік, але – вачэй зачараванне. А што пасля? Дзень усё карацей, а надвор’е ўсё больш гідкае. Шэра, мокра, блякла. Дождж і слота. За вокнамі — цемра. І ўсё халадней вецер, і зіма ўжо на парозе. Вось-вось пасыпле першай снежнай крупкай.

Не натхняе гэты пануры пейзаж. Ну ніяк не натхняе. А вось усялякія невясёлыя думкі ў галаву лезуць. Пра лета з адпачынкам, які праляцеў, бы імгненне, і наступны вой як не хутка. Пра работу, графік якой усё такі ж напружаны і ніякіх патуранняў не абяцае. Пра навагоднія выхадныя, да якіх яшчэ та-а-к далёка. А не дай Бог, яшчэ і хранічныя балячкі пачнуць пра сябе нагадваць.

Увогуле, усё неяк брыдка — і звонку, і ўнутры. Падстаў для радасці амаль няма. І настрой усё больш змрочны.

Толькі не трэба мне раіць звярнуцца да доктара. Сезонная нуда-сумота перыядычна «з’ядае» не толькі ныцікаў, але і цалкам здаровых людзей.

Дык што ж рабіць, спадарства? Чым ратавацца? Як перамагчы восеньскую хандру, каб зноў адчуць радасць жыцця?

Пераходзім да спосабаў барацьбы. Дарэчы, у пачатку снежня яны таксама актуальныя. Першыя зімовыя тыдні нярэдка вельмі падобныя на лістападаўскія пахмурныя будні.

Першае — выходзім са змроку. Больш святла. Натуральнага і штучнага. А значыць, расшторваем у пакоях вокны днём, а вечарам максімальна задзейнічаем лямпы і свяцільні. Дададуць у доме ўтульнасці і свечкі.

Другое — ярчэйшы колер. Яго ўплыў на эмацыянальны стан чалавека вядомы здаўна. Егіпцяне і кітайцы, напрыклад, упэўнены ў тым, што колерам можна лячыць. Паводле іх вучэння, колер — гэта хвалевая энергія, а любая немач — парушэнне энергетычных вібрацый. Сузіранне якога-небудзь колеру гэтую дысгармонію ліквідуе. Паспяхова супрацьстаяць хандры дапамогуць чырвоны, жоўты, зялёны, фіялетавы і аранжавы.

Трэцяе — дрэннага надвор’я не бывае. Яно — не падстава зачыняцца ў сценах кватэры ці офіса. Так што  гуляем у любое надвор’е, вядома ж, калі яно не экстрэмальнае. Свежае паветра і змена абставін — тое, што патрэбна.

Чым яшчэ дапамагчы сабе, любімай? Наогул, спосабаў даволі многа, і даведацца пра іх няцяжка. Напрыклад, песціць сябе чорным шакаладам. У разумных межах, канечне. Какава спрыяе выпрацоўцы сератаніну — гармону добрага настрою. Можна завесці акварыум з рыбкамі. Дваццаць хвілін медытацыі перад водным царствам за шклом — і на змену хандры прыйдзе філасофскае ўспрыманне жыцця. Яшчэ прасцей — набыць квітнеючую гэтай парой хатнюю расліну і пачаць яе даглядаць, зараджаючыся аптымізмам:  кожны новы раскрыты бутон як пацвярджэнне: жыццё працягваецца.

Парады прыгожыя і душэўныя, канешне. Тое-сёе з іх спрабавала рабіць і я. Але прызнаюся шчыра: дапамагае не надта. Ці, можа, не надта старалася?

Таму і кажу: нарэшце ён заканчваецца.

Бывайце, хандра і лістапад!

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter